24 красавiка 2024, Серада, 8:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У справе вінаватага скандальнага ДТЗ на вуліцы Гая будзе новы суд

3
У справе вінаватага скандальнага ДТЗ на вуліцы Гая будзе новы суд

Судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі скасавала 4 верасня пастанову Менскага гарадскога суда ў дачыненні да Эдуарда Шалкевіча.

Менскага бізнэсоўца, які забіў у ДТЗ на вуліцы Гая двух чалавек і зрабіў замах на жыццё блізкіх чакае новы суд. Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс-сакратарка Вярхоўнага суда Юлія Ляскава.

Справа будзе накіраваная на новы судовы разгляд у той жа суд (Менскі гарадскі) у новым складзе суду.

Прысуд у МДС быў абвешчаны 13 ліпеня. Згодна з ім, суд вызваліў абвінавачанага ад крымінальнай адказнасці, прызначыўшы яму прымусовае псіхіятрычнае лячэнне і прызнаўшы, што злачынствы былі ўчыненыя ў стане непрытомнасці, паведамілі ў Вярхоўным судзе Беларусі.

На патрабаванні дзяржабвінаваўцы судовы працэс у справе Шалкевіча праходзіў у закрытым рэжыме.

Бізнэсовец абвінавачваўся ў прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў чальцам сваёй сям'і, а таксама прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў іншым асобам у выніку сутыкнення транспартных сродкаў, якія прывялі да смерці пацярпелых, прычыненне шкоды (ч. 1 арт. 14; пп. 1, 2, 6 ч. 2 арт . 139; пп. 1, 5, 16 ч. 2 арт. 139; ч. 2 арт. 218 КК).

Згодна з судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспэртызай у момант учынення грамадска небяспечнай дзеі мужчына не ўсведамляў сваі дзеянні з прычыны псіхічнага стану. Крымінальная справа была накіраваная ў суд для прыняцця пастановы аб прымяненні да абвінавачанага прымусовых захадаў бяспекі і лячэння.

Было пастаноўлена спагнаць з абвінавачанага на карысць аднаго з пацярпелых - сына загінуўшых у ДТЗ - матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды ў суме 300 млн рублёў, яшчэ двух пацярпелых - сваякоў загінулых - па 200 млн рублёў.

Нагадаем, раніцай 8 лістапада 2014 г 38-гадовы мянчук, знаходзячыся дома, параніў нажом сваю жонку і малалетніх сына і дачку. Адразу пасля гэтага сеў аўтамабіль «Аўдзі-А8» і ўчыніў дарожна-транспартнае здарэнне, у якім загінула шлюбная пара, якая ехала на «Аўдзі-100». Затрыманы даў паказанні следчым. Быў праведзены медыцынскі агляд, які паказаў адсутнасць стану наркатычнага або алкагольнага ап'янення.

Дзеянні абвінавачанага на пачатковым этапе следства былі кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства, учыненае пры абцяжарваючых абставінах), ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула праз неасцярожнасць смерць двух асоб). Крымінальныя справы былі злучаныя ў адну справу. Расследаванне праводзіла галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі.

У СМІ таксама паведамлялася, што за некалькі гадзін да трагедыі мужчына прыходзіў з нажом у дзіцячы сад, які наведвалі ягоныя дзеці. Загадчыца дзіцячага сада выклікала міліцыю, але да яе прыбыцця мужчына пайшоў. А патрапіць да яго ў дом супрацоўнікі органаў унутраных спраў не змаглі.

Як паведаміў журналістам 2 красавіка міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, некалькі супрацоўнікаў МУС атрымалі дысцыплінарныя спагнанні ў сувязі з трагедыяй на вуліцы Гая. «Пакараныя яны ў першую чаргу за непрафесіяналізм. Фармальна яны выканалі ўсё тое, што патрабуюць нашы загады. Але загадамі кожную жыццёвую сітуацыю не апішаш, і мы патрабуем нефармальнага падыходу кожнага супрацоўніка. Яны не знайшлі чалавека з нажом, а павінны былі знайсці, нягледзячы на тое, што яго не было на месцы. За гэта яны пакараныя ў дысцыплінарным парадку», - сказаў Шуневіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках