17 красавiка 2024, Серада, 0:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонка Джорджа Клуні будзе абараняць журналістку з Азербайджана

1
Жонка Джорджа Клуні будзе абараняць журналістку з Азербайджана
Амаль Клуні
ФОТА: REUTERS/PETER NICHOLLS

Амаль Клуні, адвакатка ў справах, звязаных з парушэннямі правоў чалавека, зоймецца справай азербайджанскай журналісткі Хадзіджы Ісмаілавай.

У інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу NBC Амаль Клуні апісала абставіны пераследу Хадзіджы Ісмаілавай, не называючы пры гэтым яе імя, паведамляе «Голос Америки».

Клуні, якая цяпер выступае адвакатам былога прэзідэнта Мальдываў Махамеда Нашыда, узялася за справу журналісткі з Азербайджана, якая, з яе слоў, «раскрыла сведчанні карупцыі ў кіроўным рэжыме і падпала пад розныя формы пераследу».

Адвакатка паведаміла, што сумесна з адвакатам з Ініцыятывы ў юрыдычнай абароне СМІ звернецца з пратэстам аб турэмным зняволенні Ісмаілавай ў Еўрапейскі суд правоў чалавека.

Адказваючы на пытанне пра адрозненні ў падыходах краін Захаду да парушэнняў правоў чалавека ў краінах у залежнасці ад іх значнасці ў сусветнай палітыцы, адвакатка выказала шкадаванне, што цяпер не існуе ўніверсальнай адказнасці за парушэнні правоў чалавека ва ўсім свеце, а не толькі ў асобных краінах.

«Міжнародная сістэма мае недасканалую структуру. Няма паліцыі ААН, якая б дамагалася выканання міжнароднага права, прымушала б дзяржавы выконваць свае абавязанні», - адзначыла Клуні.

Вядомая журналістка, якая спецыялізуецца на расследаваннях, былая супрацоўніца азербайджанскай рэдакцыі «Радыё Свабода», Хадзіджа Ісмаілава была арыштаваная 5 снежня 2014 года пасля скаргі журналіста Турала Мустафаева. Ёй было прад'яўленае абвінавачванне паводле артыкула 125 (давядзенне да самагубства). Пасля Мустафаеў заявіў, што даў паказанні супраць Ісмаілавай пад ціскам і адклікаў сваю скаргу, аднак крымінальная справа супраць журналісткі не была спыненая.

У лютым 2015 улады вылучылі супраць журналісткі новыя абвінавачванні: прысваенне або растрата значнай сумы, незаконнае прадпрымальніцтва, ухіленне ад выплаты падаткаў і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Суд прысудзіў яе да 7,5 гадоў турэмнага зняволення.

Сама Ісмаілава і кіраўніцтва «Радыё Свабода» ўважаюць абвінавачванні палітычна матываванымі. Сапраўдная прычына яе пераследу - выкрыццё карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады Азербайджана, улічваючы кіроўную сям'ю.

Дзякуючы Ісмаілавай быў раскрыты той факт, што ўрад Азербайджана ў 2012 годзе даў права на прыбытковае залатаноснае радовішча сям'і прэзідэнта Ільхама Аліева. У 2014 годзе Хадзіджа Ісмаілава пісала, што праз афшорныя кампаніі дзве дачкі Аліева кантралююць адзін з галоўных аператараў краіны - Azercell. Таксама, з яе звестак, сям'я Аліевых кантралюе мінімум шэсць раскошных гатэляў у Баку, а дочкі Аліева Лэйла належыць шыкоўны асабняк на Рублёўцы пад Масквой.

Працэс над Хадзіджай Ісмаілавай праходзіў са шматлікімі парушэннямі. Улады рабілі ўсё, каб не пусціць сваякоў і сяброў абвінавачанай, а таксама праваабаронцаў у залю, ствараючы «масоўку» з выпадковых людзей, якія не маюць дачынення да працэсу.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках