20 красавiка 2024, Субота, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За дэбош у самалёце Ryanair беларусы заплацяць некалькі дзясяткаў тысяч еўраў

15
За дэбош у самалёце Ryanair беларусы заплацяць некалькі дзясяткаў тысяч еўраў

Муж і жонка пабіліся на борце, і капітан прыняў пастанову не ляцець у Гішпанію і вярнуцца ў Каўнас.

У крыві ў жанчыны - 2,64 праміле, гэта больш за бутэльку гарэлкі, паведамляе kp.by.

Лаўкост у гішпанскі Алікантэ вылецеў з літоўскага Каўнаса вечарам 1 жніўня. Аднак наблізіўшыся да мяжы з Польшчай, самалёт развярнуўся і паляцеў назад у Літву. На борце ў гэты час дэбашырылі пасажыры - п'яныя муж і жонка з Беларусі, з якімі ляцелі двое маленькіх дзяцей, скандалілі і біліся.

Перад прызямленнем самалёту давялося кружляць над аэрапортам, каб выпрацаваць паліва. Калі ж завадатараў скандалу высадзілі, самалёт дазаправіўся і ўсё-такі паляцеў у Алікантэ.

У паліцыі Каўнаса запісалі звесткі дэбашыраў...і адпусцілі.

- Дзе цяпер знаходзіцца гэтая сямейная пара і іх дзеці, мы не ведаем, - распавялі ў прэс-службе паліцыі Каўнаса. - Яны прабылі ў нас пару гадзін, але іх не арыштоўвалі.

- Як яны сябе паводзілі ў пастарунку?

- Мужчына 1977 года нараджэння і ягоная жонка 1981 года нараджэння адмаўляліся што-небудзь казаць, проста маўчалі. У мужчыны было знойдзена ў крыві 0,77 праміле алкаголю ў крыві, а ў ягонай жонкі - 2,64 праміле (гэта больш за бутэльку гарэлкі. - Рэд.). Літовец, які быў дастаўлены ў пастарунак паліцэйскімі разам са шлюбнай парай, таксама быў п'яны - 1,14 праміле.

- Так што ўсё-ткі адбылося на борце?

- Гэта быў канфлікт шлюбнай пары - яны крычалі, а потым пабіліся. Грамадзянін Літвы быў так злы, што самалёт вяртаецца назад, што таксама не стрымаў эмоцый. Цяпер з імі будзе разбірацца Адміністрацыя грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Дырэктар Адміністрацыі грамадзянскай авіяцыі Ёрыс Гінцілас упэўнены, гэта першы такі выпадак цягам апошніх дзесяці гадоў, і калі ўжо капітан прыняў пастанову развярнуць самалёт, значыць, канфлікт напраўду быў сур'ёзны і пагражаў бяспецы пасажыраў.

- Цяпер, хутчэй за ўсё, пасажырам прад'явяць штраф паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, - кажа Ёрыс Гінцілас

- Вялікі штраф?

- Некалькі сотняў еўраў. Такі штраф плацяць, напрыклад, за паленне ў самалёце, за тое, што не выконваеш указанні сцюардаў. Але штраф - гэта яшчэ не ўсё. Хутчэй за ўсё, авіякампанія выставіць дэбашырам пазоў на вялікую суму. І гэта не толькі выдаткі на паліва, зборы аэрапорта. Наколькі я ведаю, іншыя пасажыры гэтага рэйса выстаўляюць прэтэнзіі авіякампаніі праз тое, што не паспелі на перасадку на іншы самалёт. Усе гэтыя выдаткі ўжо будуць вялікія, некалькі дзясяткаў тысяч еўраў.

- З самалёта высадзілі не толькі беларускую сям'ю, але і літоўца, які абураўся тым, што самалёт развярнулі.

- Ну, таксама трапіў у гэтую кампанію. Хутчэй за ўсё, выдаткі будуць дзяліцца на траіх.

- Што яшчэ пагражае беларусам?

- Кожная авіякампанія сама вызначае, ці складаць чорныя спісы, ці забараняць куплю білетаў канкрэтным пасажырам. Магчыма, да беларусаў таксама будуць ужытыя візавыя санкцыі: напрыклад, візы будуць ануляваныя або ў наступны раз яны сутыкнуцца з цяжкасцямі пры атрыманні візаў.

- Калі вы вынесеце пастанову?

- Пра санкцыі можна будзе казаць недзе праз месяц. Аднак цяжка будзе знайсці людзей, калі яны ўжо вярнуліся ў Беларусь. Паводле літоўскіх законаў для складання пратаколу мы іх павінны выклікаць у Літву. Гэта зойме час. Магчыма, месяц-два.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках