Мігранты пратэстуюць ля будынка вакзала ў Будапэшце
4- 1.09.2015, 20:24
- 7,503
Урад Вугоршчыны спрабуе аднавіць парадак і дзейнічае ў адпаведнасці з законамі і правіламі ЕЗ.
У Будапэшце сотні мігрантаў зладзілі акцыю пратэсту побач з чыгуначным вакзалам Келеці, размешчаным ва ўсходняй частцы вугорскай сталіцы. Вакзал быў ачэплены паліцыяй, якая спрабавала не дапусціць мігрантаў да цягнікоў, што рухаюцца ў суседнія з Вугоршчынай краіны ЕЗ, інфармуе расейская служба BBC.
Раніцай паліцыя выціснула мігрантаў з тэрыторыі вакзалу. Але яны не разышліся, а наладзілі дэманстрацыю побач з вакзалам, скандуючы "Нямеччына!" і трымаючы ў руках чыгуначныя квіткі.
Прадстаўнікі вугорскіх улад сцвярджаюць, што ўрад спрабуе аднавіць парадак і дзейнічае ў адпаведнасці з законамі і правіламі ЕЗ.
Раней вугорскія ўлады, як паведамлялася, адмовіліся ад рэгістрацыі мігрантаў у адпаведнасці з правіламі ЕЗ, якія абвяшчаюць, што ўцекачы павінны прасіць прытулку ў першай жа краіне ЕЗ, на тэрыторыю якой яны патрапілі.
Аўстрыйская паліцыя заявіла, што ў панядзелак у Вену прыбылі з Вугоршчыны 3650 мігрантаў. Большасць з іх накіроўваецца ў Нямеччыну.
Тым часам канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заклікала да "больш справядлівага" размеркавання мігрантаў паміж краінамі Еўропы.
Сцэны хаосу
Блізу тысячы мігрантаў сабраліся ў аўторак ля вакзала Келеці, размешчанага ва ўсходняй частцы Будапэшта, пасля таго, як вакзал быў замкнёны і пасажыры былі эвакуяваныя з яго тэрыторыі. На кароткі час вакзал прыпыніў дзейнасць, і праз гучнамоўнікі было абвешчана, што цягнікі ад’язджаць не будуць.
Аднак неўзабаве ён быў зноў адамкнёны для пасажыраў, але толькі не для мігрантаў. Ля галоўнага ўваходу ў вакзал з'явіліся паліцэйскія кардоны, што не пускалі мігрантаў на яго тэрыторыю.
Усе гэтыя захады былі распачатыя пасля таго, як сотні мігрантаў паспрабавалі сесці ў цягнікі, якія накіроўваліся ў Аўстрыю і Нямеччыну.
Некаторыя з іх сцвярджалі, што заплацілі сотні еўраў за квіткі і патрабавалі зноў адамкнуць вакзал, каб мець магчымасць сесці ў цягнік.
Шмат мігрантаў чакала такой магчымасці ля вакзала Келеці ўжо шмат дзён. Як паведамляецца, большасць з іх прыбылі з Сірыі, Афганістана і Эрытрэі.
Колькасць мігрантаў, якія прыбываюць у Еўропу, за апошнія месяцы дасягнула рэкорднага ўзроўню. Толькі ў ліпені іх колькасць склала 107 500.
Як чакаецца, Нямеччына сёлета прыме 800 тысяч мігрантаў - у чатыры разы больш, чым летась.
"Імправізаваны падыход"
Згодна з дублінскім пагадненнем аб наданні прытулку ў ЕЗ, просьбіты прыстанішча павінны рэгістравацца ў першай жа краіне Еўразвязу, у якую яны прыбылі. Аднак гэтае правіла рэгулярна парушаецца. Шмат мігрантаў, што знаходзяцца цяпер у Вугоршчыне, спачатку прыбылі ў Грэцыю, дзе яны не сталі прасіць прытулку.
Нямецкія ўлады ўжо заявілі, што не будуць пільнавацца дублінскага пагаднення ў выпадку сірыйскіх уцекачоў, якія дапялі да Нямеччыны.
У аўторак раніцай блізу 1400 чалавек прыбылі ў Мюнхен з Аўстрыі. Як чакаецца, іх колькасць вырасце найбліжэйшым часам.
Пасля перамоў у аўторак з прэм'ер-міністрам Гішпаніі Марыянам Рахоем канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель зноў паўтарыла свой заклік да еўрапейскіх краін каардынаваць намаганні для пераадолення крызісу.
Мэркель пагадзілася з гішпанскім прэм'ерам у тым, што ў Італіі і Грэцыі пры спрыянні ЕЗ павінны быць адкрытыя рэгістрацыйныя цэнтры для мігрантаў.
Тым часам прадстаўнік агенцтва ААН у справах уцекачоў у краінах Цэнтральнай Еўропы Бабар Балач раскрытыкаваў "імправізаваны падыход Еўропы" да крызісу, заявіўшы, што наступства такога падыходу - толькі "яшчэ большая роспач ля будапэшцкага вакзалу".
Бескантрольнае перасоўванне мігрантаў па краінах Еўропы часта звязанае для іх з сур'ёзнымі рызыкамі. Гэта пацвярджаецца смерцю 71 чалавека, што задыхнуліся ў фургон, які перавозіў іх з Аўстрыі ў Будапэшт.
Большасць загінулых, паводле некаторых звестках, - сірыйцы, уцекачы ад грамадзянскай вайны ў іхняй краіне.
На мінулым тыдні сотні мігрантаў з Лібіі патанулі ў Міжземным моры, спрабуючы дасягнуць берагоў Еўропы.
Паводле падліках ААН сёлета блізка што 300 тысяч мігрантаў рызыкавалі жыццём, спрабуючы пераплысці Міжземнае мора.