Украінцаў з ID-картамі не пускаюць у Беларусь
14- 1.10.2016, 15:09
- 17,470
Украінскія грамадзяне з ID-картамі замест звыклых папяровых пашпартоў не могуць трапіць у Беларусь.
Як піша «Вячэрні Брэст», кіраўнік аддзялення памежнага кантролю «Макраны» Сяргей Бышык заявіў, што «калі гаворка ідзе пра ўезд у нашу краіну, то парадак просты. Мы тлумачым, што з новым пашпартам перасекчы Дзяржаўную мяжу нельга».
Ён адзначыў, што для гэтага патрэбен альбо замежны, альбо ўнутраны пашпарт старога ўзору.
«Часцей за ўсё бывае, што ў чалавека, які паказаў ID-карту, ёсць і неабходныя дакументы. Калі ж іх няма, на жаль, даводзіцца разварочваць чалавека дадому», – заявіў Бышык.
Нагадаем, паміж Беларуссю і Украінай існуе бязвізавы рэжым, згодна з якім грамадзяне абедзвюх краінаў могуць свабодна перасякаць межы.
Аднак новыя ID-карты ў пераліку неабходных дакументаў пакуль не пазначаныя.
Застаецца дадаць, што дакументы новага ўзору, якія сведчаць асобу грамадзяніна Украіны, былі выпушчаныя ў студзені 2016 года.