20 красавiка 2024, Субота, 2:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафесар БДУ: У Беларусі вырасла цэлае пакаленне русафобаў

64
Прафесар БДУ: У Беларусі вырасла цэлае пакаленне русафобаў
Іван Чарота
Фота: pravmir.ru

Доктар філалагічных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Чарота незадаволены праеўрапейскай арыентацыяй маладых беларусаў.

Пра гэта ён напісаў у сваім артыкуле «Рэальнае супраць ідэальнага» на старонках расейскага шавіністычнага часопіса «Наш современник», піша «Наша нiва».

У публікацыі прафесар бядуе аб перспектывах саюза Беларусі ды Расеі. І б'е ў званы: у Беларусі, на ягоную думку, выгадавалася «цэлае пакаленне русафобаў», арыентаваных у бок Еўропы.

«…Значная частка грамадзян Беларусі, асабліва моладзі, інтэграцыю агульнаеўрапейскую ўважаюць за больш прывабную, і больш выгадную, чым інтэграцыю беларуска-расейскую... Да таго ж у РБ відавочнымі становяцца вынікі правядзення дэрусіфікацыі - найважнейшага сродку дэзінтэграцыі ў стасунках з РФ», - піша ён.

Са слоў прафесара, калі раней «антырасейскія ўстаноўкі» фармуляваліся пераважна дзеячамі БНФ, то цяпер яны «знайшлі досыць шырокі розгалас у коле нацыянальнай творчай інтэлігенцыі».

«І цяпер антырасейскія настроі масавай свядомасцю ўспрымаюцца ўжо не як чужыя «інтарэсам беларускага народа», а наадварот, адпаведныя патрыятычным задачам «прадаўжаць адраджэнне», «умацоўваць самабытнасць», «бараніць суверэнітэт», сцвярджаць прынцыпы «мультыкультурнасці» і «плюралізму» ў процівагу «расейскаму дэспатызму», мяркуе прафесар.

Чарота піша пра тое, што месца «народаў-братоў» можа быць занятае «партнёрамі» - «цывілізаванымі» народамі высокаразвітых краін, якія паказваюць нам на выключна заходнія арыенціры.

На сёння «пад уздзеяннем антырасейскіх канцэпцый ужо выгадавалася і выхавалася цэлае пакаленне грамадзян «суверэннай і незалежнай» Беларусі, для якіх у стасунках з іхняй краінай, з іхнімі суграмадзянамі не маюць асаблівага значэння, а то і проста непрымальнымі з'яўляюцца паняткі «агульнарускія карані», «агульнаруская этнадухоўная прастора», беларускі народ як «галіна расейскай супольнасці», «складнік расейскай цывілізацыі», «сэгмэнт/элемэнт расейскага свету», не кажучы ўжо пра захаванае ў гістарыяграфіі вызначэнне «Заходняя Русь».

Чарота супрацьпастаўляе еўраінтэграцыю расейскаму вектару, а каталіцтва - праваслаўю.

«Большасць памкненняў глабалізатараў-еўрапеізатараў на нашай прасторы зазвычай зводзіцца да дыскрэдытацыі расейскасці і праваслаўя; гэта, можна сказаць, агульны назоўнік. У той жа час толькі сляпыя, глухія і бяздумныя могуць не заўважаць, наколькі актыўна і небеспаспяхова (...) ідзе ў нас паланізацыя разам з каталізацыяй дзеля дабратворнай нібыта еўрапеізацыі, а дакладней - глабалізацыі ў амэрыканскім фасаванні», - піша ён.

Прафесар абураецца тым, што «сіламі публіцыстаў, ідэолагаў-прапагандыстаў, несумленных гісторыкаў у нас пудзілам зробленая «русіфікацыя» 1860-х гадоў і нацыянальная палітыка савецкага перыяду». Але мала гаворыцца пра паланізацыю.

«Цяпер ужо русафобія трывала ўкаранёная ў свядомасць практычна ўсіх беларусаў векам меншым за 30 гадоў, - высноўвае аўтар. - Іх, можна сказаць, пераканалі, што быць беларусам азначае паслядоўна і катэгарычна дэманстраваць сваю асобнасць і асабліва ад расейскага народа, расейскай гісторыі і культуры, што не маюць дачынення да яе традыцый i духоўных вартасцяў, вылучаць і абсалютызаваць адрозненні ў асноўных этнакультурных прыкметах, асаблівасцях нацыянальнага характару і г.д.»

А «нарожны камень нацыянальнай існасці беларуса - расейскасць», перакананы выкладчык БДУ.

63-гадовы Іван Чарота - доктар філалагічных навук, прафесар, родам з Палесся. Ён спецыяліст у балканскіх мовах і праваслаўны актывіст.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках