24 красавiка 2024, Серада, 15:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Заклік кангрэсмэна вярнуць амбасадара не з'яўляецца пасланнем Вашынгтона

1
Раман Якаўлеўскі: Заклік кангрэсмэна вярнуць амбасадара не з'яўляецца пасланнем Вашынгтона
Раман Якаўлеўскі
ФОТА: TUT.BY

Прыезд амерыканскіх заканадаўцаў у Менск чымсьці падобны да нядаўняга візіту ў Крым іх французскіх калег, якія проста скарысталіся летнімі вакацыямі.

Навіна пра візіт кангрэсмэнаў ЗША ў Менск і сустрэча амерыканскіх заканадаўцаў з Лукашэнкам звалілася як снег на галаву. Не вядомы ні персанальны склад дэлегацыі, ні яе статус. Аднак заявы Лукашэнкі і амерыканскіх кангрэсмэнаў, безумоўна, наробяць шуму: беларускі правадыр прадэклараваў гатоўнасць да супрацоўніцтва з ЗША напоўніцу, а амерыканцы прапанавалі вярнуць у Беларусь амерыканскага амбасадара, піша «Беларуская праўда».

Нечаканы візіт амерыканцаў каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

- Беларусь зацікаўленая ў паўнавартасным супрацоўніцтве з ЗША, заявіў Лукашэнка на сустрэчы з амерыканскімі кангрэсмэнамі. Аб якім паўнавартасным супрацоўніцтве ідзе гаворка, калі ў Беларусі не адноўленая нават паўнавартасная праца амерыканскай амбасады?

- Калі пад Беларуссю разумець не толькі дзейную ўладу, але і грамадзян краіны, то іх большасць заўсёды вітала развіццё паўнавартаснага супрацоўніцтва з ЗША.

Нярэдка ў інтэрпрэтацыі ўлады такое імкненне такой большасці грамадзян называлі антыдзяржаўнымі паводзінамі дзеля ілжэдэмакратыі. І той гістарычны факт, што ў свой час амерыканская амбасада ў Менску была на мяжы закрыцця, шкодна ўздзейнічае на будучыню Беларусі і, асабліва, на яе маладое пакаленне.

Да прыкладу, для беларускіх грамадзян узніклі праблемы з атрыманнем амерыканскіх віз.

Варта таксама нагадаць і такую ініцыятыву афіцыйнага Менска, як разрыў супрацоўніцтва з ЗША ў такой важнай сферы, як ядзерная бяспека. Безумоўна, больш хуткае вяртанне да нармальнай дзейнасці амерыканскай амбасады стала б для грамадзян тым дабром, пераацаніць якое цяжка. Застаецца толькі зноў спадзявацца, што заяўленая Лукашэнкам зацікаўленасць у паўнавартасным супрацоўніцтве з ЗША не з'яўляецца звычайнай піярам напярэдадні восеньскіх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

- Праблем у дачыненнях паміж Беларуссю і ЗША менш, чым збліжальных чыннікаў, мяркуе Лукашэнка. Наколькі апраўданыя такія жыццесцвярджальныя заявы?

- Думаю, пасля гэтай сустрэчы розныя тлумачы слоў Лукашэнкі і нечакана прыязныя амерыканскія слухачы, якія з'явіліся ў Менску, раскажуць усім больш канкрэтна - пра якія праблемы і чыннікі ў дачыненнях паміж Беларуссю і ЗША ішла размова на сустрэчы.

- Візіт кангрэсмэнаў ЗША ў Менск не анансаваўся. Такі раптоўны прыезд амерыканскіх кангрэсмэнаў можна трактаваць як спецыяльную місію. Якое пасланне Вашынгтон мог зрабіць Лукашэнку падчас прэзідэнцкай кампаніі?

- Прыезд амерыканскіх заканадаўцаў у Менск у чымсьці падобны да нядаўняга візіту ў Крым іх французскіх калег. Застаецца незразумелым, наколькі гэтая група кангрэсмэнаў валодала паўнамоцтвамі прадстаўляць увесь Кангрэс ЗША. Наколькі вядома, французы ў Крыме апынуліся з уласнай ініцыятывы і проста скарысталіся сваімі летнімі вакацыямі.

Аднак, застаецца толькі вітаць заклік чальца Палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША Дана Рорабакера да Лукашэнкі вярнуць у Менск амбасадара ЗША. І гэта не варта ўспрымаць як пасланне Вашынгтона, дзе ёсць яшчэ і выканаўчая ўлада - Белы дом. Адтуль пакуль такіх заклікаў не чуваць.

Аднак, калі будзе пазітыўны адказ з Менска, то амбасадару яшчэ трэба будзе атрымаць агрэман. А гэта ўжо шмат у чым будзе залежаць ад зыходу задуманага ўладамі мерапрыемства 11 кастрычніка, якое называецца «прэзідэнцкімі выбарамі». І наконт іх ва ўсіх галінах улады ЗША існуе кансэнсус наконт недэмакратычных выбараў у Беларусі з вянком ў выглядзе спецзакона «Акт у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі», які ніхто не касаваў. А законы ў ЗША надзвычай шануюць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках