Былы настаўнік прыбірае цыбулю пад Менскам за $6 у дзень
28- 29.08.2015, 8:37
- 14,474
Беспрацоўныя абавязаныя 2 дні ў месяц займацца «грамадска карыснай працай». Службы занятасці могуць накіроўваць іх і на працы ў полі.
Як праходзіць дзень звычайнага беларускага беспрацоўнага на ўборцы гародніны, карэспандэнты агенцтва «Менск-Навіны» даведаліся ў фермерскай гаспадарцы «Дружба ИК».
Месца сустрэчы - вул. Якуба Коласа, 69. Тут знаходзіцца міжраённы аддзел працаўладкавання «Першамайскі, Савецкі, Цэнтральны». Аўтобус адпраўляецца ў 8 раніцы. Нікога не чакаюць - трэба паспець да пачатку працоўнага дня.
- Усе мы тут - беспрацоўныя, - кажа інтэлігентнага выгляду мужчына, які рэкамендуецца Валерыем. - Прыехалі з усяго горада. Кожны з нас абавязаны два разы на месяц адпрацаваць на грамадскіх працах. У адваротным выпадку служба занятасці здыме нас з уліку і пазбавіць дапамогі (180 тыс. рублёў). Яшчэ падатак на дармаедства прыйдзецца заплаціць. Каб патрапіць на працы, запісваемся загадзя. Кірунак бярэм у аддзеле працаўладкавання паводле месца жыхарства.
Інтэлігент адпрацаваў у школе выкладчыкам малявання і чарчэння амаль 20 гадоў. Потым яго скарацілі. З тых часоў не можа працаўладкавацца.
Фермерская гаспадаркі «Дружба ИК» знаходзіцца ў 95 км ад Менска - недалёка ад Смалявічаў. Большасць спадарожнікаў - так званыя доўга непрацуючыя менчукі. Іх гісторыі тыповыя. Служба занятасці працаўладкоўвае беспрацоўных на працу, а яны не праходзяць выпрабавальны тэрмін, не затрымліваюцца на месцы больш за месяц. Напрыклад, Алена распавяла, як працавала дворнікам у ЖЭСе, а ёй не працягнулі кантракт. На працу не бяруць, таму ездзіць на грамадскія працы ўжо тры гады.
Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Дружба ИК» Уладзімір Крапіўка распавядае, што за дзень працаўнікі атрымліваюць 120 тыс. руб.
- Некаторыя думаюць, што ў нас халява, - адзначае ён. - Памыляюцца. У полі застаюцца тыя, хто хоча працаваць. Адзін чалавек, які ездзіць у гаспадарку, можа пракарміць усю сям'ю: акрамя заробку, даём гародніны столькі, колькі можа панесці працоўны. Красці не дазваляем.
Са слоў суразмоўцы, на працу да іх прыязджаюць адны і тыя ж людзі. У асноўным, беспрацоўныя. Пенсіянераў трохі - каля 20 адсоткаў, моладзі няма. Да працы прыступаюць прыкладна а 9.20 раніцы і працуюць да 16.30. Перапынак на абед - 30 хвілін.