29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самы старажытны будынак Беларусі паднялі на дамкратах для рэстаўрацыі

6
Самы старажытны будынак Беларусі паднялі на дамкратах для рэстаўрацыі
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Спецыялісты з Польшы зоймуцца рэстаўрацыяй лямуса на тэрыторыі Брыгіцкага манастыра ў Горадні.

Гарадзенскі лямус ужо даўно стаў адной з візітовак горада. Двухпавярховы будынак з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку, накрыты гонтавым дахам, паводле версіі навукоўцаў з'явіўся аж у XVII ст. Лямус упрыгожаны галерэяй з балюстрадамі, што надае фактычна падсобнаму будынку эстэтычны выгляд. Першапачаткова першы паверх прызначаўся для гаспадарчых мэтаў, другі - для жылля.

Цяпер драўляную канструкцыю лямусу паднялі на дамкратах на некалькі сантыметраў, каб умацаваць падмуркі. Там, дзе да самага падмурка было дакапацца цяжка, выкарыстоўвалі бэлькі-рычагі. Разам з тым, каб двухпавярховая канструкцыя не развалілася, сцены ўмацавалі адмысловымі бярвёнамі па вертыкалі.

«У нас ёсць апошняя магчымасць выратаваць гэты 300-гадовы помнік, распавёў «Белсату» інжынер Генрых Раманчук, - цяпер праходзяць падрыхтоўчыя працы. Пачнём са змены падмурка. Гэта першая неабходная праца, якая павінна быць выкананая яшчэ сёлета! Калі будуць грошы, то ў наступным годзе можна скончыць працу цалкам. Але паводле нашай інфармацыі, грошы будуць выдзяляцца цягам найбліжэйшых двух гадоў».

Рэнавацыю будынка будуць праводзіць «знізу ўверх». Спачатку падмурак, у наступным годзе сцены, потым - дах. Аднак, гонтавы дах, які знаходзіцца ў жудасным стане, павінен быць закансерваваны ўжо сёлета, каб супрацьстаяць пранікненню вільгаці.

Беларускі бок дзейснага ўдзелу ў рэстаўрацыі не прымае: толькі спецыялісты з Польшчы ўзгадняюць свае працы з беларускімі калегамі.

Сёлета за лямус наважыла ўзяцца Міністэрства Культуры Польшчы. Нашы суседзі дапамагаюць і грашыма, і спецыялістамі. Вывучэнне лямусу і будаўнічыя работы будуць праходзіць паралельна.

«Ёсць меркаванне, што гарадзенскі лямус - гэта самы старажытны драўляны будынак у Беларусі, узведзены ў 1630-х, - распавядае Мацвей Амбрасевіч, дырэктар Музея ў Вігры (Сувалкі), - але ён гарэў некалькі разоў і пасля адбудоўваўся...Мы з дапамогай метаду дэндрахраналогіі хацелі б праверыць, ці адпавядае гэта рэчаіснасці. Спадзяюся, мы пацвердзім гэтую тэорыю».

Амбрасевіч вымушаны канстатаваць, што большая частка будынка пашкоджаная біялагічна - дзіркі ад шкоднікаў і гнілыя элементы бачныя няўзброеным вокам. Але аб'ект, нягледзячы на свой узрост, з'яўляецца даволі моцным.

Лямус быў збудаваны на тэрыторыі жаночага манастыра брыгітак, заснаванага ў 1634 годзе Хрыстафорам Весялоўскім, маршалкам ВКЛ. Дарэчы, у манастыр прымалі выключна дзяўчат са шляхецкіх заможных сем'яў, разлічаны ён быў на 30 манашак. За савецкім часам тут быў псіханэўралагічны дыспансер, у пачатку 1990-х увесь комплекс вярнулі вернікам.

Калі рэстаўрацыяй касцёла займаліся, пачынаючы з 1980-х, то драўляны лямус, нягледзячы на сваю ўнікальнасць, увесь час заставаўся ўбаку. Да апошняга часу яго выкарысталі...як склад для будматэрыялаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках