29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Times западозрыла Пуціна ў ценявых угодах з нерухомасцю ў Гішпаніі

5
Times западозрыла Пуціна ў ценявых угодах з нерухомасцю ў Гішпаніі
Фота: EPA

Прэзідэнт Расеі мог быць датычны да куплі дома на міжземнаморскім узбярэжжы, піша газета.

"Пуцін звязаны з падазронымі ўгодамі з нерухомасцю ў Гішпаніі", - абвяшчае загаловак артыкула брытанскага выдання Times, апублікаванага ў панядзелак.

Паводле звестак выдання, з'явілася новая інфармацыя, згодна з якой прэзідэнт Расеі мог быць датычны да куплі дома на міжземнаморскім узбярэжжы. У 2008 годзе гішпанская паліцыя праверыла жыллё Генадзя Пятрова - меркаванага боса адной з найбуйнейшых расейскіх злачынных груповак, піша "Карэспандэнт".

Падчас ператрусу ў Пятрова, піша Times, былі канфіскаваныя дакументы, у якіх гаварылася, што ён браў ад імя прэзідэнта Расеі ўдзел у куплі нерухомасці ў Малазе.

"Сеньёр Пуцін, зямля ў Малазе, расейскі надзел або расейская гарадская забудова. Зямля не набытая. Кіраўніцтва справамі прэзідэнта", - такі рукапісны надпіс на гішпанскай мове, датаваны 2001 годам, значыўся, па сцвярджэнні выдання, на адным з канфіскаваных дакументаў.

"Як гаворыцца ў абвінаваўчым акце, апублікаваным гішпанскімі пракурорамі ў траўні гэтага года, некаторыя высокапастаўленыя палітычныя хаўруснікі Пуціна былі звязаныя з крымінальнай імперыяй Пятрова", - прадаўжае Times.

Акрамя таго, як высветліла газета, у следчых ёсць запіс перамоваў двух чальцоў злачыннай групоўкі Пятрова. Тэлефонная размова адбылася ў 2007 годзе паміж нейкімі Віктарам Гаўрыленкавым і Маратам Палянскім, якія абмяркоўвалі стварэнне падстаўной фірмы ў Гішпаніі для адмывання злачынных грошай.

"Палянскі спытаў Гаўрыленкава, дзе можна спыніцца. Той яму адказаў: "Ёсць куча гасцініц у Алікантэ, і дом Пуціна ў Тарэв’есе таксама не занадта далёка", - распавядае Times. Як тлумачыць выданне, мястэчка Тарэв’еха знаходзіцца на Коста-Бланка.

Гішпанская пракуратура, нагадвае Times, "мае намер выставіць абвінавачванні 27 асобам, якiя праходзяць паводле справы, уключаючы высокапастаўленага чальца расейскай кіроўнай партыі, у махлярстве, адмыванні грошай і іншых злачынствах".

У абвінаваўчым заключэнні згадваюцца таксама, хоць ніякіх абвінавачванняў у іх адрас не выстаўляецца, старшыня праўлення Газпрома і былы кіраўнік урада Віктар Зубкоў, намеснік прэм'ер-міністра Расеі, два былыя міністры і кіраўнік магутнага Следчага камітэта, піша газета.

"Пятроў, як мяркуецца, выкарыстаў свой уплыў, каб дапамагчы саўдзельнікам заняць ключавыя пасады ў расейскай палітыцы і праваахоўных органах у абмен на актывы ў Гішпаніі", - дадае Times.

Віктара Зубкова гішпанскія пракуроры, як піша выданне, называюць сярод тых, хто "апекаваў арганізацыю Пятрова, прымаючы некаторыя палітычныя пастановы на яе карысць".

Журналісты Times паспрабавалі звязацца з прэс-сакратаром прэзідэнта Расеі Дзмітрыем Пясковым, каб той пацвердзіў або зняпраўдзіў інфармацыю аб куплі Пуціным нерухомасці ў Гішпаніі ў 2001 годзе, аднак адказу не атрымалі.

Раней Пяскоў, дапаўняе сітуацыю газета, называў такія сцвярджэнні "поўнай лухтой" і неарыгінальным жартам "за гранню разумнага".

Нагадаем, раней агенцтва Bloomberg паведамляла, што гішпанскія пракуроры западозрылі паплечнікаў Пуціна ў сувязях з мафіяй. Паводле звестак агенцтва, імя Пуціна згадваецца тройчы ў дакуменце, які з'яўляецца запытам пракурораў на тое, каб абвінаваціць 27 чалавек у адмыванні грошай.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках