19 красавiка 2024, Пятніца, 4:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Белаколас: Эканамічна Крым заўсёды быў, ёсць і будзе часткай Украіны

Алег Белаколас: Эканамічна Крым заўсёды быў, ёсць і будзе часткай Украіны
Алег Белаколас

Калі правы карэннага насельніцтва Крыма ўціскаюцца, Украіна павінна актыўна выкарыстоўваць эканамічны вагар ціску на акупантаў.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў украінскі дыпламат, аналітык фонду «Майдан замежных спраў» Алег Белаколас.

- Надоечы закончыў працу Кангрэс крымскіх татараў у Анкары. Як вы ацэньваеце значэнне гэтага кангрэса для самавызначэння крымска-татарскага народа і вяртання Крыма пад кантроль Украіны?

- Наш фонд шчыльна супрацоўнічае з арганізацыямі крымскіх татараў, якія са зразумелых прычын знаходзяцца цяпер у Кіеве. Наш прадстаўнік Андрэй Кліменка браў удзел у гэтым кангрэсе.

Прынятая на кангрэсе дэкларацыя, безумоўна, будзе спрыяць таму, каб рэфармаваць рух крымскіх татараў, які апошнім часам быў у аслабленым стане.

Мы вітаем правядзенне такога кангрэса і вельмі хацелася б спадзявацца, што наступнае мерапрыемства такога характару пройдзе ўжо ў Кіеве, як у сталіцы краіны, у якой адабралі Крым. Уся Украіна падтрымлівае крымскіх татараў, і лагічна, што месцам наступнага мерапрыемствы павінен быць Кіеў.

- Якія, на вашу думку, яшчэ існуюць шляхі і стратэгіі для вяртання Крыма Украіне?

- «Майдан замежных спраў» быў першай украінскай няўрадавай арганізацыяй, якая прапанавала свой варыянт стратэгіі вяртання Крыма ў канцы 2014 года.

Стратэгія апісвае кірункі, паводле якіх можа дзейнічаць Украіна. Сёння, я думаю, надышоў момант, калі ў асноўных кірунках - палітыка, эканоміка, правы чалавека - трэба падвесці вынік і мадэрнізаваць стратэгію.

Некаторыя кірункі, з улікам рэальнай сітуацыі, сёння бачныя больш выразна. Перш за ўсё трэба ўлічыць, што Расея ператварыла Крым у сваю вайсковую базу, і ні пра якія інвестыцыі і сур'ёзныя праекты з яе боку гаворкі быць не можа. Украіна павінна дзейнічаць зыходзячы з менавіта гэтага чынніка.

І дзейнічаць не толькі самастойна, бо - як паказалі падзеі са збітым «Боінгам» - толькі пры супольных дзеяннях з нашымі хаўруснікамі мы можам дасягнуць поспехаў на міжнароднай арэне.

Што да ўласна ўкраінскіх прыярытэтаў на сённяшні дзень - Украіна перш за ўсё павінна вызначыцца са сваёй эканамічнай палітыкай у дачыненні да Крыма. Мы павінны разумець, што Крым заўсёды быў, ёсць і будзе эканамічна залежным ад Украіны.

Ёсць розныя пункты гледжання аб пытанні, ці павінна Украіна абвясціць харчовую блакаду. Я думаю, што гэты вагар трэба эфектыўна выкарыстоўваць для ціску на Расею. Гэта найбольш рэальны вагар.

Калі правы крымчукоў, правы крымскага татарына ўціскаюцца, Украіна павінна актыўна выкарыстоўваць вагар пастаўкі прадуктаў харчавання ў Крым. Мы ўсе разуменнем, што могуць пацярпець і звычайныя людзі, але, зноў жа, гэтыя ўкраінскія прадукты ідуць на забеспячэнне акупацыйнага войска. І гэта трэба дакладна разумець.

Даведка charter97.org:

Стратэгія аб вяртанні Крыму, прапанаваная «Майданам замежных спраў» прадугледжвае наступныя кірункі:

- Супрацьстаянне Украіна-Расея ў сферы вайсковай і эканамічнай, з акцэнтам на эканамічныя санкцыі, якія павінны быць збалансаванымі з гуманітарным аспектам.

- Украіна павінна паклапаціцца аб захаванні і ўзмацненні значнай грамадскай падтрымкі ў самім Крыме і ва Украіне што да стратэгіі вяртання Крыма, што дадаткова падмацуе прэтэнзіі Украіны на Крым акрамя чыста прававых аспектаў.

- Улік і мабілізацыю фактараў спрыяння і процідзеяння стратэгіі вяртання ва ўнутранай палітыцы Украіны, пошук месца для структур грамадзянскай супольнасці (чыннік «Майдану»).

- Узмацненне і эфектыўнае выкарыстанне дачыненняў з асноўнымі замежнымі партнёрамі і хаўруснікамі для дасягнення мэт стратэгіі вяртання.

Пры гэтым асаблівая ўвага надаецца стратэгіі «эканамічнага знясілення» Крамля і стварэнню сітуацыі, калі далейшае ўтрымліванне АР Крым у складзе РФ стане эканамічна разбуральным для эканомікі Расеі ды самога Крыму.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках