18 красавiка 2024, Чацвер, 5:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты: Беларуская ўлада зайшла ў тупік

20
Экспэрты: Беларуская ўлада зайшла ў тупік

У луканомікі ніякіх рэсурсаў для павышэння прыбыткаў беларусаў.

Беларусы прадаўжаюць бяднець, сведчаць звесткі Белстата. У параўнанні з мінулым годам рэальныя прыбыткі насельніцтва ўпалі на 7,1%. У той самы час экспэрты адзначаюць, што ў сваім падзенні яны ўжо амаль дасягнулі дна і 300 дал. У эквіваленце – гэта той сярэдні заробак, які пасільны для луканомікі.

Кажучы пра эканамічныя вынікі студзеня – верасня, экспэрты канстатуюць самае глыбокае падзенне прыбыткаў насельніцтва за апошнія два гады, калі сітуацыя ў эканоміцы пачала пагаршацца, піша ng.ru. Яшчэ нядаўна аналітыкі сцвярджалі, што, нягледзячы на зніжэнне ўзроўню прыбыткаў, беларусы не хочуць пагаршаць якасць жыцця і ў чаканні паляпшэння сітуацыі праядаюць «заначкі».

Апошнія статыстычныя звесткі кажуць пра тое, што і выдаткоўваць насельніцтва стала менш – на 3,1% у параўнанні з аналагічным перыядам летась. Праўда, пакуль ашчаджэнні ўсё ж выкарыстоўваюцца для падтрымання ўзроўню жыцця. Статыстыка Нацбанка кажа пра тое, што грамадзяне забіраюць свае ўклады з банкаў і прадаюць ім свае валютныя запасы. Праядаць яшчэ ёсць што – на рахунках беларусаў блізу 7 млрд дал.

Урад абяцае невялікі рост на будучы год – і эканомікі (1,7%), і прыбыткаў (1,3%), аднак экспэрты гэтага аптымізму не падзяляюць. «Ніякіх рэсурсаў, каб павышаць прыбыткі насельніцтва больш хуткімі тэмпамі, у дзяржавы цяпер, ва ўмовах значных выплатаў паводле ўнутраных і вонкавых пазыкаў, няма», – упэўнены дырэктар Даследчага цэнтра Аляксандр Чубрык.

Больш за тое, у перспектыве ўзровень жыцця будзе, наадварот, падаць. Урад ужо анансаваў рост кошту жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) у наступным годзе. Нагадаем, што на ліквідацыі перакрыжаванага субсідавання, а адпаведна павелічэнні тарыфаў для насельніцтва і зніжэнні для прадпрыемстваў, настойвае патэнцыйны крэдытор Беларусі – Міжнародны валютны фонд (МВФ). Як зрабілі справаздачу на гэтым тыдні чыноўнікі, якія былі ў Вашынгтоне на перамовах з МВФ, праграма супрацоўніцтва з фондам мяркуе, што ўжо ў 2018 годзе беларусы будуць цалкам аплачваць ЖКП. Мяркуецца, што найбяднейшыя пласты насельніцтва падтрымаюць праз адрасную дапамогу, аднак прэтэндаваць на яе змогуць зусім нямногія.

Экспэрты, як мясцовыя, так і міжнародныя, паказваюць на сектар дзяржпрадпрыемстваў як на самае слабае звяно беларускай эканомікі, а ягоная дзель складае прыкладна 80%. Тэмпы падзення ў прамысловасці замарудзіліся – мінус ужо не набліжаецца да 10%, а балансуе на ўзроўні 2%, аднак пра рост там гаворка пакуль не ідзе.

Больш за тое, чыноўнікі ў кулуарах прызнаюцца, што калі б Беларусь пагадзілася з патрабаваннямі МВФ, то ўжо ў найбліжэйшы час банкрутамі сталі ўсе асноўныя прадпрыемствы краіны, а іх супрацоўнікі пазбавіліся б крыніцаў прыбытку.

Нагадаем, што не так даўно Лукашэнка менавіта за такія падыходы раскрытыкаваў патрабаванні МВФ. Аднак статыстыка кажа пра тое, што патрабаванні фонду маюць эканамічную аснову. Пратэрмінаваныя пазыкі прадпрыемстваў у крэдытах і пазыках, многіх з якіх дзяржава штучна ўтрымлівае ад банкруцтва, за восем месяцаў выраслі ў два разы, і толькі за жнівень яны дадалі 23%. Гэта сведчыць пра тое, што ў кампаній няма грошай не толькі на заробак, але і на разлікі ў пазыках перад банкамі.

Экспэрты раяць беларусам забыцца пра сярэдні заробак 500 даляраў. На думку эканаміста Уладзімера Кавалкіна, той узровень сярэдняга заробку, да якога цяпер набліжаецца Беларусь (300 – 350 дал. у эквіваленце), адпавядае магчымасцям эканомікі. Яе рост у нядаўнім мінулым быў штучным, паколькі засноўваўся на разагрэве эканомікі і ўкіду ў яе пустых, не забяспечаных таварамі, грошай. У той жа час эканаміст мяркуе, што і ніжэй за 300 дал. сярэдні заробак беларуса не ўпадзе ў найбліжэйшай перспектыве.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках