20 красавiка 2024, Субота, 9:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

НАК: Домрачава пачуваецца добра, Б'ёрндален – шчаслівы

11
НАК: Домрачава пачуваецца добра, Б'ёрндален – шчаслівы

Прэс-сакратарка Нацыянальнага алімпійскага камітэта расказала пра нараджэнне дачкі ў знакамітай пары.

Лідар беларускай біятлоннай зборнай, алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава раніцай 1 кастрычніка нарадзіла ў Менску дачку.

Інфармацыю пра гэта БелаПАН пацвердзіла прэс-сакратарка Нацыянальнага алімпійскага камітэта Настасся Марыніна.

Бацька дзіцяці – знакаміты нарвежскі біятланіст і муж Домрачавай Оле-Эйнар Б'ёрндален.

"Дар'я нарадзіла дзяўчынку сёння раніцай, вага дзіцяці 3,6 кілаграма. Мама і дачка пачуваюцца добра, тата – шчаслівы", – падзялілася прэс-сакратарка НАК інфармацыяй, атрыманай Беларускай федэрацыяй біятлону ад Б’ёрндалена.

Вядома таксама, што нараджала Домрачава ў радзільні шостай гарадской клінічнай лякарні Менска, у палаце падвышанай камфортнасці. Разам з тым у самой радзільні гэтую падзею не камэнтуюць.

5 красавіка сёлета 42-гадовы Оле-Эйнар Б'ёрндален на прэс-канферэнцыі ў Осла паведаміў, што ён і Дар'я чакаюць дзіця – у кастрычніку ў пары павінна нарадзіцца дзяўчынка. На сваім сайце Домрачава напісала, што "гэтая падзея запланаваная і вельмі жаданая". "Сёння – гэта самае галоўнае, што адбываецца ў маім жыцці!" – адзначыла біятланістка.

7 ліпеня сёлета Домрачава і Б'ёрндален афіцыйна пажаніліся.

У нядаўнім інтэрв'ю журналістам падчас "Гонкі легендаў" у Раўбічах Б'ёрндален сказаў, што застанецца ў Беларусі, пакуль жонка не народзіць, і будзе абавязкова прысутнічаць пры родах.

Трыццацігадовая Дар'я Домрачава – самая тытулаваная беларуская спартоўка ў гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў, а таксама першая біятланістка ў свеце трохразовая алімпійская чэмпіёнка, якая атрымала ўсе свае перамогі ў асабістых гонках.

У дзень заваёвы трэцяга залатога медаля на Алімпійскіх гульнях 2014 года ў Сочы Аляксандр Лукашэнка ўганараваў Домрачаву званнем "Герой Беларусі", яна стала першай у гісторыі краіны жанчынай, ганараванай найвышэйшай узнагародай.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках