20 красавiка 2024, Субота, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч: Еўразвяз спрыяе таму, каб Лукашэнка браў новых «закладнікаў»

4
Зміцер Дашкевіч: Еўразвяз спрыяе таму, каб Лукашэнка браў новых «закладнікаў»
Зміцер Дашкевіч

Зняцце санкцый з 24 беларускіх чыноўнікаў і суддзяў - бессаромны торг напярэдадні так званых «выбараў».

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў сустаршыня «Маладога фронту», былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.

- Сёння Еўразвяз зняў абмежавальныя санкцыі з 24 беларускіх чыноўнікаў і суддзяў, у тым ліку з тых, хто выносіў прысуды паводле палітычных спраў. Як вы пракаментуеце гэту пастанову?

- Я думаю, гэта адбываецца вельмі паказальны для сучасных еўрапейскіх палітыкаў торг намі ўсімі. Па вялікім рахунку, гэта іх выбар - еўрапейскіх, беларускіх і іншых чыноўнікаў. Я не прыхільнік думкі, што мы маем паўнамоцтвы ім паказваць, што рабіць, а чаго не рабіць.

Гэта іх справа: чыноўнікі Расеі вызначаюць, што для іх правільна, чыноўнікі Брусэля - што для іх. Я ўспрымаю іх аднолькава - што першыя, што другія. Проста самае смешнае ў гэтай сітуацыі - тое, што самі гэтыя людзі, еўрапейскія палітыкі, фармулявалі нейкія патрабаванні да беларускай улады, вылучалі нейкія ультыматумы Лукашэнку... А цяпер без бачных прычын «адкручваюць» усё назад.

Гэта проста бессаромны гандаль. Дзякуючы такім паводзінам палітыкаў, у народзе і існуе меркаванне, што палітыка - гэта брудная справа. Таму што людзі бачаць, калі сёння адно, а заўтра іншае - вось і фармуецца такое стаўленне да «палітыкаў».

- На вашу думку, гэта можа быць звязана з надыходзячымі «выбарамі» ў Беларусі?

- Натуральна. Хутчэй за ўсё, беларускі рэжым нешта вытаргаваў у Еўропы.

Некаторыя могуць выказаць меркаванне: ну і добра, што «вытаргавалі» - значыць, нешта палепшыцца ў нейкай сферы грамадска-палітычнага жыцця. Маўляў, Еўропа зрабіла крок насустрач і будзе чакаць такога ж кроку ад беларускага рэжыму.

Гэта было б так, калі б у Беларусі адбываліся нейкія структурныя рэформы. Але яны не могуць адбывацца. Мы гэта ўжо не ў першы раз назіраем. Усё ідзе ўжо трэці дзясятак гадоў па нейкім дзікім «зачараваным» коле. Крок туды - крок назад. Пасадзілі людзей, каб потым імі патаргаваць і выпрасіць крэдыты. За год да заканчэння тэрміну зняволення выпускаюць, каб атрымаць крэдыты - і садзяць потым новых.

Еўрапейскія палітыкі такімі сваімі ўчынкамі спрыяюць таму, каб Лукашэнка браў усё новых і новых закладнікаў. Нават калі за гэтых 24 чыноўнікаў ён заўтра вызваліць палітвязняў, ён будзе разумець: ёсць рычаг, дзякуючы якому ён можа набраць на «выбарах» новую партыю закладнікаў і потым прадаць іх.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках