20 красавiка 2024, Субота, 16:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У некаторых ВНУ на дзённым не будзе першакурснікаў

13
У некаторых ВНУ на дзённым не будзе першакурснікаў

Цалкам выканаць план залучэння студэнтаў на платныя аддзяленні здалелі толькі медыцынскія ВНУ.

У Беларусі закончылася прыйманне на платнае навучанне ў ВНУ. У лепшым становішчы апынуліся тыя ВНУ, дзе быў высокі конкурс на бюджэт, пішуць «Беларускія навіны».

Першакурснікамі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта сталі студэнты-платнікі з вельмі высокімі баламі. Самы нізкі бал на лячэбным факультэце - 294, самы высокі - 330, а на стаматалагічным - 321 і 371 адпаведна.

Цалкам набралі на платнае аддзяленне студэнтаў у Віцебскім, Гарадзенскім і Гомельскім медуніверсітэце. Праўда, праходныя балы ў рэгіянальных ВНУ былі крыху меншыя, чым у сталіцы. Ва ўсіх медыцынскіх ВНУ на платныя аддзяленні быў конкурс.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце на большасці спецыяльнасцяў на платнае навучанне таксама склаўся конкурс, паведаміў намеснік адказнага сакратара прыймовай камісіі Вячаслаў Малафееў.

На спецыяльнасць «міжнародныя стасункі», «міжнароднае права» паступілі некалькі абітурыентаў-платнікаў з баламі ад 371 да 380.

На спецыяльнасць "мэнэджмэнт" эканамічнага факультэта было пададзена 280 заяў на 192 месцы. Праўда, у конкурсе ўдзельнічалі 204 чалавекі, бо некаторыя абітурыенты заявы забралі. Праходнымі сталіся сумы ад 179 балаў.

Сярод прыродазнаўчых спецыяльнасцяў самы высокі праходны бал на 15 гадзін 2 жніўня быў на спецыяльнасць «хімія лекавых злучэнняў» - 279.

У выніку ў БДУ план прыймання на дзённае платнае аддзяленне выкананы на 97% (не выстарчыла студэнтаў толькі на скарочаную форму навучання), на завочнае - на 87%.

«Сёлета набор абітурыентаў на платную форму навучання прайшоў значна лепш, чым летась, калі на дзённую форму было набрана 78%, а на завочную - 56% ад плана», - сказаў Вячаслаў Малафееў.

Прыкладна на 90% закрылі набор на платнае аддзяленне ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, паведаміў адказны сакратар прыймовай камісіі Сяргей Івашчанка.

«Для мяне добра - 100%. На нейкія спецыяльнасці адбыўся набор, а на нейкія не. Запатрабаванымі былі эканоміка і архітэктура. Цяжэй было запоўніць тэхнічныя спецыяльнасці», - адзначыў прадстаўнік БНТУ.

У Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце конкурс на платнае аддзяленне быў на факультэце міжкультурных камунікацый - як на асноўным прыйманні, так і на скарочаны тэрмін атрымання адукацыі. Праходны бал на спецыяльнасць «ангельская мова і другая замежная мова са спецыялізацыяй» склаў 245 (на бюджэце было 362), а на скарочаны варыянт - 202 (253). У ВНУ засталося некалькі платных месцаў на скарочанай форме атрымання адукацыі.

Як ні дзіўна, у некаторых дзяржаўных ВНУ, дзе не змаглі цалкам набраць студэнтаў на бюджэт, знайшліся ахвочыя вучыцца платна. Напрыклад, у Мазырскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Шамякіна, дзе на бюджэце засталіся незапоўненымі 9 месцаў, паступілі 146 першакурснікаў на платнае навучанне (план быў 180). Праўда, з іх толькі 32 чалавекі будуць вучыцца на дзённым, астатнія на завочным.

Завочнае навучанне з'явілася выратавальным колам для прыватных ВНУ.

Напрыклад, Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва набраў блізу 200 студэнтаў, з якіх ніводнага на дзённую форму атрымання адукацыі. «У мінулым годзе першакурснікі на дзённым былі, у гэтым не будзе», - сказалі ў прыймовай камісіі ВНУ.

Мяркуючы з інфармацыі аб прыйманні дакументаў у Прыватны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва, на дзённую форму атрымання адукацыі паступіла толькі 28 чалавек - 14 на правазнаўства і яшчэ 14 на эканоміку і кіраванне на прадпрыемстве. На завочнае навучанне падалі дакументы 108 абітурыентаў, а на вечаровае - 24. Агулам ВНУ набрала 160 студэнтаў з планам 570 чалавек.

Менскі інавацыйны ўніверсітэт (былы Менскі інстытут кіравання) з'яўляецца выняткам сярод прыватных ВНУ - тут менш завочнікаў, чым навучаюцца на дзённым. Сёлета на першы курс набралі 189 чалавек на дзённае навучанне і 160 на завочнае.

Акрамя таго, 158 чалавек пачнуць навучанне на другім і трэцім курсе. Яны будуць атрымліваць альбо другую вышэйшую адукацыю, альбо навучацца паводле скарочанай праграмы пасля заканчэння каледжа. Такім чынам, студэнтамі універсітэта стала крыху больш за 500 чалавек.

Сяголета ўніверсітэт мог набраць дзве тысячы чалавек - такі план прыймання ўзгадніла Мінадукацыі. Заснавальнік і рэктар ВНУ прафесар Мікалай Суша яшчэ ў чэрвені казаў, што, мусібыць, гэты план выканаць не выпадзе, «бо няма абітурыентаў». Так і выйшла.

Адзначым, што платнікі па-ранейшаму складаюць большасць сярод беларускіх студэнтаў. Што да кошту навучання, то шмат якія ВНУ ўжо павялічылі тарыфы на свае паслугі. Цяпер год навучання на дзённым навучанні каштуе ў Беларусі ад 15 да 26 млн рублёў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках