24 красавiка 2024, Серада, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскі графіціст: Я адчуў глыбокае задавальненне ад праведзенай працы

33
Менскі графіціст: Я адчуў глыбокае задавальненне ад праведзенай працы
Фота: Egor Budgawl

Беларускі мастак патлумачыў, навошта ён унёс свае праўкі ў графіці пра «сяброўства» Менска ды Масквы.

Вулічны мастак, дамаляваў калючы дрот да графіці пра беларуска-расейскае сяброўства, называе сябе «аўтарам паляпшэння».

«Мне стала сорамна за падарунак сваіх маскоўскіх калег, і я надумаў надаць гэтаму хоць нейкі сэнс», - сказаў ён у інтэрв'ю БелаПАН.

На пытанне, як нарадзілася ідэя дамаляваць калючы дрот, мастак адказаў: «Мне падабаецца дапаўняць чужыя працы невялікімі штрыхамі, надаваць ім новы сэнс. Калючы дрот - добры, шматслаёвы сімвал і цалкам дарэчны, калі гаворка ідзе пра стасункі Расеі з іншымі краінамі».

Са слоў ананімнага аўтара, тэхніку для нанясення малюнка на два шматпавярховыя дамы ўдалося дастаць без праблем, аднак паведамляць падрабязнасці ён не стаў.

Мастак таксама распавёў, што маляваў на вуліцы цягам каля трох гадзін і рэакцыі мінакоў не заўважыў. «З вышкі дрэнна відаць. Я думаю, мінакі спалі ў сваіх цёплых ложках, і правільна рабілі», - сказаў ён. «Няма ніякай розніцы, што маляваць - калючы дрот або рамонкі. Але калі я гэта зрабіў, то адчуў глыбокае задавальненне ад праведзенай працы і ад новага выгляду гэтага фасада», - дадаў графіціст.

На пытанне, ці не баіцца ён пераследу з боку праваахоўных органаў, мастак адказаў: «Не, але калі яны звернуцца да мяне, я знайду, што ім адказаць». Вобраз калючага дроту, паводле ягоных слоў, азначае, што «ва ўсяго ёсць прыхаваная старана», у гэтым выпадку - «непрыгожая і нават небяспечная».

Графіціст таксама адзначыў, што стараецца не думаць пра цяперашнія беларуска-расейскія дачыненні і тых людзей, якія сёння знаходзяцца ва ўладзе ў Беларусі ды Расеі, бо адразу пачынае «нервавацца і перажываць».

Ён таксама паведаміў, што знаёмы з мэнэджэрам і з непасрэдным выканаўцам праекта графіці.

Аўтар графіці - мастак Артур Кашак з Яраслаўля - ад каментароў адмовіўся. «Вам лепей папрасіць каментары ў арганізатараў гэтага праекта. Я ўсяго толькі выканаўца і не магу вам нічога сказаць», - заявіў ён БелаПАН.

Графіці, якія сімвалізуюць беларуска-расейскае сяброўства, былі нанесеныя на два жылыя дамы на вуліцы Магілёўскай у Менску з ініцыятывы расейскага боку і прымеркаваныя да Дзён Масквы ў Менску, якія праходзілі ў чэрвені гэтага года. Хлопчык на малюнку сімвалізуе Менск, дзяўчынка - Маскву (на іх футболках намаляваныя гербы гарадоў).

Графіці выклікалі шквал крытыкі і сталі аб'ектам кпінаў у сацсетках, іх звалі «адраджэннем манументальнай прапаганды».

Інфармацыя пра тое, што малюнак дапоўнены выявай калючага дроту, з'явілася раніцай 24 кастрычніка на старонцы стрыт-арт-супольнасці Signal у Facebook. Ананімны мастак працаваў у мінулую нядзелю пры дапамозе спецыяльнай пад'ёмнай тэхнікі. Паведамлялася таксама, што пасля заканчэння працы ён пакінуў Менск.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках