26 красавiка 2024, Пятніца, 1:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Ждановічаў засталіся без чыстай вады

15

Чыноўнікі паведамляюць, што жыхары павінныя за свой кошт усталёўваць фільтры.

Менскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі забараніў выкарыстанне вады з сістэмы гаспадарча-пітнога водазабеспячэння ўнітарнага прадпрыемства «Санаторый «Криница» ў пітных мэтах, пішуць «Белорусские новости».

Санаторый забяспечвае вадой жылыя дамы па вуліцах Паркавай, Палявой, Зарэчнай і Зялёнай у пасёлку Ждановічы пад Менскам. Гэта значыць, прыкладна траціна населенага пункта.

Згодна з лабараторным аналізам, пітная вада з крыніц цэнтралізаванага водазабеспячэння не адпавядае гігіенічным нормам паводле фізіка-хімічных паказчыкаў, мутнасці і зместу жалеза.

«Такая сітуацыя там ствараецца ўжо даўно. З крана перыядычна ідзе вада з утрыманнем жалеза вышэй за 1 мг на кубічны дэцыметр пры норме 0,3 мг/куб. дм і дапушчальным значэнні да 1 мг/куб. дм. Гэтыя паказчыкі маюць прыродны характар. Гэта значыць, вада з такім утрыманнем жалеза першапачаткова ідзе з ваданоснага гарызонту», - тлумачыць Яна Каруліна, якая выконвае абавязкі намесніка галоўнага ўрача Менскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Пры гэтым, паводле ейных слоў, негатыўны ўплыў жалеза на здароўе чалавека навукова не даказанае.

«Высокае ўтрыманне жалеза ўплывае на органалептычныя ўласцівасці вады. Дадаецца прысмак, каляровасць, мутнасць, жаўцізна. Натуральна, на такой вадзе не вельмі прыемна гатаваць. Але паводле мікрабіялагічных паказчыкаў, якія ўплываюць на бяспеку, вада ў Ждановічах з'яўляецца нармальнай», - адзначае спецыяліст.

Як паведамілі ў Менскім раённым выканаўчым камітэце, да 15 верасня мясцовыя ўлады павінны распрацаваць мерапрыемствы для таго, каб стан вады палепшыўся.

«Станцыю абезжалезвання ніхто не будзе будаваць, да горада нам не даюць магчымасці падлучыцца, таму будзем самі ўжо сваю сістэму будаваць, прыводзіць у парадак», - распавядае намеснік старшыні Менскага райвыканкама Ірына Савіцкая.

Калі дакладна з кранаў жыхароў Ждановіч пойдзе нармальная вада, яна сказаць не можа і прапануе людзям за свой кошт усталёўваць ачышчальныя сістэмы.

«Увесь Менск ставіць сабе фільтры. Яны ж не каштуюць пяць тысяч даляраў. Проста ў людзей цяпер спажывецкае стаўленне. Ім усё павінны. Але людзі павінны самі пра сябе паклапаціцца. Пара ўтрыманства скончылася. Людзям трошкі трэба пацярпець і зразумець. Пасля 15 верасня мы ўсім паведамім», - кажа Ірына Савіцкая.

Мясцовыя жыхары адчуваюць сябе пазбаўленымі права на чыстую ваду. Устаноўка фільтраў для іх - накладная справа.

Як распавядае жыхар Ждановічаў Уладзімір Станкевіч, утрыманне жалеза ў вадзе настолькі вялікае, што новы фільтр пад мыйку ўвесь становіцца цёмна-карычневага колеру менш чым за месяц, а каштуе ён блізу 60 даляраў.

«Яшчэ зусім нядаўна беларуская грамадскасць узбурана абмяркоўвала неадназначны дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» або так званы «закон аб дармаедстве». Да здзіўлення, дэкрэт меў шмат прыхільнікаў сярод нашых суграмадзян, хоць і не зычных было нямала. Але трэнд на памяншэнне дапамогі дзяржавы грамадзяніну, у тым ліку пры складаных жыццёвых абставінах, становіцца відавочным. Таму адмова дзяржавы ад забеспячэння грамадзян пітной вадой не здаецца такім ужо неверагодным фактам», - адзначае жыхар пасёлка Ждановічы.

Ён задаецца рытарычным пытаннем, якія абавязкі дзяржавы перад сваімі грамадзянамі стануць лішнімі ў наступны раз?

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках