28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ паведамілі падрабязнасці размовы Парашэнкі з Пуціным падвышаным тонам

17
СМІ паведамілі падрабязнасці размовы Парашэнкі з Пуціным падвышаным тонам

На сустрэчу ў Бэрліне не прапусцілі адыёзнага Барыса Грызлова.

На сустрэчу «нармандскай чацвёркай» - перамовы лідараў Нямеччыгы, Расеі, Украіны і Францыі Ангелы Мэркель, Уладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі і Франсуа Аланда, - якія прайшлі ў Бэрліне 19 кастрычніка, не прапусцілі паўнамоцнага прадстаўніка РФ у Кантактную групу па Украіне Барыса Грызлова.

Акрамя таго, гутарка Парашэнкі і Пуціна ў рамках перамоваў «нармандскай чацвёркі» ў нейкі момант вялася падвышаным тонам. Пра гэта паведамляе ўкраінскае інтэрнэт-выданне Liga.net са спасылкай на аднаго з удзельнікаў перамоваў ва ўкраінскай дэлегацыі.

«Немцы забанілі яго прыезд», - сказаў суразмоўца выдання. «Я так разумею, што логіка Бэрліна наступная: ёсць санкцыйны Суркоў (Уладзіслаў Суркоў, памочнік прэзідэнта Расеі, у 2014 годзе яму быў забаронены ўезд у ЕЗ і ЗША) - яго і так дастаткова, не трэба яшчэ і Грызлова сюды везці», - сказаў удзельнік дэлегацыі. Грызлоў, як і Суркоў, знаходзіцца ў санкцыйных спісах ЕЗ і ЗША з 2014 года. Са слоў суразмоўцы выдання, расейскіх удзельнікаў перамоў нядопуск Грызлова «вельмі моцна раззлаваў».

Далей у матэрыяле Liga.net пад назвай «Страляць спыні». Дэталі перамоваў з Пуціным у Бэрліне», які быў апублікаваны напярэдадні, 21 кастрычніка, распавядаецца пра ход перамоў. У нататцы, між іншым, адзначаецца, што ў нейкі момант Парашэнка і Пуцін пачалі размаўляць падвышаным тонам.

Неяк падчас перамоваў слова ўзяў Парашэнка. «Ведаеце, ні для каго не сакрэт, колькі вашай зброі і войскаў на акупаваных тэрыторыях Данбаса. Для чаго мы тут? Каб вы перасталі страляць», - сказаў прэзідэнт Украіны, звяртаючыся непасрэдна да Пуціна. У гэты момант расейскі лідар паспрабаваў перабіць Парашэнку рэплікай аб неабходнасці выконваць палітычную частку «менскіх дамоўленасцей», дасягнутых на аналагічных перамовах у Менску ў лютым 2015 года. Аднак Парашэнка павысіў голас: «Не, ты проста перастань страляць».

У рэпартажы газеты «Коммерсант», які быў апублікаваны паводле вынікаў сустрэчы 20 кастрычніка, паведамлялася, што Парашэнка патрабаваў вырашыць пытанне з кантролем расейска-ўкраінскага ўчастка мяжы, а ўжо потым казаць пра пагадненне аб амністыі, пра выбары ў Луганскай і Данецкай абласцях і пра іх асаблівы статус - аб першачарговасці вырашэння гэтых задач казаў расейскі бок. Пра гэту ж спрэчку гаворыцца ў артыкуле Liga.net. Самі ўдзельнікі перамоваў паводле вынікаў сустрэчы казалі, што ўсе напрацаваныя падчас гутаркі пастановы яшчэ будуць абмяркоўвацца і набываць канчатковыя формы на міністэрскім узроўні.

Агулам, сустрэча «нармандскай чацвёркі» доўжылася амаль пяць гадзін. Увагу СМІ да перамоваў, якія прайшлі тры дні таму, тлумачыцца не толькі іх важнасцю, але і тым, што яны праходзілі за зачыненымі дзвярыма, а пасля гутаркі прадстаўнікі «чацвёркі» абмежаваліся фармальнымі каментарамі. Гэта ўжо не першая падобная сустрэча ў «нармандскім фармаце». Іх пачалі праводзіць з мэтай урэгулявання канфлікту на Данбасе, які працягваецца з вясны 2014 года.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках