24 красавiка 2024, Серада, 15:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падпольны ліцэй распачаў навучальны год гімнам ля будынка суда

6

Некалькі дзясяткаў вучняў ліцэя імя Якуба Коласа сабраліся 1 верасня на дворыку каля будынку суду Цэнтральнага раёну Менску.

Падпольная навучальная ўстанова пачала навучальны год урачыстай лінейкай і спевамі гімна пад сценамі свайго ранейшага будынка, у якім цяпер знаходзіцца суд Цэнтральнага раёна, паведамляе «Радыё Свабода».

«Самая галоўная навіна - гэта нашы новыя вучні, - распавядае дырэктар ліцэя Уладзімір Колас. - Ліцэй - структура, якая стала абнаўляецца. Сыходзяць тыя, з кім ужо парадніўся і неяк не прадстаўляеш існавання без іх. Але яны сыходзяць у сваё дарослае жыццё. Прыходзяць новыя. У гэтым годзе вельмі цікавыя ў нас пачаткоўцы... Як ніколі вялікі набор у нас у гэтым годзе. І, бачыце, мы расцем, нягледзячы ні на якія неспрыяльныя ўмовы, і трымаем марку, узровень, тонус. Гэта галоўнае».

Штогод Уладзімір Колас тлумачыць першакурснікам, што адбылося з навучальнай установай, утворанай у 1990-м і ліквідаванай у 2003 годзе пастановай Міністэрства адукацыі:

«Каштоўнасці, дзеля якіх ствараўся ліцэй, - навучанне на беларускай мове, навучанне паводле дэмакратычных стандартаў, на аснове еўрапейскіх традыцый, - гэтыя каштоўнасці паважаліся і прызнаваліся. Таму ліцэй займаў такое прэстыжнае месца ў цэнтры горада. Раней з усім гэтым былі праблемы, і мы існавалі як нефармальная нядзельная школа пры Таварыстве беларускай мовы. Сёння мы зноў існуём як нефармальная пляцоўка, як грамадзянская ініцыятыва».

Адзін з заснавальнікаў ліцэя, намеснік дырэктара Лявон Баршчэўскі нагадвае, што 1 верасня 2003 года заняткі праводзілі проста на вуліцы насупраць будынка суда. Цяпер навучэнцы ліцэя легалізаваныя пры Гданьскай міжнароднай школе, атрымліваюць дакумент аб адукацыі польскага ўзору і маюць права паступаць ва ўсякую еўрапейскую ВНУ, а таксама ў навучальныя ўстановы Беларусі.

«Мы чакаем, што нашы вучні праявяць сябе яшчэ лепш. У нас у гэтым годзе значны конкурс, гэта павінна паўплываць на якасць, - кажа Лявон Баршчэўскі. - І мы чакаем, што агульная сітуацыя ў краіне будзе мяняцца ў бок спрыяння беларушчыне і беларускай адукацыі і ўсяму, што з гэтым звязана. Нягледзячы на ўсе песімістычныя размовы і прагнозы».

«Не саромеюся паўтараць, што гады, праведзеныя ў ліцэі, я ўважаю за самыя найлепшыя, самыя шчырыя, самыя сяброўскія, - прызнаўся на лінейцы заслужаны настаўнік Беларусі Уладзімір Дыско. - Хачу, каб вы пражылі гэты чарговы навучальны год плённа, шчодра, з карысцю для саміх сябе, сваіх бацькоў і будучыні Беларусі».

Вучні толькі што вярнуліся з летняй сесіі ў Варшаве, дзе, як кажа Уладзімір Колас, мелі магчымасць праводзіць заняткі «ў нармальных умовах і нармальных класах». Новым наборам першакурснікаў ліцэйскія выкладчыкі надзвычай задаволеныя.

«Мы перажывалі фантастычныя моманты, калі немагчымае станавілася магчымым, - звярнуўся Уладзімір Колас да ліцэістаў на лінейцы. - Мы спадзяемся, што такія моманты яшчэ не раз будзем перажываць у нашым жыцці. І да гэтых момантаў трэба быць гатовым, што мы і робім. Мы даем вам нашы веды...мы спадзяемся, што на падставе аб'ектыўнай інфармацыі і выдатнай падрыхтоўкі, якую вы атрымліваеце, вы зможаце правільна і адэкватна зарыентавацца ў гэтым жыцці і ў гэтым грамадстве і мець годную грамадзянскую пазіцыю».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках