19 красавiка 2024, Пятніца, 7:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FIDH: Былыя палітвязні павінны быць рэабілітаваныя

1
FIDH: Былыя палітвязні павінны быць рэабілітаваныя

Вызваленне шасці палітычных зняволеных не скасоўвае праблемы парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, мяркуюць праваабаронцы.

FIDH (Міжнародная Федэрацыя правоў чалавека) з вялікай палёгкай даведалася аб вызваленні шасцярых палітычных зняволеных у Беларусі. FIDH радая вітаць на волі Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Арцёма Пракапенку, Яўгена Васьковіча, а таксама Юрыя Рубцова. Іх вызваленне павінна стаць сігналам для міжнароднай супольнасці для ўзмацнення патрабаванняў правядзення рэформаў, накіраваных на эфектыўную абарону правоў чалавека ў краіне.

22 жніўня, крыху больш чым за месяц да прэзідэнцкіх «выбараў», прызначаных на 11 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка амніставаў шэсць палітычных зняволеных, вызваленне якіх было аднойз галоўных умоў больш цеснага дыялогу з Захадам. FIDH заклікае міжнародную супольнасць засноўваць далейшую ацэнку сітуацыі не на падставе гэтага нядаўняга памілавання, а на аналізе стабільных намаганняў у абароне правоў чалавека, уключаючы заканадаўчыя рэформы, дэкрыміналізацыю незарэгістраваных арганізацый, спыненне практыкі прэвентыўных затрыманняў і іншых формаў пераследу грамадзянскіх актывістаў і незалежных журналістаў, а таксама выкарыстання прымусовай працы, піша ПЦ «Вясна».

«Падзяляючы радасць шасці грамадзянскіх актывістаў і іх сем'яў у сувязі з доўгачаканай свабодай, FIDH нагадвае, што іх вызваленне не закрэслівае гады адвольнага зняволення ў цяжкіх умовах, дыскрымінацыйнае абыходжанне і шматлікія санкцыі, пад якія яны падпадалі нават у няволі, - заявіў Карым Лахіджы, прэзідэнт FIDH , - Рэпрэсіўная сістэма, адвольна адправіла гэтых людзей за краты, па-ранейшаму працуе».

FIDH намагае на тым, што грамадзянскія правы ўсіх вызваленых палітычных зняволеных павінны быць адноўленыя і ўсе яны павінны быць рэабілітаваныя.

«Сітуацыя нядаўна вызваленых падобная са становішчам многіх беларускіх грамадзян, чыя свабода ў гэты момант сур'ёзна абмежаваная з прычыны асуджэння або пераследу паводле палітычна матываваных крымінальных справаў. У большасці вызваленых або амніставаных палітычных зняволеных па-ранейшаму не пагашана судзімасць, што пазбаўляе іх многіх грамадзянскіх і палітычных правоў, у тым ліку права балатавацца на выбарах ці займаць пасаду дзяржаўнага служачага. Памілаваныя актывісты знаходзяцца на прафілактычным уліку органаў унутраных спраў, што дае супрацоўнікам міліцыі права рэгулярна іх наведваць.

У выпадку рэальнага або ўяўнага парушэння рэжыму, ім пагражае прэвентыўны нагляд з больш сур'ёзнымі абмежаваннямі. Яны абавязаныя знаходзіцца дома ўначы, не могуць выязджаць за межы населенага пункта без дазволу адказнага органа, на іх распаўсюджваецца шэраг забарон, у тым ліку на наведванне публічных месцаў. Самае галоўнае, што такі нагляд можа, адпаведна, прывесці да чарговага крымінальнага пераследу і наступнага пазбаўлення волі. Так, у жніўні 2013 Уладзіміра Яроменка, а ў снежні 2013 Васіля Парфянкова прыгаварылі да пазбаўлення волі праз парушэнне прэвентыўнага нагляду», - гаворыцца ў заяве.

Агулам сітуацыя з правамі чалавека ў краіне застаецца падставай для сур'ёзнай заклапочанасці. У ліпені 2015 FIDH заклікала Еўрапейскі Звяз дамагчыся канструктыўнага Дыялогу аб правах чалавека з беларускімі ўладамі, вызначыўшы канкрэтныя і абавязковыя для працягу Дыялогу ўмовы, а таксама адсочваючы чаканы прагрэс з дапамогай выразна пазначанай дарожнай карты Дыялогу. FIDH падрабязна адзначыла ў сваім звароце асноўныя тэндэнцыі парушэння правоў чалавека, уключаючы права на жыццё, права на асацыяцыю, права на свабоду выказвання, на справядлівыя разбіральніцтва і суд, гэтак жа як на абарону эканамічных і сацыяльных правоў.

«Перадвыбарная кампанія прадэманстравала шматлікія сур'ёзныя прыклады парушэнняў, якія перашкаджаюць правядзенню адкрытых і сумленных выбараў, таксама як і свабодзе выказвання. Непразрыстыя працэдуры складання выбарчых камісій, у якія ў большасці выпадкаў не ўваходзяць прадстаўнікі апазіцыйных партый і незалежнай грамадзянскай супольнасці, дазваляюць казаць пра патэнцыйную прадузятасць у момант падліку галасоў у дзень выбараў», - заявіў Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Напярэдадні пастановы краін-сябраў ЕЗ аб пераглядзе абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі, якія дзейнічаюць да 31 кастрычнiка 2015 года, FIDH звяртаецца да Еўрапейскага Звязу з заклікам даць ацэнку крытычнай адсутнасці дзейсных рэформаў, якія стварылі б для беларускіх грамадзян па-сапраўднаму свабодную грамадзянскую прастору, якая дазваляе ім карыстацца сваімі грамадзянскімі, палітычнымі і эканамічнымі правамі. ЕЗ павінен таксама запатрабаваць поўную рэабілітацыю ўсіх былых палітычных зняволеных.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках