18 красавiка 2024, Чацвер, 5:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

60 гадоў антысавецкаму паўстанню ў Вугоршчыне

9
60 гадоў антысавецкаму паўстанню ў Вугоршчыне

Чаго вы, магчыма, не ведалі пра вугорскія падзеі 1956 года.

23 кастрычніка спаўняецца 60 гадоў з пачатку выступлення вугорскага народа супраць камуністычнай сістэмы, праз 12 дзён падушанага савецкім войскам, піша BBC.

На першым этапе (23-30 кастрычніка 1956 году) пазіцыя кіраўніцтва СССР была досыць стрыманай. За бескампраміснае выкарыстанне сілы выступаў толькі Клімент Варашылаў. Астатнія, уключаючы першага сакратара КПСС Мікіту Хрушчова, галоўнага ідэолага партыі Міхаіла Суслава і міністра абароны Георгія Жукава, асцерагаліся супраціву вугорцаў і рэакцыі Захаду, і меркавалі, што трэба шукаць агульную мову з новым вугорскім прэм'ерам Імрэ Надэм, які, хоць і не зусім «наш», затое здольны кантраляваць сітуацыю.

Менавіта так развіваліся прыкладна ў той жа час падзеі ў Польшчы, дзе Масква змірылася з прыходам да ўлады Уладзіслава Гамулкі, якога лічыла правым апартуністам. Той у выніку апынуўся цалкам прымальнай для Крамля фігурай. У выніку 30 кастрычніка савецкія войскі былі выведзеныя з Будапешта.

Вугоршчына: гнеў старэйшага брата

Фатальную ролю адыграў інцыдэнт 31 кастрычніка, калі дэманстранты атачылі будынак будапешцкага гаркама партыі, які лічыўся апорай кансерватараў. Спачатку яны быццам бы хацелі толькі «разагнаць сталіністаў». Але тут пачуліся стрэлы, на плошчы з'явіліся забітыя і параненыя. Раз'юшаны натоўп уварваўся ў гаркам і лінчаваў блізу дваццаці чалавек, уключаючы першага сакратара Імрэ Мэзе.

Па ўсім горадзе пачалі адлоўліваць і вешаць на дрэвах афіцэраў дзяржбяспекі, якіх пазнавалі па аднолькавых жоўтых чаравіках, выдадзеных у гаспадарчым кіраванні. Гэта рэзка змяніла настрой у Маскве. Хто адкрыў агонь, дагэтуль незразумела. У СССР віну ўскладалі на «банды эмігрантаў-харцістаў», якія нібыта былі перакінутыя з ФРГ і Аўстрыі, хоць ніводнага баявіка-эмігранта злоўлена не было. Паводле іншых звестак, правакацыю ўчынілі вугорскія чэкісты.

У адрозненне ад падаўлення «Пражскай вясны» ў 1968 годзе, падзеі у Будапешце не абыйшліся без баёў і вялікай крыві. Маршал Іван Конеў, які камандаваў уводам войскаў, ужыў тую ж тактыку, якую выкарыстаў пры штурме Бэрліна: кінуў на вузкія вуліцы вялікага горада масу танкаў.

Абаронцы Будапешта закідвалі іх «кактэйлямі Молатава» і абстрэльвалі з верхніх паверхаў будынкаў. За тры дні загінула 2652 вугорцы і 640 савецкіх вайскоўцаў, параненыя былі адпаведна 19226 і 1251 чалавек. 26 жаўнерам і афіцэрам за ўдзел у неаб'яўленай вайне прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.

Паводле вынікаў паўстання афіцыйна былі вынесеныя шэсць смяротных прысудаў: прэм'еру Вугоршчыны Імрэ Надзю, які ўзначаліў вызваленчы рух, міністру абароны Палу Малетэру, публіцысту Міклашу Гімешу і яшчэ тром фігурантам іншых працэсаў. Але розныя крыніцы кажуць пра 350 і нават 1200 забітых ужо пасля падаўлення паўстання. 846 чалавек вывезлі ў савецкія лагеры і турмы, блізу 13 тысяч знаходзіліся ў зняволенні на радзіме. Старшыня КДБ Іван Сяроў, які ездзіў разбірацца з «контррэвалюцыяй», атрымаў ордэн Кутузава I ступені.

Прэм'ер Вугоршчыны і адзін з лідараў пратэстаў Імрэ Надзь быў перакананым марксістам і старым камінтэрнаўцам, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне ў Расеі на баку чырвоных, з 1929 да 1944 жыў у Маскве. Некаторыя крыніцы прыпісваюць яму ўдзел у забойстве царскай сям'і, але довадаў гэтаму няма. Ступень закрытасці камуністычнай сістэмы была такая, што дагэтуль дакладна невядома, якім спосабам пакаралі смерцю Надзя: расстралялі ці павесілі.

Распаўсюджана меркаванне, што смяротны прысуд у дачыненні да Надзя быў вынесены пад ціскам СССР. Аднак рассакрэчаныя дакументы паказваюць, што Хрушчоў не хацеў крайнасцяў, а прапаноўваў адправіць Надзя выкладчыкам у якую-небудзь правінцыйную ВНУ. Вядомыя яго словы, сказаныя на пасяджэнні прэзідыума ЦК КПСС 5 лютага 1958 года: «Праявіць цвёрдасць і велікадушнасць». Аднак новы прамаскоўскі лідар Янаш Кадар намагаў на пакаранні і, паводле некаторых звестак, нават прысутнічаў пры ёй, адпомсціўшы Надзю, якога лічыў адным з вінаватых уласнага арышту і катаванняў у 1951 годзе.

Кіраўнік каталіцкай царквы Вугоршчыны кардынал Ёжэф Міндсенці, 3 лістапада які выступіў на радыё з заклікам да нейтралітэту краіны і свабоды сумлення, пасля ўступлення ў Будапешт савецкіх войскаў схаваўся ў амерыканскай амбасадзе і пражыў, не выходзячы з будынка, амаль 15 гадоў, што з'яўляецца рэкордам такога роду.

Толькі ў 1971 годзе дзякуючы намаганням Ватыкана ўлады камуністычнай Вугоршчыны дазволілі яму з'ехаць на Захад. Пры гэтым была складзеная неафіцыйная ўгода: Міндсенці падаў у адстаўку з пастоў арцыбіскупа Эстэргомскага і прымаса Вугоршчыны, але гэтыя кафедры заставаліся вакантнымі да яго скону.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках