20 красавiка 2024, Субота, 12:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі дамагліся спынення будаўніцтва шматпавярховіка на скрыжаванні Пляханава і Васняцова

5
Менчукі дамагліся спынення будаўніцтва шматпавярховіка на скрыжаванні Пляханава і Васняцова

19-павярховы дом планавалі ўзвесці з парушэннем нормаў забудовы.

Пасля працяглай барацьбы жыхары сталіцы дамагліся скасавання будаўніцтва другога 19-павярховага дома на скрыжаванні вуліц Васняцова і Пляханава ў Менску, паведаміў БелаПАН каардынатар грамадскага руху «Генплан - для менчукоў!» Дзяніс Кобрусеў.

З 2014 года жыхары Заходняга пасёлка выступалі супраць будаўніцтва двух шматпавярховікаў. Яны адзначалі, што будынкі будуць спрыяць забруджванню паветра ў раёне, і прасілі ануляваць пастанову Менгарвыканкама аб выдачы фірме «Атлант-М Буд» зямельнага пляцу. На думку жыхароў, экспэртныя высновы РУП «Галоўдзяржбудэкспэртыза» па ўзвядзенню аб'ектаў выдадзеныя з парушэннем устаноўленага заканадаўствам парадку, а будаўніцтва ўзгодненае насуперак рэгламентам генеральнага плана Менска і з дэталёвым планам забудовы раёна. Жыхары паказвалі і на тое, што замест зацверджанага праектам 9-павярховага дома ўзведзены 19-павярховы.

«Учора і сёння кампанія-забудоўшчык дэмантуе будаўнічую пляцоўку. Усё ж былі прызнаныя шматлікія парушэнні, праверку вядзе пракуратура. Праўда, на ўсе дакументы яна паставіла грыф «Для службовага карыстання», - адзначыў Кобрусеў.

Паводле ягоных слоў, забудоўшчык паведаміў ініцыятыўнай групе жыхароў, што яму не падоўжаны акт выбару зямельнага надзела і таму яны згортваюцца. «З першым ужо пабудаваным домам таксама ёсць праблемы. Ён, паводле нашых звестак, прызнаны самабудам, і ўладальнікі кватэр пятага паверху і вышэй не могуць атрымаць тэхпашпарты. Сітуацыя з засяленнем пакуль развязваецца», - сказаў актывіст.

Ён падкрэсліў, што згодна з нядаўна зацверджанай карэкціроўкай генплана Менска на гэтай тэрыторыі магчымае будаўніцтва аб'ектаў вышынёй не больш за 15 метраў.

«Спыненне будаўніцтва жыхары ўспрымаюць пазітыўна як для сябе, так і для Менска. Мы ўсе радуемся, бо дамагліся поспеху пасля шматгадовых намаганняў у прызнанні парушэнняў. Нарэшце гэтую будоўлю спынілі. Гэта паказвае, што нават у самых безнадзейных сітуацыях, нават калі забудоўшчык уплывовы, не трэба здавацца, трэба прадаўжаць кампаніі і даводзіць сваю правату», - сказаў актывіст.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках