19 красавiка 2024, Пятніца, 14:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыллёвае будаўніцтва: урад зрэзаў мільён «квадратаў»

12
Жыллёвае будаўніцтва: урад зрэзаў мільён «квадратаў»

Пастановай ад 30 чэрвеня скарэкціраваны запланаваны на 2015 год аб'ём уводу жылля.

Замест 5 млн кв. метраў цяпер у планах фігуруюць 4 млн. Цікава, што тэндэнцыя скарачэння аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва ў меншай ступені пакуль кранула Менск, хоць менавіта сталіцу «падціснулі» мацней за ўсё, пішуць «Беларускія навіны».

Прыярытэты - пад нож

Першапачаткова праграма жыллёвага будаўніцтва на 2015 год практычна цалкам дублявала папярэднюю. Паводле вынікаў 2014-га план 5 млн кв. метраў быў перавыкананы на 523 000, 2 500 000 «квадратаў» былі пабудаваны з дзяржпадтрымкай.

Адрозненні тычыліся аб'ёмаў уводу арэнднага жылля (іх меркавалася павялічыць удвая - да 460 тыс. кв. метраў), а таксама інвестыцый у выглядзе дзяржпадтрымкі будаўніцтва, уключаючы выдаткі на стварэнне інфраструктуры (іх аб'ём меркавалася павялічыць на 40% - да 26,3 трлн рублёў).

Ужо ў лютым міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны паведаміў аб карэкціроўцы жыллёвай праграмы.

«Пасля сітуацыі, якая склалася, у снежні-студзені, пралічылі магчымасці бюджэту і, каб, груба кажучы, не нарошчваць дэвальвацыю і не рабіць ніякіх непапулярных дзеянняў, вырашылі жыць па сродках», - так міністр растлумачыў прапановы ў першым квартале 2015 скараціць плануемы аб'ём уводу жылля з дзяржпадтрымкай прыкладна на мільён квадратных метраў.

Пры гэтым ён удакладніў, што мае на ўвазе будаўніцтва па ўжо адкрытых крэдытных лініях і ў сфармаваных кааператывах.

У выніку пад скарачэнне патрапілі квадратныя метры ва ўсіх абласцях: на 110-160 тысяч «квадратаў» у залежнасці ад рэгіёна. Прайшліся і па сталіцы: у Менску замест 900 000 кв. метраў жылля цяпер за год запланавана пабудаваць толькі 740 тысяч.

Больш чым удвая ўрад зменшыў апетыты, звязаныя з будаўніцтвам арэнднага жылля, якое апошнія гады абвешчанае прыярытэтам.

Так, замест 460 тыс. кв. метраў сродкі знойдзеныя толькі на 185,7 тыс. Скарачэнне закранула, перш за ўсё, Берасцейскую і Магілёўскую вобласць. Але самым масавым яно, як ні дзіўна, аказалася ў сталіцы: замест 147,6 тыс. кв. метраў арэнднага жылля тут цяпер плануецца ўзвесці толькі 33,6 тыс.

Фактычна праграма будаўніцтва арэндных дамоў у Менску згортваецца, фінансаваннем забяспечаны толькі дамы для навукоўцаў і педагагічных работнікаў (яны будуюцца ў жылым квартале «Магістр»), а таксама жыллё для супрацоўнікаў Купалаўскага тэатра.

На будаўніцтве арэнднага жылля вырашана істотна зэканоміць: агульны аб'ём яго фінансавання ў краіне на год паніжаны з 4,1 да 1,2 трлн. рублёў.

Яшчэ больш скарочаныя планы па ўзвядзенню гарадоў-спадарожнікаў: праграму іх будаўніцтва проста замарожваюць.

Так, калі ў першапачатковым плане праграмы фігуравалі тры горада-спадарожніка (Жабінка - для Берасця, Скідаль - для Горадні і Смалявічы - для Менска), то ў новай яе версіі насупраць слова «Смалявічы» стаіць прочырк. Гэта прытым, што канцэпцыю развіцця гарадоў-спадарожнікаў сталіцы, прынятую пад канец мінулага года мінулым жа складам урада, пакуль ніхто не скасоўваў. Хоць, паводле некаторай інфармацыі, цяпер рыхтуецца яе карэкціроўка.

Старшыня Менскага аблвыканкама Сямён Шапіра ў чэрвені заявіў аб тым, што Дзяржынск, Фаніпаль і Заслаўе будуць выключаныя са спісу патэнцыйных гарадоў-спадарожнікаў Менска, але пра Смалявічы нічога сказана не было. Будуць наогул зробленыя хоць нейкія намаганні па забудове гарадоў-спадарожнікаў - пакуль застаецца вялікай загадкай.

Інвестыцыі ў будаўніцтва плаўна прызямляюцца

Прычына скарачэння жыллёвай праграмы на 2015 год становіцца зразумелая пры вывучэнні звестак Белстата.

На першы погляд, з паказчыкам уводу ў эксплуатацыю новых квадратных метраў усё добра. За студзень-чэрвень у краіне ўведзена блізу 2 750 000 новых жылых метраў, прычым толькі за чэрвень - блізу 600 тыс. Здавалася б, навошта спатрэбілася карэктаваць аб'ёмы ўводу жылля, калі ў першым паўгоддзі ўдалося пабудаваць 55% ад яго першапачатковага гадавога аб'ёму, або 68,7% ад удакладненага задання?

Але пры больш уважлівым вывучэнні статыстыкі высвятляецца: усё гэта - дзякуючы зачыну, сфармаванаму ў папярэднія гады. Такі індыкатар як аб'ём інвестыцый у жыллёвае будаўніцтва ў чэрвені падпаў адмоўнай дынаміцы.

Калі ў студзені-траўні гэтага года інвестыцыі ў будаўніцтве склалі 16,6 трлн рублёў і выраслі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага на 8,4%, то за паўгоддзе яны знізіліся на 2,9%. Па скарачэнні інвестыцый лідзіруе сталіца - калі параўноўваць з першым паўгоддзем мінулага года, укладанні ў будаўніцтва ў Менску скарочаныя прыкладна на 29%.

Рост аб'ёму ўводу жылля ў першым паўгоддзі 2015-га склаў усяго 1,4%, хоць у першым квартале кожны месяц фіксаваліся рэкорды па адносінах да адпаведнага леташняга перыяду.

Забудоўшчыкі вымушаны ісці насустрач пакупнікам

«Некаторыя праекты зацягваюцца ўжо зараз, і не толькі па жыллі, якое будуецца з дзяржаўнай падтрымкай, - адзначыў у каментары для БелаПАН сябра савета Асацыяцыі забудоўшчыкаў аб'ектаў жыллёвага будаўніцтва, гендырэктар СТАА «Арэса-Сэрвіс» Сяргей Каранько. - Праз зніжэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва адзначаецца слабы попыт на кватэры ў новабудоўлях, значна менш угод праходзіць па новаму будаўніцтву».

Са слоў экспэрта, падзенне колькасці пакупак кватэр у новабудоўлях прыйшлося на люты, калі яшчэ далёка не ўсе забудоўшчыкі ішлі насустрач патэнцыйным пакупнікам. Цяпер яны шырока выкарыстоўваюць сістэму зніжак і кропкавых продажаў.

Сяргей Каранько адзначае, што праз зніжэнне попыту на жыллё на многіх аб'ектах падрадчыкі скарачаюць выдаткі: «Будаўнікі цяпер працуюць не ў тры змены і нават не ў дзве, а ў адну. Гэта стварае перадумовы для зрушэння тэрмінаў арэнды жылля».

Разам з тым суразмоўца пакуль не бачыць перадумоў для сур'ёзнага скарачэння аб'ёмаў будаўніцтва жылля ў Менску, нягледзячы на карэкціроўку ўрадавых планаў.

«Думаю, Менск усё роўна выйдзе на адзін мільён квадратных метраў жылля паводле вынікаў года, пачатых праектаў дастаткова», - мяркуе Сяргей Каранько.

Рыэлтары таксама пакуль не маюць звестак аб скарачэнні аб'ёмаў будаўніцтва ў горадзе, заяўленых камерцыйнымі забудоўшчыкамі, паведаміла кіраўнік падраздзялення «Новостройцэнтр» групы кампаній «Твая сталіца» Наталля Пічуха.

У першым паўгоддзі ў Менску патэнцыйным пакупнікам прапанаваліся кватэры ў больш чым 130 новабудоўлях.

«Некаторыя забудоўшчыкі праз зніжэнне попыту прыпынілі продаж, іншыя ўжо некалькі месяцаў рэалізуюць гатовыя кватэры коштам будоўлі. Але планы пакуль застаюцца ў сіле», - адзначае Наталля Пічуха.

Паводле звестак аналітыкаў групы кампаній «Твая сталіца», кошт квадратнага метра ў менскіх новабудоўлях за першае паўгоддзе 2015 у сярэднім знізіўся на 16%, а памер дысконту пры продажы кватэр дасягаў 100 даляраў за квадратны метр ад заяўленага кошта.

Паўтарэнне пройдзенага

Мяркуючы па звестках, што паступаюць з Саўміна, падганяючы аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва пад рэальныя эканамічныя ўмовы, ва ўрадзе больш клапоцяцца пра адчуванне падрадчыкаў і домабудаўнічых камбінатаў, чым пра забудоўшчыка.

«Калі ў дачыненні да найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў прынятыя меры, накіраваныя на стабілізацыю фінансава-эканамічнага стану, то ў дачыненні да падрадных арганізацый прапаноў у вырашэнні існуючых праблемных пытанняў пакуль няма», - прызнаў 15 ліпеня на пасяджэнні Саўміна прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Пазбягаючы канкрэтных лічбаў, ён заявіў пра «значную колькасці негатыўных тэндэнцый у будаўніцтве, якія сёлета пагаршаюцца».

Зрэшты, тое, што будаўнічы комплекс не пацягне ў 2015 годзе леташнія 5 млн кв. метраў жылля, можна было прадбачыць яшчэ паўгода таму. Гэта беларусы ўжо праходзілі: у постдэвальвацыйным 2012 аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва па факце скарачаліся прыкладна на 1 млн кв. метраў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках