26 красавiка 2024, Пятніца, 0:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Дзядок: Ніякіх ілюзій аб «дэмакратызацыі» Лукашэнкі мець нельга

4
Мікалай Дзядок: Ніякіх ілюзій аб «дэмакратызацыі» Лукашэнкі мець нельга

Дыктатура будзе развівацца толькі па пад’ёмнай і ісці да ўзмацнення жорсткасці рэпрэсій.

Былы палітвязень Мікалай Дзядок распавёў пра небяспеку рускага шавінізму, аб недасканаласці інстытута прэзідэнцтва, а таксама пра сапраўдны анархізм у інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат».

- Аляксандру Лукашэнку спаўняецца 61 год. Хацелі б павіншаваць?

- Не, віншаваць яго я не хачу. Ён мне ні сябра, ні брат, ні сват, і нічога з таго, што ён робіць апошнія 20 гадоў мне не падабаецца.

- «Міратворчая» роля ў сітуацыі ва Украіне, вызваленне палітвязняў, магчымае скасаванне санкцый, парад інтэрв'ю недзяржаўным (і замежным) СМІ, магчымы візіт на саміт ААН у Нью-Ёрк - Лукашэнка стаіць на шляху легітымізацыі свайго рэжыму ў вачах Захаду?

- Сапраўды, легітымізацыя не выключаная. Тым больш, у нейкай меры гэта будзе выгадна і для Еўропы, але сутнасць гэтага рэжыму пры Лукашэнку не зменіцца ніколі. Дыктатура будзе развівацца толькі па пад’ёмнай, будзе ісці толькі да ўзмацнення жорсткасці, а ніяк не да змякчэння. Ніякіх ілюзій што да дэмакратызацыі рэжыму мець нельга. Замежная легітымізацыі ад Захаду на фоне пагаршэння іх стасункаў з Расеяй магчымая - рэжым Лукашэнкі будзе глядзецца трохі лепш на фоне пуцінскага рэжыму.

- Нядаўна Вы сказалі: «Як ні дзіўна, у турме я стаў больш любіць людзей». Вы даравалі тым канкрэтным людзям, суддзям і следчым, якія Вас прысудзілі?

- Так, па-чалавечы я ім дараваў. Хоць я не здымаю з іх адказнасці за ўсё, што яны зрабілі. Я па-ранейшаму ўважаю іх за нізкіх і подлых людзей, але нейкай асаблівай нянавісці на іх унутры я не трымаю.

- Пытанне да Вас, як да анархіста. У галовах простых абывацеляў анархізм асацыюецца з беспарадкамі, пагромамі, злачынцамі. Што такое анархізм?

- Анархізм - гэта дабро і справядлівасць. На практыцы - гэта прамое дзеянне ўсіх працоўных, прыгнечаных для дасягнення лепшага і больш справядлівага свету. У першую чаргу, СМІ вінаватыя ў тым, што сфармаваўся такі вобраз анархізму, як нейкага хаосу і беспарадку. Анархісты ва ўсім свеце робяць вельмі шмат пазітыўных і стваральных акцый: дапамога бяздольным, адукацыйныя праекты, дапамога мігрантам, культурныя акцыі. Але праз тэлевізары пачынаюць паказваць анархістаў толькі тады, калі яны возьмуць палкі, і каго-небудзь паб'юць. Радыкальныя і гвалтоўныя акцыі - невялікая частка ад агульных дзеянняў анархісцкага руху. СМІ прадузята да нас ставіцца, бо яны звычайна належаць уладным людзям, палітычнай эліце, якая не зацікаўленая ў тым, каб прыгнечаныя атрымлівалі больш правоў і мелі поспех у барацьбе за свае правы.

- Чым тады анархізм адрозніваецца ад іншых палітычных сілаў, якія таксама «за дабро і справядлівасць»?

- Адрозненне ў тым, што мы не плануем займацца касметычным рамонтам гэтай сістэмы. Мы бачым, што ўсе змены, якія хочуць зрабіць ліберальныя або сацыял-дэмакратычныя сілы, яны ўсе носяць касметычны характар. Яны не змяняюць мэты і сутнасці сістэмы, а толькі трохі яе «падлатваюць» у розных месцах. А сістэма як чыніла зло, гвалт і сацыяльную несправядлівасць, так і працягвае. Мы глядзім у корань зла - іерархічныя стасункі паміж людзьмі (улада чалавека над чалавекам), існаванне бюракратычнай машыны, капіталізму, які прадугледжвае эксплуатацыю адных людзей іншымі. Мы хочам вырваць несправядлівасці з коранем. Анархізм - адзіная ідэя, якая прапануе комплекснае і ўсебаковае развязанне праблемы няроўнасці, гвалту, войнаў і ўсяго іншага.

- Пра акцыю руху «Пошуг». Ідзе па Менску ні ў чым не вінаваты чалавек у майцы з надпісам «Я рускі», да яго падскокваюць агрэсіўныя людзі ў масках, мацюкаюцца, затрымліваюць яго, і прылюдна здзіраюць надпіс з адзення, называючы сябе пры гэтым этна-анархістамі. Гэта анархізм ці прыніжэнне чалавечай годнасці?

- Такія майкі ў асноўным носяць рускія нацыяналісты і нацысты, што не прызнаюць існаванне беларусаў, пагардліва ставяцца да беларускай мовы, культуры. Тут яны выступаюць у якасці культурна-нацыянальных агрэсараў. Нічога не маю супраць таго, каб гэтых людзей ставілі на месца, і вучылі усімі магчымымі метадамі.

- А калі беларус у вышымайцы з'явіцца ў Маскве?

- Я не ведаю, як будуць рабіць у Маскве, тым больш, ва ўмовах шавіністычнай істэрыі сёння ў Расеі. Трэба змагацца з шавіністамі і імперыялістамі, якія ставяць сваёй мэтай прыніжэнне людзей паводле нацыянальнага, этнічнага ці рэлігійнага прынцыпу. Асабіста я дапускаю і радыкальныя метады барацьбы з імі, бо гэтыя людзі небяспечныя для навакольных. Яны сеюць міжнацыянальную варожасць у грамадстве.

- «Адзіны» кандыдат Статкевіч, байкот, хто-небудзь з прэтэндэнтаў - Ваша сімпатыя у перадвыбарчай кампаніі?..

- Не толькі гэтыя, але і любыя прэзідэнцкія выбары агулам мае сэнс байкатаваць. Інстытут прэзідэнцтва сам па сабе не з'яўляецца дэмакратычным - адзін чалавек не можа нічога пастанавіць за некалькі мільёнаў іншых. Гэта прафанацыя дэмакратыі, а не дэмакратыя. Усе гэтыя выбары пазбаўленыя сэнсу - перамагае той, у каго больш адміністрацыйнага і матэрыяльнага рэсурсу. У Беларусі ж гэта наогул скацілася на ўзровень нейкага смешнага і дзяжурнага мерапрыемствы.

- Нядаўна Вы сказалі, што не бачыце «пратэстнай актыўнасці і грамадзянскага ўздыму, але ў любую хвіліну ўсё можа змяніцца». Ёсць і падатак на дармаедства, і складаная сітуацыя ў эканоміцы, і абмежаванні разнастайных неад'емных правоў чалавека - што яшчэ павінна здарыцца, каб «усё змянілася»?

- У большасці выпадкаў спускавым кручком для народных бунтаў і паўстанняў з'яўляецца сур'ёзнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Калі б французы ці італьянцы патрапілі ў тую ж эканамічную сітуацыю, пад такі ж адміністрацыйны ціск, яны б ужо даўным-даўно паўсталі і пачалі радыкальную барацьбу. У сілу шэрагу гістарычных умоў беларусы гэтага цяпер не робяць. Але цярпенне народа не бязмежнае. Калі ў Беларусі пачнуцца масавыя пратэсты, удакладняю, калі спускавым кручком стане сур'ёзнае пагаршэнне матэрыяльнага становішча, ці нейкі акт паліцэйскага бязмежжа, або масавы ўсплёск адміністрацыйнага або паліцэйскага гвалту. Гэта можа быць проста неасцярожны крок улады, якая трошачкі перагне палку ў ціску і гвалце. Але ў любым выпадку, усё гэта будзе адбывацца на фоне падзення заробкаў і росту коштаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках