23 красавiка 2024, aўторак, 8:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Тарасюк: Калі б не Менскія пагадненні, Украіна даўно б вярнула Данбас

1
Барыс Тарасюк: Калі б не Менскія пагадненні, Украіна даўно б вярнула Данбас
Барыс Тарасюк

Менскія дамоўленасці сталі шырмай для прыкрыцця расейскай агрэсіі ва Украіне пры наўпроставым папушчальніцтве з боку дзяржаў Нармандскай чацвёркі.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў экс-міністр замежных спраў Украіны, народны дэпутат Вярхоўнай Рады ад партыі «Бацькаўшчына» Барыс Тарасюк.

- У сувязі са сталым парушэннем прарасейскімі баевікамі на ўсходзе Украіны мірных пагадненняў частка ўкраінскіх палітыкаў пільнуецца ідэі поўнай блакады Данбаса. Надоечы такую пазіцыю агучыў і экс-прэзідэнт Леанід Краўчук, прапанаваўшы адмовіцца ад зневажальных Менскіх пагадненняў, правесці мілітарызацыю лініі размежавання і спыніць усе стасункі з праблемным рэгіёнам. Наколькі, на вашу думку, можа быць апраўданай такая стратэгія?

- Перш за ўсё я хачу сказаць, што Леанід Краўчук выказаў сваё асабістае меркаванне, якое не з'яўляецца афіцыйнай пазіцыяй дзяржавы. Што да сутнасці гэтага меркавання, то існуе такі погляд сярод некаторых палітыкаў, але ён не падзяляецца большасцю парламента і кіраўніцтвам краіны.

Безгрунтоўнасць гэтага погляду ў тым, што найпрасцей аддаць тэрыторыю. Але я хачу сказаць, што мы не можам гаварыць аб акупаванай тэрыторыі, бо няма наўпроставага пацверджання, што гэтая тэрыторыя акупаваная толькі Расеяй. Гэтая тэрыторыя знаходзіцца па-за кантролем украінскай ўлады праз дзейнасць тэрарыстычных сепаратысцкіх груповак на Данбасе, якія падтрымліваюцца наймітамі з Расеі і рэгулярнымі войскамі Расейскай Федэрацыі.

Таму казаць пра чыста акупаваную тэрыторыю, як Абхазія ці Паўднёвая Асеція, мы не можам. Гаворка ідзе пра даволі складаную вайскова-палітычную сітуацыю, сутнасць якой палягае ў тым, што пры падтрымцы Расеі - рэгулярнымі войскамі і ўзбраеннем - мясцовыя сепаратысты і тэрарыстычныя арганізацыі ўтрымліваюць кантроль над часткай украінскай тэрыторыі.

- Калі поўная блакада не з'яўляецца выхадам, якой, на вашую думку, павінна быць афіцыйная лінія паводзін Украіны для вяртання кантролю над часткай Данецкай і Луганскай абласцей?

- Перш за ўсё мы павінны вызначыцца з дэфініцыяй. Калі мы сыходзімся ў вызначэнні дэфініцый, то тады можна шукаць развязання. Бо адсутнасць дэфініцый або ўвядзенне ў зман адводзіць у бок ад галоўнага пытання: як развязаць праблему?

Калі казаць пра дэфініцыі, то Данбас, або, як мы іх называем, «асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей», з'яўляюцца неад'емнай часткай Украіны. Гэтак жа, як і аўтаномная рэспубліка Крым.

Калі мы гэта прызнаем - можна ісці далей і адказаць на пытанне: хто ўчыніў акт агрэсіі? Адказ адназначны - Расея. Расея - агрэсар. Значыць мы павінны шукаць развязання гэтага канфлікту ў плоскасці супрацьстаяння дзяржаве-агрэсару - ці ў Радзе Бяспекі ААН, ці за яе межамі.

Рада бяспекі ААН не ў стане развязаць праблему праз права вета Расеі. Таму ў гэтай сітуацыі мы можам дзейнічаць паводле артыкула Статута ААН, які тычыцца адхілення ад галасавання сябра Рады бяспекі, у тым ліку і сталага, калі ён з'яўляецца стараной канфлікту.

Але Расея ўпарта адмаўляецца ад прызнання свайго ўдзелу ў канфлікце, працягваючы вешаць локшыну наконт таго, што яна не з'яўляецца зацікаўленай стараной. Калі б увесь свет націснуў і прымусіў Расею прызнаць сябе стараной канфлікту, то тады яна аўтаматычна пазбаўлялася б права вета.

Па-за Радай Бяспекі ААН ёсць два шляхі: палітыка-дыпламатычны і вайсковы.

Што да вайсковага шляху, то калі б не Менскія дамоўленасці, то ўкраінскія ўзброеныя сілы маглі б даўно развязаць гэтую праблему і аднавіць кантроль дзяржавы над сепаратысцкімі тэрыторыямі. Але праблема ў тым, што вядучыя сусветныя краіны, у тым ліку ЗША, Нямеччына, Францыя, стараюцца «схаваць галаву ў пясок» і зрабіць выгляд, што праблемы не існуе.

Менскія дамоўленасці былі б варыянтам, калі б яны выконваліся Расеяй і тэрарыстамі. Але яны і блізка не выконваюцца. Таму «менскі фармат» з'яўляецца бязвыхадным. Пры ўсім гэтым, ад Украіны патрабуюць іх выканання, асабліва палітычнай часткі, якая тычыцца ўнясення змяненняў у Канстытуцыю.

Але хачу нагадаць, што канстытуцыйная рэформа стаіць апошняй у спісе гэтых дамоўленасцей. А да гэтага - ёсць цэлы шэраг пунктаў, якія не выконваюцца расейскай стараной: гэта спыненне агню, адвод цяжкіх узбраенняў, вывад усіх незаконных узброеных фармаванняў, у тым ліку і расейскіх, аднаўленне кантролю над мяжой. Таму Менскія пагадненні - гэта шырма для прыкрыцця расейскай агрэсіі пры наўпроставым папушчальніцтве з боку дзяржаў Нармандскай чацвёркі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках