29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Улады яшчэ даведаюцца, што такое бабін бунт!»

15
«Улады яшчэ даведаюцца, што такое бабін бунт!»

Увечары 24 кастрычніка ля помніка Уладзіміру Караткевічу ў Віцебску сабраліся гараджане, якіх хвалюе лёс парку Партызанскай славы.

Нагодай для сустрэчы стала прапанова віцебскіх улад скараціць тэрыторыю, на якой будзе ўзведзены скандальны Сафійскі сабор.

Як піша «Віцебскі кур'ер», у адказе на калектыўны зварот віцебчукоў, якія выступілі ў абарону парку, было ўказана, што паводле новага праекту высечцы будзе падлягаць меншая колькасць дрэў. Але ці згодныя з такой пастановай самі гараджане?

Агароджу не прыбралі, але вось будаўнічы вагончык, ля якога 13 кастрычніка праходзіла сустрэча гараджан з прадстаўнікамі гарвыканкама, ужо знік. У самім парку па-ранейшаму ляжаць на зямлі спілаваныя дрэвы. Будаўніцтва прыпыненае.

- У нас тут не сталіца, таму будаваць Сафійскія саборы ў Віцебску немэтазгодна! - абураецца жанчына, якая прадставілася супрацоўніцай медыцынскага ўніверсітэта. - Навакольнае асяроддзе разбураць нельга, мы будзем бараніць свае правы на парк. Улады яшчэ даведаюцца, што такое бабін бунт!

Жыхарка вуліцы Чэхава Клара Мікалаеўна падрыхтавала пытанні да гарвыканкама. Яе хвалюе, якую колькасць дрэў сапраўды высякуць пасля карэкціроўкі праекта храма, калі была створана абшчына Сафійскага сабора, у якіх дакументах прапісаны крыніцы фінансавання будаўніцтва.

Падказаць віцебчукам, што рабіць у сітуацыі, якая склалася, прыехалі з Менска прадстаўнікі партала «Зялёная Сетка». Яўген Міхасюк і юрыст Таццяна Сініца з цікавасцю выслухалі думкі гараджан, якія сапраўды асцерагаюцца, што падчас будаўніцтва сабора пацерпіць велізарная колькасць зялёных насаджэнняў у парку Партызанскай славы.

- Тут магчымыя два варыянты, - сказаў Яўген, - вы выступаеце супраць будаўніцтва сабора ў прынцыпе, каб парк застаўся некранутым, альбо згаджаецеся на ўзвядзенне храма, але каб пры гэтым высеклі мінімальную колькасць дрэў.

- Нас ужо адзін раз падманулі, - абурана выказалася адна з жанчын, якія прыйшлі на сустрэчу, - абяцалі, што на плошчы Перамогі пасля яе рэканструкцыі застануцца дрэвы, а што ў выніку? Вось мы і не хочам, каб сітуацыя паўтарылася.

Юрыстка Таццяна Сініца прапанавала гараджанам зладзіць новы збор подпісаў супраць высечкі парку. На яе думку, неабходна, каб блізу 10 000 чалавек (прыкладна 10% ад агульнай колькасці насельніцтва Кастрычніцкага раёна, у якім збіраюцца ўзвесці сабор) пакінулі свае подпісы (і не ў электронным варыянце, а што называецца, ужывую). Тады і толк будзе.

Яшчэ адзін варыянт: зварот у мясцовы савет дэпутатаў, каб ініцыяваць рэферэндум. Зрэшты, з такой прапановай ужо выступіў праваабаронца Леанід Свецік. Пакуль адказу ён не атрымаў.

- Мы рады, што гарвыканкам прыслухаўся да нашага меркавання адносна скарачэння высечкі дрэваў у парку, - кажа Вікторыя Дашкевіч, карэспандэнт «Зялёнага партала», - і гатовыя да адкрытага дыялогу з уладамі, бо нам трэба захаваць парк. Вядома, лепш прызначыць яшчэ адно грамадскае абмеркаванне новага праекта будаўніцтва сабора. І хочацца пачуць меркаванне Віцебскай дыяцэзіі. Што думаюць святары з нагоды скарачэння тэрыторыі, на якой з'явіцца сабор? І ці можна ўсталяваць грамадскі кантроль над ходам будаўніцтва?

Усе гэтыя і іншыя пытанні па Сафійскаму сабору гараджане маюць намер задаць 27 кастрычніка ў Духаўскім кругліку на сустрэчы з намеснікам начальніка аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкама Леанідам Багданавым.

Нагадаем, на мінулым тыдні з'явілася інфармацыя, што пасля рашучых пратэстаў соцень жыхароў Віцебску гарадскія ўлады і праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату замарозілі будаўніцтва копіі полацкага Сафійскага сабора.

У адказ на гэта прыхільнікі будаўніцтва храма прыгразілі, што пойдуць да Лукашэнкі хрэсным ходам праз усю Беларусь.

Пасля гэтага Віцебскі гарвыканкам прапанаваў кампраміснае развязанне: перанесці будаўніцтва бліжэй да берага Дзвіны і пабудаваць там храм меншых памераў.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках