19 красавiка 2024, Пятніца, 12:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абвінавачаны паводле «справы графіцістаў»: Нам пагражалі, што ніколі не выйдзем на волю

10
Абвінавачаны паводле «справы графіцістаў»: Нам пагражалі, што ніколі не выйдзем на волю

Пры затрыманні актывістаў збівалі і білі электрашокерам.

Пра гэта адзін з абвінавачаных паводле «справы графіцістаў» Максім Пякарскі распавёў праваабарончаму цэнтру «Вясна».

«У момант затрымання я, Вадзім Жэромскі і яшчэ адзін грамадзянін Расейскай Федэрацыі знаходзіліся ў кватэры, вокны ў пакоі былі расчыненыя, - адзначыў ён. - Сядзелі, размаўлялі на бытавыя тэмы, і раптам я заўважыў, што нешта сыплецца зверху на падваконне. І літаральна праз некалькі секунд зверху спускаецца чалавек па канаце ўвесь у абмундзіраванні, залятае ў акно, дастае пісталет, наводзіць на нас і крычыць: «Усім ляжаць!» Адразу за ім праз акно залятае яшчэ адзін супрацоўнік, які крычыць: «Вы, што савецкую ўладу не любіце?» Мы ў шоку ад таго, што адбываецца. Пасля гэтага яны пачынаюцца лаяцца, збіваць нас, ужываць электрашокер. Хтосьці з іх адкрыў дзверы - залятаюць яшчэ некалькі чалавек, і агулам у кватэры было ўжо блізу 10 супрацоўнікаў, у тым ліку і следчыя.

Пасля пачалі псіхалагічна ціснуць, выбіваць прызнанні ў маляванні графіці, дапытваць па чарзе адразу ў кватэры, пагражалі, што пасадзяць у турму.

Пасля прайшоў ператрус у кватэры, праглядалі ўсё вельмі дасканала, літаральна кожны лісток. Але сведкаў прывялі толькі хвілін праз 20 пасля таго, як пачалі ператрус. Потым пачалі апісваць і адбіраць кампутары, флэшкі, дакументы, банкаўскія карткі. Папсавалі маёмасць у кватэры - разбілі шкляны столік, напрыклад.

Сталі пагражаць, што пасадзяць у турму не толькі нас, але і маю дзяўчыну. Яна ў гэты час мне як раз тэлефанавала, і пры нас супрацоўнік падняў тэлефон і падманам выклікаў яе на допыт. Сказаў, быццам я на ровары збіў дзіця, і трэба каб яна таксама пад'ехала.

Мне не давалі тэлефанаваць, груба парушалі мае правы, у тым ліку і права на абарону.

Пасля ператрусу нас вывелі ў кайданках як злачынцаў, пасадзілі ў аўтамабіль і адвезлі ў Следчы камітэт. Там на нас прадоўжылі ціснуць, пагражаць, дапытвалі да самай ночы. Казалі, што мы трапілі на «базу» і ўжо ніколі не выйдзем на волю. Там жа дапытвалі і маю дзяўчыну, пагражалі і ціснулі на яе».

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя паводле падазрэння ва ўдзеле ў трох крымінальных справах: нанясенні беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе...», а таксама замазванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі.

20 жніўня Следчы камітэт выставіў абвінавачванні Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жэромскаму паводле ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэксу - «Хуліганства, учыненае групай асобаў». 31 жніўня яны былі вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе і падпіску пра неразгалошванне. На думку праваабаронцаў, узяцце падпісак аб невыдаванні матэрыялаў папярэдняга следства незаконнае.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках