25 красавiка 2024, Чацвер, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыякан з Расеі ў кепцы з Пагоняй

5
Дыякан з Расеі ў кепцы з Пагоняй

Гісторыя праваслаўнага дыякана, які любіць футбол, рок-музыку і Беларусь.

Не так даўно карэспандэнт «Газеты Слонiмскай» сустрэў у горадзе чалавека з фотаапаратам, які з выгляду быў падобны на турыста і аматара класічнай рок-музыкі. На ім была надзетая кепка з беларускім нацыянальным гербам «Пагоня». У ходзе размовы высветлілася, што мужчыну клічуць Марк Баклушын. Жыве ён у Кастраме, дзе служыць дыяканам у праваслаўнай царкве.

– Марк, які раз Вы пабывалі ў Слоніме?

– Трэці ўжо. І мяркую, што Слонім адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі. Увогуле Гарадзенская вобласць багатая на прыгожыя месцы.

Мне вельмі падабаецца Беларусь у цэлым і Слонім канкрэтна. Наведваючы Слонімшчыну, вядома ж, я не магу не пабываць у Жыровічах. Сам манастыр і цудатворны абраз Божай Маці, несумненна, з'яўляюцца галоўнай святыняй Беларусі. Гэта месца, дзе вельмі багата Божай ласкі, дзе заўсёды адчуваю вялікую духоўную радасць. І ўсім сваім знаёмым у Расеі ў абавязковым парадку рэкамендую пабываць там і прыкласціся да святыні.

– Раскажыце крыху пра сябе.

– Мама ў мяне паводле нацыянальнасці беларуска, нарадзілася ў вёсцы Хацінава Любанскага раёна Менскай вобласці. Нарадзіўся я ў Расеі, але ў раннім дзяцінстве мы з'ехалі жыць у Беларусь, потым, праўда, давялося з шэрагу прычынаў вярнуцца на радзіму бацькі. Але найлепшыя ўспаміны дзяцінства ўсё адно звязаныя з Беларуссю. Кожнае лета без выключэнняў мы ездзілі ў госці да бабулі ў Хацінава, таму Беларусь я называю сваёй другой радзімай. І цяпер у Беларусі жыве шматлікая радня з матчынай лініі. З дзяцінства захапляўся футболам, гуляў у мясцовых камандах, у юнацкія гады галоўным захапленнем быў цяжкі рок. Да гэтага часу люблю і слухаю гэтую музыку. Але галоўны сэнс жыцця – служэнне Богу.

– На Вашай кепцы беларускі нацыянальны герб «Пагоня». Гэта значыць, што, жывучы ў Расеі, Вы цікавіцеся беларускай культурай і гісторыяй?

– Быў перыяд, пасля сыходу з жыцця бабулі, калі доўгі час, дакладней, больш за 20 гадоў, я не быў у Беларусі, але за ўсімі тутэйшымі працэсамі, вядома ж, сачыў. У 2005-м мы з мамай паехалі наведаць яе сястру. Пабывалі ў роднай вёсцы, і настолькі мяне захліснула любоў да радзімы продкаў, што з таго часу кожны год падарожнічаю па Беларусі, выбіраю пэўны маршрут, скажам, Магілёўскую вобласць, самыя цікавыя там гарады і мясціны, і езджу звычайна летам на дзён дзесяць, як правіла. Паколькі я да гэтага часу люблю футбол і хварэю за барысаўскі БАТЭ і зборную Беларусі, то ў апошнія гады маршрут і час выбіраю ў сувязі з гульнямі, стараюся прынамсі на пару матчаў схадзіць. На гэты раз з задавальненнем пабываў на адборачным матчы ЧС Беларусь – Францыя, які праходзіў у верасні гэтага года.

Сабраў ужо прыстойную бібліятэку пра гісторыю Беларусі, сачу за ўсімі падзеямі ў краіне праз інтэрнэт, гляджу тэлевізійныя навіны.

– І як Вам атмасфера на матчы Беларусь – Францыя, матчы, дзе ўпершыню за доўгія гады міліцыя не затрымлівала за нацыянальную сімволіку, а заўзятары крычалі «Жыве Беларусь!» і спявалі беларускія песні?

– Атмасфера была проста захапляльная! Маё месца якраз было зусім побач з фанацкім сектарам за брамамі, так што ўсё бачыў і слухаў ужывую і з блізкай адлегласці. Падтрымка ў зборнай Беларусі была проста шалёная.

– Вы сказалі, што яшчэ адным Вашым захапленнем з'яўляецца цяжкі рок. Раскажыце, калі ласка, якія гурты слухае будучы святар?

– Я вельмі кансерватыўны чалавек і заўсёды быў адналюб ва ўсіх сваіх прыхільнасцях. Падабацца можа многае, а любіш па-сапраўднаму заўсёды толькі адно. Таму я заўсёды быў прыхільнікам толькі групы KISS. Цягам некалькіх дзясяткаў гадоў я слухаў іх і сачыў за іх творчасцю. З прыходам у царкву, вядома, музыка адышла на задні план, але першая любоў ніколі не забываецца. Існуе ў людзей, далёкіх ад веры, меркаванне, што царква – гэта суцэльнае «нельга». Паверце, гэта няпраўда, нідзе і ніколі я не сустракаў такой свабоды, як у царкве. І, вучачыся ў семінарыі, магу з упэўненасцю сказаць, што нават там ніхто не кантралюе музычныя і іншыя густы ў студэнтаў, кожны вольны выбіраць, што яму глядзець ці слухаць.

– Цяпер трохі надзённае пытанне. Не сакрэт, што некаторыя служыцелі РПЦ прасоўваюць шавіністычную ідэю так званага «рускага свету», якая адмаўляе самастойнасць беларускага і ўкраінскага народаў. І тут Вы з гербам «Пагоня» і любоўю да беларускай гісторыі і культуры...

– Любы клірык мае права выказаць сваё меркаванне, але гэта не значыць, што гэтае меркаванне ўсёй царквы. Не выключаю, што некаторыя прадстаўнікі і выказваюцца падобным чынам з гэтай нагоды, але з упэўненасцю магу сказаць, што гэта зусім не пазіцыя РПЦ. Так што не варта надаваць гэтаму занадта вялікага значэння...

– Вы як чалавек, які з'яўляецца ў сутнасці і напалову паводле паходжання беларусам, не хацелі б служыць Богу менавіта на зямлі продкаў?

– Калі шчыра, то вельмі хацеў бы. Таму не выключаю магчымасці таго, што рана ці позна, стаўшы святаром, папрашуся служыць у адну з беларускіх епархій. Але на ўсё воля Божая.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках