28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Следчы камітэт: «Людзі ў масках» законна збілі лекара ва ўласнай кватэры

65
Следчы камітэт: «Людзі ў масках» законна збілі лекара ва ўласнай кватэры
ДЗМІТРЫЙ СЕРАДА

Следчы камітэт не ўгледзеў злачынства ў збіцці сталічнага лекара Дзмітрыя Серады супрацоўнікамі міліцыі.

Рэзанансная гісторыя адбылася 4 жніўня. 4 жніўня прыблізна а 8-й раніцы ў кватэру менскага лекара-педыятра Дзмітрыя Серады ўварваліся невядомыя ў масках: выбілі ўваходныя дзверы, а таксама спусціліся з даху і разбілі шкло балконных дзвярэй на кухні. Дзмітрыя паклалі тварам на падлогу, звязалі рукі за спінай, надзелі кайданкі. Усё гэта ў прысутнасці жонкі і малой дачкі. Як высветлілася, лекара падазравалі ў эксгібіцыянізме. Праз суткі яго вызвалілі, прызнаўшы невінаватым.

З дапамогай праваабаронцаў «Вясны» Дзмітрый Серада накіроўваў скаргу ва Управу Следчага камітэта горада Менска з просьбай выявіць і змусіць да адказнасці асобаў, якія аддалі распараджэнне зрабіць штурм ягонай кватэры і затрымаць яго ў якасці падазраванага паводле крымінальнай справы, а таксама тых, хто збіваў яго пры затрыманні і дастаўцы ў РУУС Заводскага раёна Менска 4 жніўня.

Праз два месяцы ў адказ на скаргу заяўнік атрымаў пастанову пра адмову ў распачынанні крымінальнай справы за подпісам следчага аддзела ў расследаванні злачынстваў супраць інтарэсаў службы УСК горада Менска А. Супічэнкі, узгодненую кіраўніком аддзела А. Івановым, паведамляе сайт spring96.org.

Як паведамляецца ў пастанове, падчас праверкі скаргі аперупаўнаважаныя аддзела крымінальнага вышуку Заводскага РУУС горада Менска Аляксандр Нушчык і Дзмітрый Шкулькоў сцвярджалі, што затрыманне Дзмітрыя Серады праводзілася «ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам», і адмаўлялі ўжыванне гвалту ў дачыненні да яго.

Кіраўнік Заводскага РУУС А. Германовіч таксама растлумачыў, што пастанова наконт затрымання супрацоўнікам АМАПа ГУУС Менгарвыканкама аперупаўнаважаным Нушчыкам «была прынятая абгрунтавана». Самі супрацоўнікі АМАПу таксама сцвярджаюць, што «якога-небудзь гвалту ў дачыненні да затрыманага з іх боку не ўжывалася», а «для пераадолення магчымага супраціву» з боку Серады выкарыстоўваліся кайданкі і фізічная сіла, «неабходная для фактычнага затрымання, у выглядзе загіну рукі за спіну».

Таксама ў пастанове паведамляецца, што дыягназы – «Закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені: страсенне галаўнога мозгу ад 2016/08/04, удар мяккіх тканак галавы, удар пярэдняй брушной сценкі», пастаўленыя Гарадской клінічнай лякарняй №10, і «страсенне галаўнога мозгу», вызначанае 9 жніўня 17-й гарадской клінічнай паліклінікай, – заключэннем загадчыка неўралагічнага аддзялення 10-й ГКБ Івановым А. прызнаныя неабгрунтаванымі, а шматлікія цялесныя пашкоджанні і ранкі, зафіксаваныя заключэннем судова-медыцынскай экспертызы ад 2016/09/14 аддзела агульных экспертыз №1, аднесеныя «да катэгорыі лёгкіх, якія не прывялі да кароткатэрміновых праблемаў са здароўем».

Атрымліваецца, што шматлікія цялесныя пашкоджанні ў заяўніка ёсць, а вінаватых у іх прычыненні няма – і следчага, які праводзіў праверку, гэты факт не бянтэжыць. Але Дзмітрый Серада не мае намеру мірыцца з такім становішчам справаў і будзе падаваць скаргі кіраўніцтву СК і ў пракуратуру з патрабаваннем ліквідаваць існыя сур'ёзныя супярэчнасці.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках