20 красавiка 2024, Субота, 9:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юлія Цішчанка: Расея нясе адказнасць за зрыў Менскага працэсу

1
Юлія Цішчанка: Расея нясе адказнасць за зрыў Менскага працэсу
ЮЛІЯ Цішчанка
ФОТА: KRYMR.COM

Мясцовыя «выбары» ў «ДНР» і «ЛНР» - гэта тупік для рэалізацыі Менскіх пагадненняў. Іх правядзенне можа адбіцца на рэжыме санкцый супраць Расеі.

На 25 кастрычніка ва Украіне прызначаныя мясцовыя выбары, аднак улады тэрарыстычных «ДНР» і «ЛНР» заявілі пра намер правесці свае ўласныя «выбары» - 18 кастрычніка і 1 лістапада, адпаведна.

Пра тое, якія гэта можа мець наступствы, у ітэрв’ю сайту charter97.org распавяла ўкраінскі палітолаг, кіраўніца Праграмы падтрымкі дэмакратычных працэсаў Украінскага незалежнага цэнтра палітычных даследаванняў Юлія Цішчанка.

- І ўкраінскі бок, і міжнародныя арганізацыі неаднаразова падкрэслівалі, што такое правядзенне «выбараў» «ДНР»/«ЛНР» паводле нікім не зразумелых нормаў ставіць пад вялікае пытанне Менскія дамоўленасці і іх рэалізацыю.

Таму што адным з пунктаў Менскіх пагадненняў, які часта абмяркоўваецца ў працоўных падгрупах, з'яўляецца пошук мадальнасці выбараў. У гэтым выпадку «ДНР»/«ЛНР» ад гэтай мадальнасці, ад гэтага пошуку па сутнасці адыходзяць. У Менскіх пагадненнях выразна пазначана, што мясцовыя выбары павінны праходзіць адпаведна з законамі Украіны.

Наколькі я разумею, «ДНР»/«ЛНР» не збіраюцца гэта выконваць. Гэтыя «выбары» Украіна, безумоўна, не прызнае. У іх не будуць браць удзелу ні кандыдаты, ні выбаршчыкі, ні ўнутрана перамешчаныя асобы, там не будуць прысутнічаць украінскія палітычныя сілы, ёсць пытанні да СМІ. Нават калі б нам усё гэта вельмі падабалася - у такіх варунках «выбары» адназначна будуць нелегітымнымі.

У той жа час там «абіраюцца» не арыентаваныя ні на якія мірныя дамовы «органы ўлады» - і мы прадаўжаем супрацьстаянне.

- Украінскі бок паслядоўна выконвае Менскія пагадненні, у тым ліку і прыняўшы ў першым чытанні праект канстытуцыйнай рэформы. У той жа час, частка ўкраінскага грамадства і палітыкаў незадаволеныя аднабаковасцю такога працэсу, уважаючы гэта за саступкі Расеі і тэрарыстам. Калі апошнія, правёўшы «выбары», сарвуць Менскія дамоўленасці - ці мае права і Украіна перагледзець свае дзеянні ў рамках Менска?

- Сапраўды, значная частка Менскіх пагадненняў, асабліва ў частцы палітычнай і бяспекі, Украінай выкананая. Не думаю, што можна казаць пра нейкі дэмарш з боку Украіны, калі «ДНР»/«ЛНР» правядуць «выбары». Хутчэй, пачнецца пошук новых развязанняў. Гэта пытанне, хутчэй, не да Украіны, а да Нармандскай чацвёркі: якім чынам у далейшым можна ўрэгуляваць пытанне выбараў мясцовай улады на Данбасе?

У законе пра асаблівасці мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данбаса, які Украіна прыняла ў першым чытанні, ёсць вельмі важная і істотная папраўка: гэты закон будзе ўведзены ў дзеянне толькі пасля таго, як на гэтых тэрыторыях пройдуць мясцовыя выбары паводле ўкраінскіх законаў. Гэтая папраўка, зусім лагічна, з'яўляецца спробай рэінтэграцыі рэгіёну ў склад Украіны.

Гэтыя магчымасці інтаграцыйнага шляху таксама будуць пастаўленыя пад пытанне праз «выбары» ў «ДНР»/«ЛНР». Не думаю, што будзе нейкі дэзавуяванне дасягнутых пагадненняў з украінскага боку, нейкія гучныя справы, але бакі будуць вымушаныя шукаць нейкі новы фармат, новыя развязанні.

Правядзенне «ДНР»/«ЛНР» сваіх «выбараў» - гэта тупік, гэта вельмі сур'ёзны выклік.

- Ці магчымы ў такім выпадку пераход да нейкага іншага, замест Менскага, фармату мірных перамоў аб Данбасе?

- Іншага выйсця проста няма. Альтэрнатывы Менскім пагадненням на сёння няма. Ваенны шлях на сённяшні дзень з'яўляецца дарогай у нікуды.

Варта таксама памятаць, што так званыя «ЛНР» і «ДНР» не з'яўляюцца самастойнымі ўтварэннямі і не прымаюць пастаноў стратэгічнага характару. Адказнасць за правядзенне «выбараў» і за зрыў Менскага працэсу нясе, па сутнасці, расейскі бок.

- Якія гэта можа мець наступствы для Расеі? Ці будуць уведзеныя дадатковыя санкцыі?

- Мы ведаем, што санкцыі ў дачыненні да Расеі цяпер падоўжаныя, прынамсі, на паўгода. Ёсць яшчэ іншага тыпу санкцыі, ёсць пытанне Крыма, які падчас Менскага працэсу наогул не падымаецца. Я думаю, што, безумоўна, такая роля Расеі ў гэтых падзеях не зможа застацца без наступстваў. У тым ліку гэта адаб'ецца і на рэжыме санкцый супраць яе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках