26 красавiка 2024, Пятніца, 1:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узброенае паўстанне ў Таджыкістане: забітыя 17 вайскоўцаў

44

МУС Таджыкістана абвінаваціла ў арганізацыі нападу былога намесніка міністра абароны.

Тэлеканал RT паведамляе пра забойства 17 вайскоўцаў у Душанбэ і Вахдаце, паводле звестак МУС бандгрупа складаецца з 135 былых дэсантнікаў, кіруе групай былы намеснік міністра абароны Абдухалім Назарзада. На гэты момант зліквідавана дзевяць нападнікаў і восем затрымана.

З паведамленняў МУС Таджыкістана не яснае значэнне слова "былы" і "былыя". Сказана, намеснік міністра абароны звольнены ўчора раніцай прэзідэнтам Рахмонам. Звольнены да або пасля бунту - невядома. Былыя дэсантнікі - гэта байцы дэсантна-штурмавога батальёна Мінабароны Таджыкістана, яны ўчора былі яшчэ дзейнымі. У цэлым можна сказаць, што сітуацыя ў Таджыкістане вельмі сур'ёзная. Вясновая ластаўка ў выглядзе ўцёкаў камандзіра таджыкістанскага АМАПа ў ІДзІЛ дала зразумець, што разлічваць Рахмону сярод вайскоўцаў можна далёка не на ўсіх. Будзем сачыць за далейшымі падзеямі, пішуць "Навіны Таджыкістана".

Звесткі аб палеглых у выніку інцыдэнту адрозніваюцца. СМІ паведамляюць пра 17 загінулых, паводле афіцыйнай інфармацыі МУС Таджыкістана, забітыя восем вайскоўцаў, піша "Расейскае агенцтва навін".

Падчас правядзення аператыўна-вышуковых акцый сіламі бяспекі краіны было выяўлена, што тэрарыстычная група дзейнічала паводле зараней складзенага плану, змовіўшыся з хаўруснікамі пад кіраўніцтвам генерал-маёра Абдухаліма Назарзады.

- 4 верасня 2015 года, а 04:28, арганізаванай злачыннай групай быў учынены ўзброены напад на Аддзел унутраных спраў горада Вахдата і на цэнтральны апарат Міністэрства абароны Рэспублікі Таджыкістан. У выніку гэтай тэрарыстычнай групай была захопленая значная колькасць зброі і боепрыпасаў, - паведамілі ў прэс-цэнтры МУС Рэспублікі Таджыкістан.

У праваахоўных органах рэгіёну распавялі, што сам Назарзада і 135 чальцоў ягоных бандфармаванняў - вайскоўцы дэсантна-штурмавога батальёна Мінабароны Таджыкістана - уцяклі ў кірунку Раміцкай цясніны за 45 км на ўсход ад Душанбэ. У сталіцы затрыманыя 8 злачынцаў, 9 зліквідаваныя.

- Цяпер тыя бандыты, што засталіся ў жывых, блакаваныя ў горнай Раміцкай цясніне. Ім выстаўлены ультыматум: калі яны не складуць зброю, будуць знішчаныя, - заявілі ў МУС.

Абдухалім Назарзада - экс-намеснік міністра абароны Таджыкістана, сябра партыі ісламскага адраджэння Таджыкістана, былы баец Аб'яднанай таджыцкай апазіцыі. Быў уключаны ў склад Узброеных сіл Рэспублікі Таджыкістан у адпаведнасці з Агульным пагадненнем аб усталяванні міру і нацыянальнай згоды ў Таджыкістане ад 27 чэрвеня 1997 года.

Нагадаем, 31 жніўня ўлады Таджыкістана афіцыйна забаранілі дзейнасць партыі ісламскага адраджэння Таджыкістана (ПІАТ).

- Атаясненне партыі ісламскага адраджэння Таджыкістана з рэлігійнымі аб'яднаннямі з'яўляецца супрацьзаконным, бо мэты рэлігійных аб'яднанняў адрозніваюцца ад палітычных партый, аднак партыя ў сваёй дзейнасці ў галіне фармавання палітычнай волі грамадзян, выкарыстоўваючы ісламскую рэлігію рознымі спосабамі і метадамі, уводзіць у зман грамадзян наконт свайго прававога статусу, - гаворыцца ў дакуменце, падпісаным міністрам юстыцыі Таджыкістана Рустамам Шахмуродам.

Кіраўнік таджыцкага цэнтра палітычнага аналізу "Кантэнт" Зафар Абдулаеў папярэдзіў улады, што тысячы прыхільнікаў гэтай партыі сыдуць у падзямелле і, напэўна, радыкалізуюцца, паведамляюць мясцовыя СМІ.

Раней улады Таджыкістана абвінавацілі ПІАТ у сувязях з экстрэмісцкай групоўкай ІДзІЛ.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках