20 красавiка 2024, Субота, 17:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак: Справы зніклых трэба перакваліфікаваць на злачынствы супраць бяспекі чалавецтва

30
Алег Воўчак: Справы зніклых трэба перакваліфікаваць на злачынствы супраць бяспекі чалавецтва

Тэрміну даўнасці такіх злачынстваў няма.

У Міжнародны дзень зніклых людзей праваабаронца, былы следчы пракуратуры Алег Воўчак адказаў на пытанні "Радыё Свабода" што да сітуацыі з расследаваннем спраў зніклых апазіцыянераў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага.

- У якім стане цяпер знаходзяцца справы аб зніклых апазіцыянерах, можа яны зусім закрытыя?

- Справы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага падоўжаныя чарговы раз да 25 верасня 2015 года, справа Завадзкага была прыпыненая ў сувязі з вышукам нявысветленых асоб, але фармальна і яна не закрытая.

- Гэта значыць фармальна справы вядуцца. А як вы ацэньваеце рэальнае становішча?

- А рэальнасць такая, што даўно трэба было вылучаць абвінавачванні вышэйшым службовым асобам, якія датычныя да гэтых знікненняў. Накіроўваць справы ў суд, і няхай суд вызначаецца з тым, вінаватыя яны ці не. Следству ўжо шмат разоў накіроўвалі матэрыялы, пэўна паказвалі на магчымых злачынцаў. У 2001 годзе гэта рабіў кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Ганчарык, які даслаў у пракуратуру пэўныя матэрыялы і прапаноўваў альбо прыцягваць да адказнасці, альбо спыняць справы і шукаць іншых вінаватых, калі гэта не Шэйман, не Навумаў, не Паўлічэнка, не Сівакоў. Але нічога не было зроблена. Пасля гэтага быў даклад Хрыстаса Пургурыдэса з Рады Еўропы, прафесійнага адваката, які вельмі прафесійна зрабіў сваё заключэнне ў гэтых справах. Але зноў ніякага выніку. Таму сёння ў асноўным усім зразумела, што справы расследаваныя, але ім не даюць руху. Бо не проста ж, не без прычыны ў 2001 годзе прыбралі з пасады былога генпракурора Бажэлку і былога старшыню КДБ Мацкевіча, адначасова вызваліўшы з турмы КДБ Паўлічэнку? Таму цяпер усё ў руках следчых са Следчага камітэта - яны нясуць персанальную адказнасць за гэтыя справы.

- Што вядома аб тым, хто цяпер расследуе справы зніклых?

- Ужо некалькі гадоў запар справы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага расследуе следчы Вараўка, начальнік аддзела ў Следчым камітэце. Мець зносіны з ім, акрамя як праз тэлефон, не даводзілася. Калі размаўлялі, прапаноўваў яму сустрэцца, абмеркаваць сітуацыю, што столькі гадоў следства нічога новага не паведамляе, сваякі непакояцца, грамадскасць турбуецца, але ён адказаў, што няма патрэбы.

- Вас прызналі прадстаўніком сям'і Юрыя Захаранкі, прынамсі, ягонай маці Ульяны Рыгораўны, якую следства ўважае за пацярпелую. Якія новыя крокі збіраецеся распачаць, каб актывізаваць следства?

- Як у справе аб забойстве Барыса Нямцова абарона прапануе перакваліфікаваць справу з улікам таго, што ён займаўся грамадскай дзейнасцю і раней займаў значную пасаду, так і мы паспрабуем зноў дамагчыся перакваліфікацыі. Юры Захаранка і Віктар Ганчар не былі радавымі асобамі, а вядомымі палітыкамі і дзяржаўнымі дзеячамі: Юры Захаранка - міністрам унутраных спраў, а Віктар Ганчар - віцэ-спікерам парламента. Перакананы, што іх нявысветленыя лёсы наўпрост звязаныя з іх грамадскай дзейнасцю і таму будзем звяртацца, каб іх справы перакваліфікавалі паводле 128 артыкулу Крымінальнага кодэксу - гэта злачынства супраць бяспекі чалавецтва, па якіх няма тэрміну даўнасці. Мяркую, нам адмовяць, але саступаць не будзем.

- Уражанне, што грамадства забывае пра праблему зніклых палітыкаў. Чаму, на вашу думку, так адбываецца?

- Глядзіце, з вуснаў толькі 2-3 чалавек у апазіцыі і праваабаронцаў гэтая тэма яшчэ прадаўжае гучаць, астатнія неяк забыліся, што ў нас ёсць зніклыя апазіцыйныя лідары. Праблема нават ужо амаль не згадваецца і ў якасці абавязковай умовы для дыялогу Менска з Еўразвязам. Вось у Брусэлі ў ліпені адбылася першая сустрэча ў рамках дыялогу правоў чалавека з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Да гэтага дыялогу я накіраваў прапановы адносна развязання праблемы зніклых, у тым ліку прапанаваў запатрабаваць у беларускага ўрада справаздачу аб выніках расследавання, якое доўжыцца ўжо 16 гадоў. Наколькі мне вядома, еўрапейцы чакаюць ад беларускага боку адказаў на наступнай сустрэчы, якая адбудзецца аж праз год. Красамоўна.

- Ці гучыць тэма зніклых падчас цяперашняй выбарчай кампаніі?

- На жаль, вельмі слаба. Нібыта былі, умоўна кажучы, прынцыповыя кандыдаты ў прэзідэнты, але ні адзін з іх пытанне зніклых рубам не паставіў. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 году гэтую тэму вельмі актыўна прасоўваў Уладзімір Ганчарык, у 2006 годзе - Аляксандр Казулін, у 2010 годзе Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч на гэтым засяроджвалі ўвагу, а ў гэтую кампанію пра зніклых яшчэ ніхто не сказаў. Нядзіўна, што новыя дыпламаты, якія прыязджаюць да нас з Еўропы, амаль не ведаюць аб гэтай праблеме, іх даводзіцца «адукоўваць» на гэты конт. Цяпер некаторыя вельмі рады, што раз вызвалілі палітвязняў, то могуць хутка зняць і санкцыі. Але нагадаю, што першыя санкцыі былі накладзеныя на беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў менавіта праз зніклых палітыкаў, таму, на маю думку, казаць, што санкцыі настаў час здымаць - рана.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках