19 красавiка 2024, Пятніца, 11:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Rzeczpospolita: Рэжыму Пуціна засталося тры гады

18
Rzeczpospolita: Рэжыму Пуціна засталося тры гады

Да 2018 года расейскія валютныя рэзэрвы вычарпаюцца, а гэта пагражае рэжыму прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна сур'ёзнымі праблемамі.

Аб гэтым піша Rzeczpospolita, спасылаючыся на высновы аўстрыйскіх экспэртаў з Інстытута эканамічных даследаванняў у Вене. Яны прааналізавалі магчымыя рызыкі ад працягу вайны на ўсходзе Украіны, захавання санкцый ЕЗ і гандлёвай вайны з Расеяй у Еўропе, паведамляе ZN.ua.

Калі Крэмль будзе далей пільнавацца свайго агрэсіўнага курсу, то ЕЗ можа страціць да 100 мільярдаў даляраў экспартнага даходу. У 28 краінах аб'яднання можа адбыцца скарачэнне рынку працы. Найбольшыя страты панясе Нямеччына, страціўшы 465 тысяч працоўных месцаў, а таксама Польшча (335 тысяч), Італія (215 тысяч), Гішпанія (160 тысяч) і Францыя (145 тысяч працоўных месцаў). На думку экспэртаў, Варшава, Бэрлін і Хельсінкі праз гандлёвую вайны з Расеяй могуць страціць 1,6% сумы свайго экспарту. Эстоніі жа гэтая вайна каштавацьме 15,85% экспарту. Але для ажыццяўлення такога несуцяшальнага прагнозу патрэбныя гады. За некалькі месяцаў дзеяння санкцый ЕЗ не панясе страт.

"Цяжка прагназаваць страты для Еўропы. Шмат еўрапейскіх фірмаў, для якіх расейскі рынак быў ключавым, знайшлі пакупнікоў у іншых месцах", - патлумачыла аналітык лонданскага аналітычнага інстытута Capital Economics Ліза Ярмоленка.

Відавочна, што эканомікі Чэхіі, Польшчы і Вугоршчыны, якія былі моцна звязаныя з рынкам Расеі, працягнулі імклівае развіццё і выраслі на 3,5-4% за мінулы год. Нават экспарт забароненых у Расеі польскіх яблыкаў вырас на траціну дзякуючы продажу ў Нямеччыне, Украіне і Беларусі.

Тым часам, расейская эканоміка скарацілася ў другім квартале на 4,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. А падзенне УБП паскорылася у параўнанні з папярэднім кварталам. За ўсе 15 гадоў кіравання Пуцін ніколі не сутыкаўся з такім глыбокім крызісам. Найбольшую шкоду Расеі наносіць падзенне кошту нафты. На працягу года барэль страціў палову сваёй вартасці, а следам за ім упаў і расейскі рубель.

Санкцыі шкодзяць тым, што расейскія кампаніі не маюць доступу да сусветных рынкаў капіталу і не могуць рэкапіталізаваць пазыкі. Экспэрты Capital Economics мяркуюць, што Расея здолее весці эканамічную вайну супраць Захаду толькі тры гады. За гэты час яе валютныя рэзэрвы скончыцца і Крэмль не здалее за іх кошт кампенсаваць эканамічную ізаляцыю. Толькі за мінулы год расейскія валютныя запасы скараціліся з 500 мільярдаў да 360 мільярдаў даляраў. Таму час гуляе на карысць Еўропы і менавіта таму ў Радзе ЕЗ схільныя да ідэі працягу санкцый.

"Цэнтрабанк" таксама не зможа ўтрымліваць курс рубля ад яшчэ большага падзення, якое абавязкова працягнецца. Бо падзенне кошту нафты мае не часовы, а сістэмны характар. Амэрыканскія нафтавыя кампаніі дзякуючы тэхналогіі гідраразрыву павялічылі здабычу і перанасыцілі рынак на некалькі гадоў наперад.

"Расейскі УБП скарачаецца хутчэй, чым ва ўсякай іншай краіне ў свеце. Пры гэтым у Расеі дзейнічае непісаная дамоўленасць, паводле якой Пуцін атрымлівае абсалютную ўладу, а расейцы не мяшаюцца ў палітыку краіны наўзамен на сталае падвышэнне ўзроўню жыцця. Гэтая дамоўленасць пацерпіць крах. Гэта вельмі небяспечная сітуацыя для расейскага рэжыму", - патлумачыла Ярмоленка.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках