20 красавiка 2024, Субота, 16:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскія ўлады запатрабавалі ад графіціста-партызана прыбраць калючы дрот

40
Менскія ўлады запатрабавалі ад графіціста-партызана прыбраць калючы дрот
Фота: Egor Budgawl

Менгарвыканкам даў мастаку тыдзень, каб зафарбаваць калючы дрот на «сяброўстве» Беларусі ды Расеі.

Менгарвыканкам асуджае ўчынак невядомага графіціста, які дамаляваў калючы дрот у мурал аб «сяброўстве» Масквы і Менска. Графіці вернуць ранейшы выгляд, пра гэта tut.by паведаміла прэс-сакратарка Менгарвыканкама Алена Мохар.

- Гарадскія ўлады падтрымліваюць вулічны стрыт-арт, аднак гэта не значыць, што камусьці будзе дазволена ўмешвацца ва ўжо створаныя ў горадзе працы. Учынак невядомага графіціста, які ўнёс змены ў малюнак аб сяброўстве Масквы і Менска - гэта, перш за ўсё, непавага да расейскага мастака Артура Кашака і адкрытае хамства ў дачыненні да менчукоў, - адзначыла Алена Мохар.

Яна падкрэсліла, што малюнак ва ўсякім выпадку адновяць у першапачатковым варыянце, а асоба аўтара «калючага дроту» будзе высветленая ў найбліжэйшы час.

- Мы прапануем мастаку да канца гэтага тыдня выправіць малюнак самастойна. У адваротным выпадку выдаткі горада будуць выстаўленыя яму ў судовым парадку.

Прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі распавёў, што міліцыя займаецца насценнымі малюнкамі, калі гэта падпадае пад паняцце гарадскога вандалізму. Да яго можна аднесці нанясенне несанкцыянаваных надпісаў, не прадугледжаных канструкцыяй дома, не ўзгодненых з Міністэрствам архітэктуры і жыллёва-камунальнымі службамі, калі ў наяўнасці факт хуліганства.

- Калі гэтыя дзеянні ўчыненыя з хуліганскіх меркаванняў, перайначванне малюнка не было прадугледжанае той структурай, якая давала дабро на мурал, тады іх можна расцэньваць як хуліганства. Калі адміністрацыя вызначыць звярнуцца ў органы ўнутраных спраў, будзе праведзеная праверка і дадзеная ацэнка прававога характару - з'яўляецца гэты акт вандалізмам ці не, - сказаў Аляксандр Ластоўскі.

Расейскі мастак Артур Кашак, аўтар першапачатковага графіці, ад каментароў журналістам адмовіўся. На пытанне, ці ўважае ён сваю работу цяпер сапсаванай, ён адказаў, што «нічога не думае з гэтай нагоды, бо ён усяго толькі выканаўца».

Нагадаем, летам урад Масквы зрабіў «падарунак» сталіцы - мурал, які сімвалізуе «сяброўства» двух народаў. У выбары эскіза браў удзел Менгарвыканкам. Хоць выніковы малюнак выклікаў неадназначную рэакцыю ў менчукоў. Учора пільныя грамадзяне заўважылі, што мурал «Масква - Менск» на сцяне дома па вуліцы Магілёўская, 32, набыў новы сэнс. На малюнку па-ранейшаму намаляваны хлопчык з букетам і дзяўчынка ў вянку, але вось у букет і вянок цяпер уплецены калючы дрот. Ананімны аўтар дамалёўкі растлумачыў свой учынак тым, што «бачыць утоеную пагрозу ў дачыненнях паміж Беларуссю і Расеяй» і што гэта «такая праўда жыцця, якую не атрымалася схаваць».

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках