29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жанна Нямцова: Трэба змагацца

4
Жанна Нямцова: Трэба змагацца
Фота: AP

У Варшаве ўручылі прэмію Салідарнасці імя Леха Валенсы дачцэ забітага лідара расейскай апазіцыі.

Узнагароду Жанне Нямцовай уручылі асабіста прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі і лідэр прафзвязу «Салідарнасць», былы прэзідэнт Лех Валенса.

На цырымоніі, якая прайшла 4 жніўня ў прэзідэнцкім палацы, прысутнічаў увесь палітычны істэблішмэнт Польшчы: спікерка Сэйма Польшчы Малгажата Кідава-Блоньская, спікер Сэнату Польшчы Багдан Барусевіч, міністр замежных спраў Гжэгаж Схетына, намеснік міністра замежных спраў Конрад Паўлік, кіраўнік Камітэта замежных спраў Сэйма Робэрт Тышкевіч, былы спікер Сейма і экс-кіраўнік МЗС Радаслаў Сікорскі. Прыйшлі на ўручэнне прэміі і знакаміты польскі кінарэжысёр Анджэй Вайда і галоўны рэдактар выдання Gazeta Wyborcza Адам Міхнік. З Кіева таксама прыляцеў першы лаўрэат прэміі «Салідарнасці», лідэр крымскіх татараў Мустафа Джамілеў.

Ад Беларусі на цырымонію былі запрошаныя першы кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў з жонкай Ірынай Халіп, галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна і кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Лаўрэат мінулага года Мустафа Джамілеў у сваім выступе распавёў, што калі яму як лаўрэату прапанавалі назваць сваю кандыдатуру на атрыманне прэміі ў наступным годзе, ён адразу назваў Барыса Нямцова. Але ў лютым Барыс быў забіты. А гэтая прэмія не даецца пасмяротна - яе даюць жывым, каб тыя маглі працягнуць барацьбу і дапамагчы іншым, гэткім жа. І сёння ён вельмі рады, што журы пастанавіла прысудзіць яе Жанне Нямцовай.

Лех Валенса адзначыў, што ягонае пакаленне разам з прафзвязам «Салідарнасць» ліквідавала шмат праблем, якія гамавалі развіццё Еўропы і свету.

«Нам здавалася тады, што больш ніколі праблемы ў свеце не будуць развязвацца з дапамогай танкаў, анэксій ды сілы. Мы прапанавалі развязаць усё мірнай аргументацыяй. Большасць у свеце - і ўжо дакладна ў Еўропе - прыняла такі лад мыслення і выказалася за такую ліквідацыю супярэчнасцяў. Але ёсць краіны, якія застаюцца пры сваіх метадах развязання праблем. Таму так трэба, каб і Расея змянілася і далучылася да нас. Гэта было б вялікім поспехам нашага пакалення і «Салідарнасці», - сказаў былы прэзідэнт і лідэр прафзвязу «Салідарнасць».

У сваю чаргу, прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі адзначыў, што прэмія «Салідарнасці» прызначаная тым, хто бачыць свой патрыятызм не ў дамінацыі, а ў дэмакратыі.

«Я думаючы, што ўзнагарода імя Леха Валенсы, якая ўручаецца сёння, з'яўляецца не толькі ўзнагародай, якая ўручаецца спадарыні Жанне асабіста, але і ўзнагародай знаку памяці пра Барыса Нямцова і ўсіх сапраўдных расейскіх патрыётаў.

Сённяшняя ўзнагарода адрасаваная ўсім тым расейцам, якія бачаць веліч і будучыню сваёй краіны не ў дамінаванні над іншымі, але ў будаўніцтве сучаснай дзяржавы, якая жыла б у згодзе з прынцыпамі, прынятымі дэмакратычнай супольнасцю ва ўсім свеце.

Мы павінны быць удзячныя тым людзям, якія здольныя сказаць свайму народу: гэтая дарога вядзе не туды. Дарога да велічы народа - расейскага, польскага, нямецкага, татарскага і ўсялякага іншага - ідзе праз выхаванне ў сабе здольнасці думаць: што мы можам даць свету, а не адабраць у яго.

У нас ёсць досвед «Салідарнасці», з якой мы дзейнічалі супраць рэпрэсіўнай у дачыненні да нашага народу ўлады. Таму мы можам цяпер узнагароджваць, падкрэсліваць правільнасць, важкасць усіх дзеянняў, якія адбываюцца па-за Польшчай і звязаных з процідзеяннем антынароднай улады.

Таму я вельмі рады, што сёння мы можам уручыць гэтую ўзнагароду, якая мае імя лідэра «Салідарнасці», дачцэ Барыса Нямцова, які загінуў як патрыёт Расеі. Разумеючы свой патрыятызм як дзейнасць на карысць лепшай, боль дэмакратычнай Расеі», - сказаў прэзідэнт.

Фота: AP/Czarek Sokolowski

Міністр замежных спраў Гжэгаж Схетына заявіў, што Польшча заўсёды гатовая дзяліцца досведам паспяховай дэмакратычнай трансфармацыі.

«Жанна Нямцова, лаўрэат гэтага года, абрала шлях свабоды. Мы ведаем, што многія маладыя расейцы перакананыя, што ключ да моцнай і сучаснай дзяржавы ляжыць не ў экспансіі ды агрэсіі, але ў супрацоўніцтве і мірным суіснаванні, захаванні міжнароднага права і павазе да грамадзянскіх свабодаў», - сказаў міністр.

Прыняўшы ўзнагароду, Жанна Нямцова сказала:

«Тое, што вы выбралі прадстаўніка Расеі - а я прадстаўніца Расеі і грамадзянка гэтай краіны - кажа пра тое, што ёсць яшчэ ў Еўропе краіны, якія ўсё ж думаюць, што калі-небудзь Расея будзе свабоднай».

Таксама лаўрэатка прэміі падкрэсліла, што яна, як і многія расейцы, салідарная са сваім бацькам Барысам Нямцовым, які заставаўся верным сваім прынцыпам, што «Расеі патрэбны шлях свабоднай краіны».

«Гэтая прэмія ўскладае на мяне вялікую адказнасць. Але гэта і дае сілы. Трэба змагацца. Нельга апускаць рукі», - сказала дачка Нямцова.

У канцы свайго выступу Жанна папрасіла прысутных ушанаваць хвілінай маўчання памяць ейнага бацькі.

Прэмія Салідарнасці - гэта заснаваная польскай замежнапалітычнай установай прэмія, якая прысуджаецца за выдатную дзейнасць дзеля прасоўвання і абароны дэмакратыі і грамадзянскіх свабодаў.

Лаўрэат прэміі атрымлівае статуэтку, а таксама 1 мільён еўраў.

«Частка прэміі сумай 700 тысяч еўра будзе накіраваная на дабрачынныя праекты ў краінах Усходняга партнёрства. Такія ўмовы гэтай прэміі. Усе гэтыя дабрачынныя праекты будуць пераважна фінансавацца ва Украіне, якая цяпер пакутуе ад жорсткай вайны», - заявіла Жанна Нямцова.

Таксама дачка Барыса Нямцова дадала, што плануе «выдаць гранты беларускаму сайту Хартыя'97, галоўнай рэдактаркай якога з'яўляецца Наталля Радзіна».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках