20 красавiка 2024, Субота, 3:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Найбліжэйшая да нас экзапланета падобная да Зямлі і мае ваду

2
Навукоўцы: Найбліжэйшая да нас экзапланета падобная да Зямлі і мае ваду

Планетолагі сцвярджаюць, на Проксіме b можа існаваць жыццё.

Пра гэта гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Astronomy&Astrophysics, паведамляе РІА «Новости».

«Нашы мадэлі вельмі дакладна ўзнаўляюць уласцівасці планет, падобных да Проксімы b ды іншых планет, адкрытых за апошнія гады. Што цікава, нашы разлікі паказваюць, што планеты, якія абарачаюцца на невялікай адлегласці ад чырвоных карлікаў, зазвычай бываюць невялікімі. Іх радыюс складае ад паловы зямнога да 1,5 радыюсу Зямлі, і мабыць, яны прыкладна роўныя Зямлі памерамі. Назірання ў будучыні пакажуць, маем мы рацыю ці не», - распавядае Ян Алібэрт (Yann Alibert) з універсітэта Бэрна (Швайцарыя).

Алібэрт і ягоны калега Вільям Бэнц (William Benz) прыйшлі да такой высновы, вывучаючы патэнцыйныя ўласцівасці дзвюх кагадзе адкрытых невялікіх планет - TRAPPIST-1, аб адкрыцці якой навукоўцы распавялі ў траўні сёлета, і Проксімы b, афіцыйна «адкрытай» у мінулым жніўні.

Абедзве гэтыя планеты круцяцца вакол невялікіх чырвоных карлікаў і, як мяркуецца, валодаюць зямной масай і ўласцівасцямі, што навяло астраномаў на думку, што планеты ў такіх зорак, якія складаюць большасць «насельніцтва» Птушынага Шляху, сустракаюцца вельмі часта і што яны, мабыць, стануць першымі сусветамі, дзе чалавецтва ў будучыні знойдзе незямное жыццё.

Тое, што тэлескоп «Кеплер» не здолеў выявіць больш буйныя планеты ў чырвоных карлікаў за апошнія два гады дзейнасці, навяло Алібэрта і Бэнца на думку, што ў такіх зорак фармуюцца пераважна землепадобныя нябесныя целы, больш прыдатныя да жыцця, чым «гарачыя нэптуны» ды іншыя газавыя гіганты. Яны праверылі, ці так гэта, стварыўшы кампутарную мадэль планетарнага «радзільнага дома» ў тыповага чырвонага карліка.

Іхнія разлікі паказалі, што большасць планет, якія нараджаюцца ў невялікіх зорак, сапраўды будзе валодаць параўнальна невялікай масай і нагадваць сваімі ўласцівасцямі Зямлю ды іншыя камяністыя планеты. Больш за тое, што самае цікавае, мадэль Алібэрта і Бэнца паказвае, што амаль усе такія планеты маюць валодаць значнымі запасамі вады - прыкладна 90% іх масы будзе прыпадаць на «цвёрдыя» горныя пароды, а 10% - на акіяны.

Адпаведна, шанцы на тое, што і TRAPPIST-1, аддаленая ад нас толькі на 40 светлавых гадоў, і Проксіма b з'яўляюцца асобнымі "падвойнікамі" Зямлі, маюць быць вельмі высокімі. З іншага боку, як прызнаюць Бэнц і Алібэрт, вялікая колькасць вады на іх можа змяншаць шанцы на зараджэнне жыцця, бо празмерна высокая колькасць вадзяной пары ў атмасфэры можа дэстабілізаваць клімат і спараджаць наймацнейшы цяплічны эфэкт.

Тым не менш, планетолагі мяркуюць, што іх разлікі пацвярджаюць, што невялікія планеты ў чырвоных карлікаў з'яўляюцца самымі імавернымі кандыдатамі на ролю «другой Зямлі», на якой можа існаваць жыццё, у параўнанні з усімі астатнімі зоркамі і планетамі. Адпаведна, назіранні за імі варта працягнуць і значна павялічыць, робяць выснову аўтары артыкула.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках