19 красавiка 2024, Пятніца, 10:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліталогію ва Узбекістане назвалі «ілжэнавукай» і забаранілі

4
Паліталогію ва Узбекістане назвалі «ілжэнавукай» і забаранілі

Улады Узбекістана да 1 верасня паднеслі ВНУ краіны непрыемны сюрпрыз.

Было загадана скасаваць выкладанне паліталогіі, якую прызналі ілжэнавукай. Як паведамляе радыё «Озодлик» (узбекская рэдакцыя «Радыё Свабода»), адпаведны загад быў падпісаны ў канцы жніўня міністрам вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Узбекістана Алішэрам Вахабавым.

Прычынай скасавання прадмета паліталогіі стала «адсутнасць навуковай метадалогіі паліталогіі, вывучэнне тэмаў гэтага прадмета іншымі прадметамі, наяўнасць падручнікаў па гэтым прадмеце, заснаваных выключна на заходняй літаратуры, якія не адпавядаюць нацыянальнай спадчыне», а таксама адсутнасць ахопу гэтым прадметам «узбекскай мадэлі».

Многія палітолагі і спецыялісты ў іншых галінах раскрытыкавалі пастанову ўрада Узбекістана. Больш за тое, сацыёлаг Алішэр Ільхамаў, які працуе ў лонданскай Школе ўсходніх і афрыканскіх даследаванняў, упэўнены, што цяпер студэнтаў у дабавак да ўсяго іншага пашлюць збіраць бавоўну, - з 5 верасня ва Узбекістане аб'яўленая масавая мабілізацыя людзей на збор ураджаю бавоўны, пра што паведамляе CA- news.

«Узбекістан робіць яшчэ адзін крок у бок бабаізацыі (ад слова бабай, бабайства) дзяржаўных інстытутаў, сістэмы адукацыі і культуры, скасаваўшы выкладанне паліталогіі, - напісаў Ільхамаў у «Фэйсбуку». - Ва ўсім больш-менш цывілізаваным свеце палітычная навука з'яўляецца адной з грамадскіх дысцыплін са сваёй гісторыяй тэарэтычнай думкі, з многімі школамі і аўтарытэтамі. Замест паліталогіі студэнтам прыйдзецца папаўняць свае палітычныя веды на баваўняных палях».

Вядомы ўзбекскі палітолаг Фархад Таліпаў размясціў на сваёй старонцы ў Facebook адкрыты ліст-зварот, у якім ад групы палітолагаў краіны выказаў пратэст у сувязі з пастановай скасаваць паліталогію. «Маўчанне - знак згоды. Мы не згодныя са скасаваннем паліталогіі ва Узбекістане», - азагалоўленае пасланне.

«Група кансерватыўных чыноўнікаў, большасць з якіх самі калісьці па іроніі лёсу спехам абаранілі вучоныя ступені дактароў палітычных навук, цяпер, заняўшы пасады ў дзяржустановах і нічога не зрабіўшы ў навуцы, узялі на сябе права аб'яўляць паліталогію ілжэнавукай. Яны напраўду тым самым і сябе абвясцілі ілжэнавукоўцамі», - напісаў Таліпаў.

Ён заявіў, што тысячы маладых і дасведчаных вучоных Узбекістана ўжо маюць дыпломы палітолага або навуковыя ступені кандыдата або доктара палітычных навук. «Калі з гэтага часу паліталогія не можа быць самастойнай навукай, то кім цяпер з'яўляюцца гэтыя навукоўцы, якіх дзяржава навучае з першых гадоў незалежнасці і якім выдала гэтыя дыпломы і вучоныя ступені?» - пытаецца навуковец.

Ён рэзюмаваў: «У былым Савецкім Саюзе ў 1930-1940-х гадах быў такі тэрмін - ілжэнавука. Да ліку такіх навук належалі генетыка, кібернетыка, геапалітыка, і нават вялася барацьба з імі. Мы вельмі спадзяемся, што паліталогію - прафесію XXI стагоддзя - не напаткае тая ж доля ва Узбекістане». Палітолагі звярнуліся да міністра адукацыі з патрабаваннем перагледзець сваю пастанову.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках