20 красавiка 2024, Субота, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністэрства фінансаў адмовілася ад ідэі ўводзіць акцызы на энэргетыкі

Міністэрства фінансаў адмовілася ад ідэі ўводзіць акцызы на энэргетыкі

У праекце закона прапаноўвалася ўвесці акцыз 7 тысяч рублёў за літр безалкагольных тонікаў.

У жніўні на сайце Міністэрства фінансаў на грамадскае абмеркаванне быў пададзены праект закона "Аб унясенні дадаткаў і змен у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь» на наступны год. Адна з новых нормаў прадугледжвала ўвядзенне акцызаў на энэргетыкі. Але ініцыятыва праіснавала менш за месяц. Цяпер ад яе пастанавілі адмовіцца, распавялі tut.by у Мінфіне.

«Міністэрства падаткаў і збораў прапанавала гэтую ініцыятыву, якую мы ўключылі ў праект змен Падатковага кодэкса. Але пасля падрабязнай прапрацоўкі гэтага пытання і абмеркавання з зацікаўленымі старанамі была прынятая пастанова аб выключэнні гэтай нормы з дакумента», - растлумачылі ў Міністэрстве фінансаў.

У праекце закона прапаноўвалася ўвесці акцыз 7 тысяч рублёў за літр безалкагольных тонікаў. Гэта нават больш за сабекошт вырабу прадукту. І дадатковыя выдаткі немінуча ляглі б на плечы спажыўцоў.

Паводле ацэнкі Асацыяцыі еўрапейскага бізнэсу ў Беларусі ад увядзення акцызу рынак энэргетыкаў у краіне скараціўся б 11-20%.

Гульцы рынка і ўвогуле называлі навацыю бессэнсоўнай. Па-першае, абмежаванняў на продаж энэргетыкаў няма практычна нідзе ў свеце. Па-другое, дзель танізавальных напояў у агульнай вытворчасці беларускіх заводаў складае толькі да 1%.

Экспэрты кажуць, што ад магчымага ўвядзення акцызаў і дзяржава, і вытворцы толькі страцяць грошы.

«Урад прыкладае даволі шмат намаганняў для таго, каб палепшыць інвестыцыйны клімат, спрасціць уваходжанне замежных кампаній на беларускі рынак. Але бізнэс найперш цікавіць стабільнасць, у тым ліку заканадаўства і падатковай палітыкі. Пры увядзенні акцыза ды іншых кроках кожны патэнцыйны інвестар разумее сітуацыю ў Беларусі як слаба прагназавальную. І інвестыцыйны вобраз краіны такімі дзеяннямі не паляпшаецца», - мяркуе першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі «Кока-Кола Бэўрыджыз Беларусь» Андрэй Рашчупкін.

Міністэрства падаткаў і збораў тлумачыла сваю ініцыятыву ўвядзення акцызу на энэргетыкі «неадназначным эфэктам танізавальных напояў на здароўе». Уся рэч у вялікім змесце кафеіну ў складзе энэргетыкаў. Але навуковых довадаў негатыўнага ўплыву прадукту на здароўе пададзена не было.

Даследаванні Сусветнай арганізацыі здароўя кажуць пра тое, што ўжыванне энэргетыкаў у дапушчальнай колькасці бяспечнае для здароўя. Каб справакаваць негатыўную рэакцыю кафеіну на арганізм, трэба выпіваць па 3-4 літры танізавальных напояў штодзень.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках