19 красавiка 2024, Пятніца, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Польска-беларускія кантакты не падмацаваныя сур'ёзнымі зменамі ў самой Беларусі

Алесь Бяляцкі: Польска-беларускія кантакты не падмацаваныя сур'ёзнымі зменамі ў самой Беларусі
Алесь Бяляцкі

Лукашэнка імкнецца атрымаць эканамічныя выгады ад паляпшэння стасункаў з Польшчай, і ў той жа час зрабіць усё, каб нічога не мяняць у краіне.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі распавёў «Радыё Рацыя», ці заслоняць польскія эканамічныя інтарэсы праблемы беларускай дэмакратыі.

- На беларуска-польскім форуме «Добрасуседства» як беларускай стараной, так і польскай у асобе Матэвуша Маравецкага было заяўлена, што беларуска-польскае супрацоўніцтва будзе паглыбляцца. Наколькі гэта адаб'ецца на сфэры абароны правоў чалавека ў Беларусі?

- Апошнія месяцы кантакты паміж афіцыйным Менскам і афіцыйнай Варшавай прыкметна ўмацаваліся. У Беларусі было ўжо мабыць пяцёра польскіх міністраў. І прыезд віцэ-прэм'ера, які адказвае за эканоміку і фінансы, ключавыя пытанні ў развіцці эканомікі Польшчы, фактычна самы значны з апошніх, пасля наведвання Беларусі міністрам замежных спраў Вітольдам Вашчыкоўскім. Нездарма яго прымаў Лукашэнка, бо беларуская старана разглядае ў кантактах з Польшчай найперш эканамічныя выгады.

Я думаю, што гэтае супрацоўніцтва мае больш тактычны характар. Тым не менш, гэтыя кантакты паказальныя. І, на жаль, яны не падмацаваныя нейкімі сур'ёзнымі зменамі ў самой Беларусі, што тычыцца і грамадскіх, і палітычных правоў, і самой структуры эканомікі. Бо ў нас паралельна адбылася сустрэча з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Марэкам Зюлкоўскім, дзе ўсе, хто сустракаўся з ім, а гэта былі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый, казалі ў адзін голас, што беларускія ўлады імкнуцца атрымаць нейкія эканамічныя льготы і выгады ад паляпшэння стасункаў з Польшчай, і ў той жа час зрабіць усё, каб нічога не мяняць у сваёй краіне.

- Гэта значыць, Беларусь выбірае цалкам кітайскую мадэль развіцця?

- Вельмі верагодна. Адзінае, што перашкаджае Беларусі, што мы маленькая краіна. І Лукашэнка не адзін раз казаў, што «Беларусь замалая. А былі б мы большыя...»

Але не трэба забываць, што Беларусь падпісала міжнародныя пагадненні ў галіне правоў і вольнасцяў. І тое, чаго дамагаемся мы, праваабаронцы, каб наша краіна іх выконвала. Нічога большага мы не хочам. Мы хочам, каб выконвалася беларуская Канстытуцыя і міжнародныя пагадненні, якія падпісвалі улады Беларусі. Уладам гэта не падабаецца. Яны падкрэсліваюць, што мы маем «асаблівы шлях развіцця». Гэты шлях развіцця не новы. Ён нагадвае кітайскую і азербайджанскую мадэль, калі ў краіне існуе моцная аўтарытарная ўлада, якая выціскае з свайго народа ўсе сокі і ў той жа час спрабуе спрытна віхляць, кантактуючы з багатымі краінамі, развітой дэмакратыяй, з краінамі ЕЗ, акцэнтуючы гэтыя кантакты на эканамічных стасунках.

- Ці няма ў беларускіх праваабаронцаў асцярогі, што на фоне эканамічнага пацяплення будуць заплюшчваць вочы на парушэнне правоў чалавека?

- Я думаю, што беларускія ўлады неаднаразова казалі польскім чыноўнікам пра тое, што для паляпшэння стасункаў трэба, напрыклад, закрыць беларускае «Радыё Рацыя», тэлеканал «Белсат», трэба спыніць падтрымку іншых незалежных СМІ.

Я думаю, што гэтыя сігналы з беларускага МЗС ідуць да польскіх улад. У той жа час мы кажам, што гэтага ні ў якім разе нельга рабіць, бо ў Беларусі не адбываецца структурных змен. У кожны момант мы можам вярнуцца да значнага ўзмацнення хвалі рэпрэсій, да дзясяткаў, а можа і сотняў палітычных зняволеных. Ніхто не ведае, як будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі найбліжэйшым часам.

Алесь Бяляцкі адзначыў, што ў Беларусі на сённяшні момант ёсць тры палітычныя вязні. Да таго ж, паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна», колькасць палітычна матываваных адміністрацыйных судовых працэсаў ў 2016 годзе ў параўнанні з мінулым годам павялічылася ў тры разы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках