20 красавiка 2024, Субота, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя пераможцы «Bulbamovie-2016» у Менску

1
Сталі вядомыя пераможцы «Bulbamovie-2016» у Менску

Паказ фільмаў-пераможцаў пройдзе 23 кастрычніка ў АртКінатэатры ў ГЦ «Тытан».

У Менску закончыўся фестываль беларускага кіно «Bulbamovie-2016», які праходзіў у АртКінатэатры ў ГЦ «Тытан» 21 – 22 кастрычніка, паведамляе «Радыё Свабода».

Цяперашняя праграма «Bulbamovie» праходзіла ў трох асноўных кірунках: мастацкае кіно, дакументальнае кіно і анімацыя. Былі пададзеныя 64 заяўкі, з іх 24 прайшлі першасны адбор і стварылі конкурсную праграму.

Як паведаміў праграмны дырэктар Bulbamovie-2016 Максім Жбанкоў, у намінацыі «Мастацкае кіно» журы адзначыла стужку рэжысёра Віктара Красоўскага «Душы мёртвыя», у намінацыі «Анімацыя» – стужку рэжысёра Івана Гапіенкі «Дзеці будучыні спяць».

«Журы праняла пастанову не адзначаць нікога ў намінацыі “Дакументальнае кіно”, а замест гэтага выдаць дзве дадатковыя ўзнагароды для мастацкіх і анімацыйных фільмаў. Іх атрымалі стваральнікі стужак “Дваццацьшаснаццаць” і “Ламберсек і даярка”. Як пажартаваў адзін з чальцоў журы Паўлюк Канавальчык, замест адной залатой бульбіны выдалі два залатыя дранікі», – апавёў Жбанкоў.

Акрамя гэтага журы пастанавіла ўзнагародзіць мастацкі фільм «Вянок» прызам глядацкіх сімпатый, а фільм пераможца сярод анімацыйных фільмаў «Дзеці будучыні спяць» атрымаў дадаткова ўзнагароду за найлепшы гук.

«Bulbamovie – гэта фэст, які пачынаўся перш за ўсё як Варшаўскі фестываль беларускага кіно. Сёлета, ужо другі год запар, мы яго праводзім у Менску, і я думаю, што гэта абсалютна лагічна, бо няма сэнсу ехаць па беларускае кіно ў Варшаву або ў Вільню, калі яно робіцца тут. Мы разглядаем свой праект як пляцоўку для сустрэчы новых беларускіх аўтараў з маладой публікай і спадзяемся, што ў нас усё атрымаецца», – казаў Жбанкоў перад стартам фестывалю.

«Уся праграма фестывалю, і асабліва пераможцы, якіх выбрала журы, засведчылі, што беларускае кіно выходзіць на новы ўзровень якасці. Прынамсі, цяпер словы “беларускае кіно” ўжо не выклікаюць пагардлівай усмешкі і здзеклівых каментароў. Упершыню ў нас з'явілася новае пакаленне, якое дэманструе самы высокі тэхнічны ўзровень. Фестываль “Bulbamovie” – гэта платформа, дзе можна ўбачыць новых яркіх асобаў беларускага кінематографу», – пракаментаваў Максім Жбанкоў вынікі конкурснай праграмы.

23 кастрычніка ў АртКінатэатры ў ГЦ «Тытан» аб 11-й пакажуць усе стужкі анімацыйнай праграмы фестывалю, у 12.00 – пачнецца паказ фільмаў-пераможцаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках