18 красавiка 2024, Чацвер, 23:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У цэнтры Менска наведвальнікаў рэстарацыі кармілі пратэрмінаванай прадукцыяй

21

Гандлёвая інспекцыя Менска выявіла пратэрмінаваную прадукцыю ды іншыя парушэнні ў папулярнай піўной рэстарацыі «Ля ратушы».

Дзейнасць установы можа быць прыпыненая да ліквідацыі хібаў, пішуць «Беларускія навіны».

«Мы сёння (29 студзеня. - Рэд.) праводзілі пазапланавую праверку ў рэстарацыі «Ля ратушы». Ні на бары, ні на кухні ўстановы парадку няма», - распавяла намесніца начальніка гандлёвай інспекцыі Менска Вольга Язвінская.

Сярод іншага, падчас праверкі прадстаўнікі гандлёвай інспекцыі выявілі 20 найменняў прадукцыі з прамінулым тэрмінам прыдатнасці.

Да прыкладу, тэрмін прыдатнасці вяршкоў скончыўся блізу двух тыдняў таму, салодкіх дэсэртных соўсаў - паўтары месяцы таму, марозіва - звыш пяці месяцаў таму, спецый - ад шасці да васямнаццаці месяцаў таму, дрожджаў - адзін год і восем месяцаў таму.

«Мае месца альбо нядбайнасць пры дэфэктаванні тавару, альбо мэтанакіраванасць на атрыманне прыбытку. Паводле заканадаўства гэтая прадукцыя павінна быць утылізаваная. Калі вытворцам вызначана, што прадукт прыдатны да пэўнай даты, то яго далейшае выкарыстанне немагчымае. Яно адмоўна ўплывае на здароўе чалавека», - адзначае галоўны кантралёр-рэвізор гандлёвай інспекцыі Менска Сяргей Кахановіч.

Акрамя таго, падчас праверкі гандлёвая інспекцыя выявіла парушэнні тэмпературнага рэжыму захоўвання прадукцыі. Так, вяршкі, сокі і напоі захоўваліся ў бары пры пакаёвай тэмпературы, а не ў лядоўні.

Гандлёвая інспекцыя таксама выявіла факты недаважвання страў, якая падаваліся наведнікам.

«Былі выбарачна ўзважаныя некалькі порцый з абедзеннага меню, і маса не супадала з той, якая заяўленая», - распавядае Вольга Язвінская.

Акрамя таго, з ейных слоў, да працы ў рэстарацыі былі дапушчаныя людзі, якія не прайшлі абавязковы медыцынскі агляд. Гаворка ідзе пра кухара і двух кельнераў.

У выніку праверкі гандлёвая інспекцыя падрыхтуе дакладную нататку і перадасць кіраўніцтву Мінгандлю для прыняцця пастановы. Дзейнасць рэстарацыі можа быць прыпыненая, пакуль не будуць зліквідаваныя хібы.

Дырэктар установы Уладзімір Уласаў абяцае выправіць выяўленыя парушэнні за кароткі час.

«Я з усім згодны. Факт ёсць факт. Зараз цяжка знайсці добрых супрацоўнікаў, таму такое і выходзіць. Мне дастаткова трох працоўных дзён, каб усе выправіць. Адзін дзень мне патрэбны, каб звольніць супрацоўніка, і за яго за два дні ўсё зрабіць. Потым шукаць нармальнага супрацоўніка», - адзначыў дырэктар.

Піўная рэстарацыя «Ля ратушы» размешчаная ў самым цэнтры Менска на вуліцы Герцэна. Установа мае чатыры залы на 118 месцаў. Меню складае беларуская і еўрапейская кухня.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках