19 красавiка 2024, Пятніца, 11:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кабякоў: Нам ёсць што прапанаваць сябрам з Намібіі

33
Кабякоў: Нам ёсць што прапанаваць сябрам з Намібіі
Андрэй Кабякоў

Сярод іншых бонусаў для сяброў з Афрыкі беларускі прэм'ер прапанаваў падрыхтоўку вайсковых кадраў для Намібіі.

Беларусь прапануе Намібіі наладзіць пастаўкі кар'ернай тэхнікі і шахтавага абсталявання, а таксама вымяральнага абсталявання радыяцыйнага кантролю, якое запатрабаванае пры здабычы ўрану. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 24 кастрычніка на сустрэчы з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам міжнародных адносін і супрацоўніцтва Намібіі Нетумба Нандзі-Ндаітвай, піша БелаПАН.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што гэта першы ў гісторыі двухбаковых стасункаў візіт у Менск сябра ўрада Намібіі. «Адносіны Беларусі з афрыканскімі дзяржавамі абапіраюцца на традыцыі дружбы, раўнапраўя і ўзаемнай павагі» - цытуе Кабякова прэс-служба Саўміна.

З яго слоў, поўдзень Афрыкі вельмі прывабны для Беларусі як перспектыўны рынак, што дынамічна развіваецца. «Цяпер ёсць значны патэнцыял пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў у сферы сельскай гаспадаркі, здабыўной прамысловасці, адукацыі і ў іншых галінах. Практычна ва ўсіх гэтых напрамках Рэспубліцы Беларусь ёсць што прапанаваць нашым намібійскім сябрам», - сказаў Кабякоў.

«Наша краіна таксама з'яўляецца адным з вядучых сусветных вытворцаў пасажырскай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі, трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. У рамках праграм механізацыі сельскай гаспадаркі, што рэалізуюцца ў Афрыцы, мы пастаўляем нашу тэхніку практычна ва ўсе афрыканскія рэгіёны», - адзначыў прэм'ер-міністр.

Кіраўнік урада паведаміў, што беларускія вытворцы гатовыя ў пакеце з таварнымі пастаўкамі прапаноўваць сучасныя фінансавыя механізмы і вельмі прывабныя ўмовы продажу тэхнікі. Таксама Кабякоў прапанаваў абмеркаваць пытанне аб уключэнні беларускай тэхнікі ў дзяржаўныя праграмы і праекты, якія рэалізуюцца ў Намібіі і фінансуюцца па лініі дзяржпраграм развіцця і міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

«Мы гатовыя забяспечыць падрыхтоўку кадраў, арганізаваць стажыроўкі па спецыяльнасцях, якія цікавяць: сельская гаспадарка, інжынерныя і тэхнічныя спецыяльнасці, медыцына, вайсковая справа» - падкрэсліў ён. Акрамя таго, прэм'ер-міністр прапанаваў супрацоўніцтва ў сферы тэхналогій апрацоўкі даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, выкарыстання мікрабіялагічных угнаенняў, ачысткі вады. Значным праектам можа стаць выкарыстанне шматфункцыянальных беспілотных авіяцыйных комплексаў, распрацаваных НАН Беларусі.

«Беларусь таксама зацікаўлена ў забеспячэнні жыхароў рэгіёну малочнай прадукцыяй, кансервамі, дзіцячым харчаваннем і іншымі прадуктамі», - заявіў Кабякоў.

22-25 кастрычніка кіраўнік замежнапалітычнай установы Намібіі знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам. У склад дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі шэрагу намібійскіх устаноў і арганізацый.

Прадстаўнік урада афрыканскай краіны правёў перамовы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Як паведамляе прэс-служба МЗС, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі ўвесь комплекс двухбаковых стасункаў, дамовіліся актывізаваць узаемадзеянне ў гандлёва-эканамічнай сферы, кантакты ў галіне адукацыі і арганізаваць абмен візітамі дэлегацый дзелавых колаў. Паводле вынікаў перамоў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам замежных спраў Беларусі і Міністэрствам міжнародных стасункаў і супрацоўніцтва Намібіі аб правядзенні палітычных кансультацый, а таксама сумеснае камюніке.

Макей 24 кастрычніка заявіў журналістам, што афрыканскі кантынент ўяўляе для Беларусі «велізарную» цікавасць, бо «ў кантэксце пастаўленай нашым прэзідэнтам задачы дыверсіфікацыі стасункаў мы павінны надаваць больш увагі нетрадыцыйным рынкам, рынкам краін далёкай дугі».

«Пераважная большасць афрыканскіх дзяржаў з'яўляюцца сябрамі Руху недалучэння, у які ўваходзіць і Беларусь. Мы ставім сабе практычна тыя ж самыя мэты ў тым, што тычыцца нашага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне. Таму блізкасць і падабенства поглядаў у міжнародных пытаннях ствараюць добрую аснову для нашага супрацоўніцтва, развіцця сувязяў і супрацоўніцтва з краінамі афрыканскага рэгіёну. Таму Афрыка для нас уяўляе велізарную цікавасць, асабліва краіны, якія блізкія нам па духу і паводле памераў», - сказаў на заканчэнне міністр.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках