23 красавiка 2024, aўторак, 14:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскія ўлады спалохаліся пікетаў за незалежнасць Беларусі

9
Гомельскія ўлады спалохаліся пікетаў за незалежнасць Беларусі

Адмовы ў правядзенні пікетаў у абарону суверэнітэту Беларусі праваабаронцы абскардзяць у раённых судах.

Адміністрацыі раённых цэнтраў Гомельскай вобласці забаранілі праводзіць на цэнтральных плошчах сваіх гарадоў пікеты, якія планавалася правесці з 20 да 23 кастрычніка з мэтай прываблівання ўвагі грамадскасці да неабходнасці абароны незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, паведамляе ПЦ «Вясна».

Такую пастанову ў дачыненні да ініцыятывы актывістаў Гомельскага цэнтра стратэгічнай цяжбы прынялі Добрушскі, Чачэрскі, Жлобінскі, Веткаўскі, Лоеўскі, Брагінскі, Хойніцкі, Буда-Кашалёўскі і Кармянскі райвыканкамы.

Асноўная прычына адмовы – заяўленае месца правядзення. Дазволенымі месцамі для правядзення масавых мерапрыемстваў у райцэнтрах практычна ва ўсіх выпадках вызначаны стадыёны на ўскраіне, а заяўнікі збіраліся правесці акцыі на цэнтральных плошчах. Таксама райвыканкамы Кармянскага, Хойніцкага і Буда-Кашалёўскага раёнаў адмовілі заяўнікам з прычыны таго, што тыя не падалі дамовы на ахову масавых мерапрыемстваў, іх медыцынскае абслугоўванне і вываз смецця. Акрамя таго, у Ветцы чыноўнікі, спасылаючыся на сваю пастанову, запатрабавалі ад заяўніка Васіля Палякова яшчэ і аплату паслуг міліцыі, хуткай дапамогі і мясцовых камунальнікаў.

«У райцэнтрах забаронена праводзіць пікеты на цэнтральных плошчах, хоць базавы закон пра масавыя мерапрыемствы гэта забараняе толькі бліжэй за 50 метраў ад будынкаў райвыканкамаў. Нам таксама не зразумела, чаму, напрыклад, у Чачэрску і Жлобіне пікеты можна праводзіць бясплатна, а ў Ветцы за грошы», – кажуць заяўнікі.

Адмовы ў правядзенні пікетаў праваабаронцы абскардзяць у раённых судах.

Кіраўнік ГЦСЦ Леанід Судаленка нагадаў, што летась актывісты змаглі абскардзіць у судзе незаконную пастанову адміністрацыі Хойнікаў наконт адмовы ў правядзенні мірнага сходу.

«Гэтай акцыяй мы хочам “пратэставаць” чыноўнікаў гомельскага рэгіёну на прадмет разумення канстытуцыйнага права грамадзянаў на мірныя сходы і выказванне меркавання», – дадаў Леанід Судаленка.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках