29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Якавенка: Падмуркам расейскай дыктатуры з'яўляецца медыяфрэнія

4
Ігар Якавенка: Падмуркам расейскай дыктатуры з'яўляецца медыяфрэнія
ІГАР ЯКАВЕНКА
ФОТА: DAY.KIEV.UA

У Менску праходзіць Міжнародная журналісцкая канферэнцыя «Прафесійная этыка: сучасныя выклікі - пошук развязанняў».

Адным з найбольш чаканых быў даклад расейскага публіцыста Ігара Якавенкі на тэму «Разбурэнне межаў паміж дабром і злом, паміж праўдай і хлуснёй, як асноўная мэта расейскіх медыя пры асвятленні знешняй і ўнутранай палітыкі Расеі».

Выданне «Салiдарнасць» прыводзіць яго ў скарочаным выглядзе.

- Ёсць вельмі вялікае неразуменне, чаму Расея так сябе паводзіць.

Чаму сябе так паводзяць ісламісцкія салафіцкія тэрарысты - больш-менш зразумела. Але чаму еўрапейская, дастаткова добра забяспечаная рэсурсамі, з добрым культурным падмуркам краіна раптам напала на суседнюю краіну, скрала ў яе кавалак тэрыторыі, ні з таго ні гэтага вядзе там агрэсіўную вайну?

Навошта Пуцін ускочыў, пабег, скраў Крым?

Рацыянальных тлумачэнняў няма.

Навошта цяпер ідзе вайна? Навошта патрэбны гэты кавалак Данецкай і Луганскай вобласці, дзе паміраюць людзі - загінулі многія тысячы, а Расея мае санкцыі і яе эканоміка - хоць існуюць розныя меркаванні - коціцца ў прорву?

Навошта? Ізаляцыя ва ўсім свеце, вітацца перасталі - у Францыю хацеў чалавек паехаць, але сказалі: не, не чакаем цябе тут.

І для таго, каб разабрацца, навошта ўсё гэта, - трэба зразумець падмурак.

Падмуркам расейскай дыктатуры з'яўляецца медыяфрэнія. Ужо пяты год я пішу па дзве калонкі ў дзень і апісваю гэту з'яву, якую ўяўляюць сабой сродкі масавай інфармацыі, што падпалі мутацыям, і тое, што яны робяць з грамадствам.

А робяць яны пяць рэчаў, якія ператвараюць Расею ў сур'ёзную пагрозу для чалавецтва.

Гэта поўнае скасаванне маралі. Я бяру адзін індыкатар: хто сёння з'яўляецца героямі расейскіх СМІ.

Гэта Фрэдзі Кругер расейскай дзяржаўнасці Іван Жахлівы, абсалютны паталагічны маньяк. Яму ўжо два помнікі паставілі, і на чарзе яшчэ. Гэта Іосіф Сталін - абсалютны сусветны рэкардсмен па колькасці забітых суайчыннікаў. Гэта партыя нягоднікаў. Гэта абсалютны лідар у Расеі ў прысутнасці ў сацыяльных сетках - Рамзан Кадыраў.

Яны з'яўляюцца асноўнымі медыягероямі. І гэта за межамі дабра і зла.

Наступная ахвяра, якая знішчаецца медыяфрэніяй, - ісціна.

Ключавая службовая асоба ў нас тут - Мядзінскі...

Натуральна, Уладзімір Уладзіміравіч...

Другі чалавек у краіне, нядаўна прызначаны, - кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта. Прыйшоў чалавек, які «вынайшаў» нааскоп - прыбор для кіравання будучыняй з дапамогай нейкіх невядомых навуцы палёў. І ён валодае другім пасля Пуціна аб'ёмам паўнамоцтваў.

На ключавую і вельмі значную пасаду ўпаўнаважанага ў правах дзіцяці прызначаная пападдзя, якая да гэтага прапагандавала маладую, як яна лічыць, навуку - тэлеганію.

Што адбываецца ў эфіры расейскіх СМІ: любая перадача - гэта абсурд, скасаванне дыхатаміі «ісціна-хлусьня».

Наступная ахвяра - разбурэнне даверу. «Давер-недавер» - у Расеі гэтая праблема знятая. Яе не існуе. Расейцы сапраўды ведаюць: на выбарах усё фальсіфікуюць, змест сродкаў масавай інфармацыі - хлусня. І пры гэтым дакладна ведаюць, што так ва ўсім свеце...

Наступная ахвяра - свабода. Пуцін упершыню заступіў на пасаду прэзідэнта і ўжо праз чатыры дні ў тэлекампаніі НТВ пачаліся пракурорскія праверкі, а яе знішчэнне вялося ў жывым эфіры цягам года...

Наступная ахвяра - гібель супольнасці. Тут ключавую ролю гуляе «Эхо Москвы». Тое, што робіць гэтая радыёстанцыі і асабіста Венедыктаў, які ўспрымаецца як гуру свабоднай журналістыкі, - з'яўляецца заменай супольнасці тусоўкай. Гэта прынцыпова іншы тып камунікацыі, разбурэнне інстытута рэпутацыі. У тусоўцы ты можаш побач сустрэць Лугавога, Жырыноўскага і ліберальных журналістаў.

Чым медыяфрэнія адрозніваецца ад прапаганды

Класічная прапаганда - гэта фармаванне пэўнай цэласнай карціны свету. Інфармацыйная вайна - уздзеянне на апанента.

Медыяфрэнія не ставіць сабе задачу фармаваць карціну свету. Яе задача - пасеяць хаос у галовах, разбурыць усе сувязі, ператварыць свядомасць людзей у вату, каб яны не ўспрымалі тое, што адбываецца як нейкую цэласнасць і страцілі ўсякія арыенціры.

...Як змагацца. Вядома, перш за ўсё патрэбны сур'ёзны міжнародны грамадскі трыбунал над інфармацыйнымі злачынцамі, блакіроўка крыніц, стварэнне інфармацыйнай альтэрнатывы - сотні каналаў у ютубе, фэйсбуку і гэтак далей. І гэта мінімальныя меры, каб хоць неяк змяніць сітуацыю.

Канферэнцыя «Прафесійная этыка: сучасныя выклікі - пошук развязанняў» праходзіць у Менску 20-21 кастрычніка. Яе арганізавалі шведскі медыяінстытут Fojo разам з Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Беларускім саюзам журналістаў. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадстаўнікі Швецыі, Украіны, Расеі, Казахстана, Грузіі, Арменіі, а таксама беларускія журналісты.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках