19 красавiка 2024, Пятніца, 1:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскі юрыст: Санкцыі ЗША працуюць у геаметрычнай прагрэсіі

3
Амерыканскі юрыст: Санкцыі ЗША працуюць у геаметрычнай прагрэсіі

Джын Берд, партнёр юрыдычнай фірмы AGG, якая працуе з кліентамі, што маюць бізнэс у Расеі, распавёў пра тое, да чаго прывядзе пашырэнне санкцый ЗША.

«Санкцыі працуюць у геаметрычнай прагрэсіі. У кожнай асобы, якая названая ў санкцыйных спісах, ёсць тысячы, калі не больш, розных дзелавых і фінансавых сувязяў. І ўяўляеце, усе арганізацыі, усе кампаніі, звязаныя з імі, тысячы гэтых кампаній, яны цяпер павінны будуць ці спыняць свае сувязі з гэтымі асобамі, ці думаць аб тым, якім чынам змяняць іх», - падкрэсліў юрыст у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі».

«Напрыклад, новы твар у гэтым спісе - Раман Ротэнберг. Ён - адзін з суўладальнікаў найбуйнейшага хакейнага стадыёна ў Фінляндыі. Акрамя гэтага, былі ўведзеныя санкцыі супраць фінансавай кампаніі, якая з'яўляецца ўладальнікам аднаго з найбуйнейшых чатырохзоркавых гатэляў у Фінляндыі. Уявіце цяпер, як гэтыя гатэлі , гэтыя стадыёны будуць апераваць без таго, каб прымаць карты Visa, American Express, MasterСard?» - адзначыў Берд.

З ягоных слоў, адна з мэтаў гэтага раўнда пашырэння спісу - гэта сінхранізаваць спісы з еўрапейцамі, бо на пэўных узроўнях еўрапейскія санкцыі былі мацнейшымі, прынамсі, распаўсюджваліся на большую колькасць чалавек, чым амерыканскія.

«Адзін з тых, хто ўжо даўно знаходзіцца ў спісе ЕЗ, але толькі што трапіў у амерыканскі спіс, былы кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Украіны Андрэй Клюеў, - адзначыў Берд. - Клюеў у свой час вельмі агрэсіўна лабіяваў як у Еўропе, так і ў ЗША. Ягоныя лабісты прыязджалі ў Злучаныя Штаты, спрабавалі сустракацца на самых высокіх узроўнях. Але, без сумневу, цяпер гэта стане немагчымым у прынцыпе праз санкцыі, бо кожная асоба, якая з ім асацыюецца, выяўляецца пад пагрозай».

Яшчэ адна мэта гэтага раўнда санкцый - уключэнне ў новы спіс кампаній, у дачыненні да якіх існавала пытанне, ці з'яўляюцца яны суб'ектамі санкцый, у сувязі са структурай іх валодання. Паводле амерыканскага заканадаўства, калі больш за 50% кампаніі валодае асоба, якая знаходзіцца пад санкцыямі, то і сама кампанія таксама знаходзіцца пад санкцыямі. У дачыненні да некаторых кампаній было незразумела, хто з'яўляецца бенефіцыярным уладальнікам, хто з'яўляецца сапраўдным уладальнікам. А гэты спіс дае ўжо дакладнае разуменне, прынамсі, у дачыненні да пэўных кампаній, ці з'яўляюцца яны кампаніямі, якія кантралююцца асобамі, якія знаходзяцца пад першапачатковымі санкцыямі.

Апошні раўнд санкцый таксама абмяжуе магчымасць міжнародным кампаніям абыходзіць ужо наяўныя санкцыі. Напрыклад, уключэнне ў спіс непасрэдна крымскіх партоў прымусіць усіх суднаўладальнікаў трымацца ад паўвыспы далей.

«Для таго, каб судна магло зайсці ў порт, яму патрэбная страхоўка. Порт не можа, паводле мараходных законаў, прыняць судна без страхоўкі. А гэтую страхоўку выдае вельмі нязначнае колькасць кампаній у свеце. «Перш за ўсё, гэта англійская «Лойд», «Цюрых», іншыя буйныя заходнія кампаніі, якія, натуральна аперуюць далярамі, яны звяртаюць увагу на тое, хто знаходзіцца ў спісе санкцый. Яны не будуць страхаваць судны, якая заходзяць у парты, якія знаходзяцца ў санкцыйных спісах», - сказаў Берд.

Таксама амерыканскае Мінфінансаў закручвае гайкі амерыканскім і іншым кампаніям, якія спрабуюць абысці раней уведзеныя санкцыі. Разам з прэс-рэлізам, які паведамляе аб пашырэнні санкцый, кампаніі атрымалі мемарандум аб тым, як гэтыя санкцыі выконваць. У ім гаворыцца, што Міністэрства фінансаў звярнула ўвагу, што ў многіх выпадках парушаецца тэхналогія перадачы банкаўскай інфармацыі праз сістэму SWIFT. Кампаніі хаваюць той факт, што грошы пераводзяцца на рахункі ў Крыме, проста не паказваючы геаграфічных назваў, якія могуць стаць сігналам для аўтаматычнай сістэмы фільтрацыі грашовых пераводаў, напрыклад, «Крым», «Ялта», «Сімферопаль» і да далей.

«Мемарандум фактычна загадвае ўсім асобам, якія вядуць бізнэс з Расеяй, прыкласці намаганні, каб вызначыць, трапляюць іх тавары ці паслугі ў Крым. Уявіце сабе, вы распрацоўваеце і пастаўляеце ў Расею камп'ютэрнае забеспячэнне, санкцыямі не забароненае. А цяпер вам трэба ўжо ў кантракце прадугледзець умовы, якія не дазволяць расейскім карыстачам выкарыстоўваць камп'ютэрнае забеспячэнне ў Крыме, каб іншыя вашы тавары туды не траплялі. Гэта дадатковыя праблемы для кампаній, якія вядуць бізнэс у Расеі. Натуральна, больш кампаній будуць задумвацца аб тым, а ці мае сэнс наогул весці там бізнэс», - тлумачыць Берд.

Юрыст паказвае на тое, што падрыхтоўка да ўключэння фізасобы або арганізацыі ў спіс патрабуе дбайнай праверкі і каардынацыі паміж многімі ўстановамі, а гэта адымае шмат часу. Аднак не выключана, што аб'яўленне гэтых санкцый менавіта цяпер звязанае як з дзеяннямі сепаратыстаў на ўсходзе Украіны, так і з паводзінамі Расеі ў Радзе бяспекі ААН.

Нагадаем, 30 ліпеня ЗША пашырылі санкцыйныя спісы на больш чым 20 фізічных і юрыдычных асоб, у сувязі з агрэсіяй Расеі ва Украіне і прысваеннем дзяржаўных сродкаў ва Украіне. У «чорны спіс» патрапіў і беларускі «Белзнешэканомбанк».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках