29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бусла з-пад Пінска сфатаграфавалі ў Егіпце

7

Белага бусла, акальцаванага на Піншчыне, сфатаграфавалі ў курортным Шарм-эль-Шэйху.

Як паведамілі ў ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», у ліпені гэтага года падчас экспедыцыі, якая займаецца вывучэннем папуляцыі белых буслоў на поўдні Беларусі, у вёсцы Беразцы Пінскага раёна зялёнымі пластыкавымі кольцамі акальцавалі трох буслоў. Праз тры месяцы высветлілася, што, прынамсі, адзін з іх цяпер знаходзіцца ў Егіпце, піша «Медыя-Палессе».

«Чацвёртага верасня егіпцянін Хашым Морс (Hashim Morsy) назіраў у ваколіцах Шарм-эль-Шэйха на Сінайскай паўвыспе блізу дзесяці тысяч буслоў. Птушкі адпачывалі і карміліся каля сметніка адходаў і ачышчальных сажалак. Частка буслоў з гэтай велічэзнай зграі былі з кольцамі. Хашыму ўдалося зрабіць некалькі фатаграфій і высветлілася, што 6 кольцаў. Два з Польшчы, два з Вугоршчыны, па адным са Славакіі і з Беларусі», - распавядае заг. лабараторыяй арніталогіі НПЦ біярэсурсаў НАН Беларусі Ірына Самусенка.

На птушцы з Беларусі было кальцо з кодам Е0274, па якім арнітолагі і вызначылі, што гэта адзін з маладых буслоў з-пад Пінска.

Спецыялісты сцвярджаюць, што з'яўленне буслоў з Беларусі ў пачатку верасня ў Егіпце - нармальная з'ява. Магчыма, вырай птушак спыніўся адпачыць, каб неўзабаве працягнуць шлях. Дзякуючы кальцаванню навукоўцы высветлілі, што месцы масавых зімовак буслоў знаходзяцца на поўдзень ад Сахары на поўнач ад экватара (Паўднёвы Чад, Судан) і нават у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

«Дзве зімы запар мы атрымлівалі інфармацыю ад фермера з ПАР, каля дома якога жыў і карміўся бусел з Беларусі. Кожны год, дзякуючы кальцаванню, мы атрымліваем новыя звесткі аб сезонных міграцыях птушак. Мяняецца клімат, расце ўплыў чалавека на прыроду і ўсё гэта мяняе шляхі міграцыі пералётных птушак. Таму пазначэнне птушак актуальна і ў нашы дні», - падагульніла Ірына Самусенка.

У ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» просяць, што калі вы ўбачылі акальцаваную птушку, то паспрабуйце разгледзець надпіс або сфатаграфаваць птушку такім чынам, каб была бачная інфармацыя на кальцы. Паведаміць інфармацыю трэба ў Беларускі цэнтр кальцавання.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках