20 красавiка 2024, Субота, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Танней за чарку гарэлкі ў рэстарацыях Менска толькі луста хлеба

30
Танней за чарку гарэлкі ў рэстарацыях Менска толькі луста хлеба

Кошт лусты хлеба ў розных рэстарацыях дасягае 5000. Гэта значыць замест чаркі гарэлкі можна купіць ад 2 да 10 хлебных лустачак у залежнасці ад месца.

Пастанова Мінгандлю аб зніжэнні нацэнкі на беларускі алкаголь ва ўстановах грамадскага харчавання яшчэ не ўвайшла ў дзеянне. Афіцыйная публікацыя ў СМІ чакаецца. Але многія рэстарацыі і кавярні ўжо перапісалі меню. Цяпер сярэдні кошт 50 грамаў гарэлкі ў цэнтры Менска - 10 500 рублёў. Гэта амаль удвая танней, чым тыдзень таму, перадае "Еўрарадыё".

У меню многіх рэстарацый танней за 50 грамаў гарэлкі толькі 50 грамаў партвэйну беларускага разліву, ён коштам не дасягае і 10 тысяч рублёў.

"У нас яшчэ вяршкі менш каштуюць", - з радасцю знаходзіць пазіцыю ў меню супрацоўнік яшчэ адной кавярні.

Натуральна, што патаннеў цяпер і каньяк беларускага разліву. Яго сярэдні кошт за келіх вагаецца блізу 17 000, гэта значыць танней чым чарка гарэлкі яшчэ тыдзень таму. А вось кошты замежнага алкаголю не змяніліся, таму такая разбежка смяшыць і палохае адначасова.

Ужо "не пад запіс" адміністратары цэнтральных рэстарацый амаль аднолькава разважаюць пра будучы адмоўны эфект для бізнэсу - у кавярні пойдуць кліенты ў спартовых касцюмах.

"Гэта пастанова знішчыць бізнэс. У нас быў досвед, калі толькі адкрываліся, мы паставілі вельмі нізкую нацэнку на алкаголь, - дзеліцца кіраўнік невялікай рэстарацыі ў цэнтры Менска. - Не ведаю, адкуль яны ўзяліся, але кантынгент быў... самі разумееце. Таму мы вельмі хутка адмовіліся ад гэтай практыкі і за некалькі тыдняў працы з падвышанымі коштамі зарабілі значна больш. Разумееце, наведвальнік, які гатовы пакінуць нармальныя грошы, не пойдзе ў рэстарацыю, дзе за суседнім столікам жлукцяць гарэлку ўмоўна кажучы ў спартовых касцюмах. Таму не ведаю, што будзе далей..."

Нагадаем, Мінгандлю паменшыў максімальную гандлёвую нацэнку на беларускі алкаголь у аб'ектах грамадскага харчавання. Цяпер яна не павінна перасягаць 60%. А днямі быў прыняты і новы асартыментны пералік для аб'ектаў грамадскага харчавання. Кавярні, бары і рэстарацыі ўсіх класаў павінны ўдвая павялічыць колькасць пазіцый алкаголю.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках