29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскіх журналістаў спрабуюць штрафаваць праз «Аднакласнікаў»

9
Гомельскіх журналістаў спрабуюць штрафаваць праз «Аднакласнікаў»

Судовы выканаўца пагражае пазбавіць журналістку пасведчання кіроўцы і забараніць выезд з Беларусі.

Гомельская журналістка-фрылансер, сябра ГА «БАЖ» Ларыса Шчыракова атрымала паведамленне ў сваім профілі ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» ад судовага выканаўцы Гомельскага раёна Дзмітрыя Калодзіна з прапановай неадкладна выплаціць штрафы. У адваротным выпадку судовы выканаўца пагражае абмежаваць права Шчыраковай на кіраванне аўтатранспартам і забараніць выезд за межы Рэспублікі Беларусь, піша baj.by.

Гэта першы такі зварот праз сацыяльныя сеткі да журналісткі. Раней пасля судовых штрафаў Шчыракова атрымлівала такое папярэджанне на фірменным бланку з пячаткай установы.

«Уважаю судовага выканаўцу Калодзіна за вельмі актыўнага і крэатыўнага супрацоўніка. Мне нават стала трохі няёмка, бо штрафы за так званую падрыхтоўку відэаматэрыялаў для тэлеканала «Белсат» без акрэдытацыі я даўно выплаціла, а квітанцыі судоваму выканаўцу не перадала. Існуе, праўда, адзін істотны нюанс у ініцыятыве судовага выканаўцы: такі зварот не гарантуе, што інфармацыя дойдзе да адрасата, паколькі раздзел са здымкам у сацыяльных сетках з кожным імем можа стварыць хто заўгодна. У такім выпадку інфармацыя, якая тычыцца толькі мяне, стане вядомая іншаму чалавеку», - кажа Ларыса Шчыракова.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка мяркуе, што начальства павінна прыгледзецца да Дзмітрыя Калодзіна, як да стараннага і няспыннага работніка:

«Калі б ён быў маім падначаленым, я даў бы яму прэмію. Таму што ніякага парушэння працэдуры спагнання штрафу з боку судовага выканаўцы няма. Судовы выканаўца мае права розным чынам спаганяць штрафы з вінаватага. Ён адсочвае, ці ёсць грошы на рахунку чалавека. Можа накласці арышт на транспартны сродак, апісаць іншую маёмасць. Час не стаіць на месцы. Цяпер з'явілася магчымасць мець стасункі з вінаватым праз сацыяльныя сеткі. Абразы журналісткі на старонцы ў «Аднакласніках» не было - судовы выканаўца ветліва нагадаў, што трэба разлічыцца з дзяржавай, бо інакш будуць ужытыя рэпрэсіўныя захады».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках