23 красавiка 2024, aўторак, 17:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: У Беларусі настаў час «фасаднай дэмакратыі»

1
Алесь Бяляцкі: У Беларусі настаў час «фасаднай дэмакратыі»
Алесь Бяляцкі
ФОТА: CHARTER97.ORG

На фоне размоў пра «лібералізацыю» ў краіне з'яўляюцца новыя палітвязні.

Лідар праваабарончага цэнтра «Вясна», былы палітвязень, Алесь Бяляцкі патлумачыў, чаму справа блогера Эдуарда Пальчыса мае відавочна палітычны кантэнт, і як беларускі рэжым імкнецца паказаць «фасадную дэмакратыю».

Зараз у Менску праходзіць працэс над Джонам Сільверам, заснавальніка рэсурсу 1863x.com. Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнем Эдуарда Пальчыса і называюць артыкул 25-гадовага Эдуарда Пальчыса «не больш чым аўтарскім меркаваннем аўтара на шэраг гістарычных падзей і фактаў». Беларуская ж дзяржава бачыць у публікацыях распальванне варожасці паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці. Прысуд Эдуарду Пальчыса будзе вынесены 28 кастрычніка.

- Я нагадаю, што ў Расеі за апошнія некалькі гадоў распачатыя дзесяткі, калі не сотні такіх спраў - за бяскрыўдны верш, за запісы на Facebook, за яшчэ нейкія паведамленні ў сродках масавай інфармацыі. Расейскія ўлады вельмі нервова рэагуюць на любую падтрымку ўкраінскага боку і любую крытыку расейскіх уладаў у гэтым канфлікце. І мы тут бачым такую ж сітуацыю. Таму многія каментатары, і я ў тым ліку, уважаюць, што, вядома ж, у распачынанні гэтай крымінальнай справы згулялі (ролю) як раз расейскія спецслужбы, якія, хутчэй за ўсё, націснулі або папрасілі беларускіх калег, каб тыя паўплывалі на Эдуарда Пальчыса з тым, каб спыніць працу гэтага сайта.

Потым Пальчыс уцёк ва Украіну, знаходзіўся нейкі час там, затым была дзіўная гісторыя яго вяртання ў Беларусь праз Расею, дзе ён быў затрыманы на загад беларускіх уладаў за парушэнне рэжыму падпіскі аб нявыездзе, якая была ўзятая падчас распачынання гэтай справы. Пэўны час ён знаходзіўся ў СІЗА ў Бранскай вобласці, пасля таго як на пачатку года быў затрыманы расейскімі праваахоўнымі органамі. Увесну яго перадалі беларускім уладам, і вось апошнія месяцы ён знаходзіцца ў СІЗА горада Менска.

Супастаўляючы ўсе гэтыя факты, атрымаўшы аналіз, незалежную экспэртызу гэтых тэкстаў, за якія яго вінавацяць у распальванні міжнацыянальнай варожасці, шэсць беларускіх праваабарончых арганізацый прынялі заяву аб прызнанні Эдуарда Пальчыса палітычным вязнем. Мы два месяцы чакалі вынік незалежнай экспэртызы, хоць наша меркаванне ўжо было ў нейкай ступені сфармаванае, бо нягледзячы на тое, што гэтыя дзевяць артыкулаў выдаленыя, у інтэрнэце іх усё ж можна знайсці. Пасля іх прачытання для мяне асабіста зразумела, што Пальчыс не выступаў супраць расейскага народа, ён не распальваў міжнацыянальную варожасць, але ён раз'юшана выступаў супраць ідэалогіі «Расейскага свету», - распавёў Алесь Бяляцкі «Радыё Франс».

Са слоў Бяляцкага, імаверна, у справе ёсць нейкія матэрыялы спецслужбаў, беларускага КДБ, магчыма, расейскай ФСБ, якія ўлады не хацелі б апублікаваць падчас гэтага працэсу, таму што ў часе працэсу сам падсудны мае права зачытваць любы дакумент з крымінальнай справы, як і адвакат.

- Я думаю, што ў прынцыпе ўлады не зацікаўлены ў разгалашэнні матэрыялаў гэтай справы, таму што нікчэмныя доказы віны Пальчыса. Магчыма, тут ёсць яшчэ нейкія аргументы, але ў любым выпадку закрытасць гэтай справы яшчэ больш падкрэслівае палітычны падтэкст.

Суд над Пальчысам у закрытым рэжыме нагадвае тыя суды, якія ў нас праходзілі калісьці над хлопцамі з «Маладога фронту», дзесяць гадоў таму. Яны таксама былі асуджаныя ў закрытым рэжыме. Тады, дарэчы, Зміцер Дашкевіч трапіў у калонію, цяпер Зміцер Дашкевіч таму кожны дзень практычна стаіць каля будынка суда і патрабуе адкрытасці працэсу. Закрытасць суда яшчэ раз сведчыць не на карысць беларускіх уладаў у гэтай справе супраць блогера.

Праваабарончая супольнасць, як кажа Бяляцкі, уважае, што ўлады імкнуцца паказаць «фасадную» дэмакратыю ў Беларусі. Так, у такім рэжыме прайшлі парламенцкія выбары, якія суправаджаліся, напрыклад, больш адкрытай агітацыйнай кампаніяй, за якімі назіралі шматлікія міжнародныя назіральнікі, але ў той жа час механізмы фальсіфікацыі выбараў засталіся такімі ж, якімі яны і былі.

- Гэта тычыцца і іншых сфер грамадскага і палітычнага жыцця, дзе ўлады хочуць паказаць найлепшы фасад, неяк яго ўпрыгожыць, але ў той жа час не змяніць сутнасці падаўлення дэмакратычных свабодаў, сутнасці рэжыму, які існуе ў Беларусі вось ужо 22 гады. І мы гэта проста бачым на канкрэтных лічбах, напрыклад, па свабодзе правядзення мірных акцый. Калі летась у нас было асуджана, прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці больш за сто чалавек, то сёлета за 10 месяцаў у нас ужо 250 адміністрацыйных спраў супраць грамадскіх актывістаў за правядзенне мірных акцый, пікетаў ці ж дэманстрацый.

Мы бачым, што працэсы пераследу грамадскіх і палітычных актывістаў не спыненыя, яны проста змянілі форму. Калі ў мінулым годзе асноўнай формай пакарання былі адміністрацыйныя суткі - да 15 сутак арышту, то сёлета мы маем штрафы, што, з аднаго боку, вядома ж, беражэ здароўе актывістаў, але з іншага боку, дзе знайсці гэтыя грошы? Сярэдні штраф цяпер складае прыкладна 400 еўраў - гэта ў той час, калі ў Беларусі сярэдні заробак у месяц блізу 350 еўраў. Беларускія ўлады, выкарыстоўваючы эканамічныя рычагі ўздзеяння, працягваюць практыку пераследу грамадскіх актывістаў.

Алесь Бяляцкі таксама закрануў тэму мараторыя на смяротнае пакаранне. З яго слоў, больш за траціну беларускага грамадства выступае супраць смяротнага пакарання, і гэта пры тым, што беларускія ўлады нічога не робяць для дыскусій на гэтую тэму, не даюць праваабаронцам магчымасці выступіць праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

Нагадаў праваабаронца і хуткі працэс, які расцэньваецца як палітычны. На днях у суд накіраваная справа Уладзіміра Кондруся, арыштаванага 14 чэрвеня ў падазрэнні ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года, калі акцыя супраць вынікаў «выбараў» прэзідэнта была жорстка разагнаная праваахоўнікамі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках