16 красавiка 2024, aўторак, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Foreign Policy: Стратэгія Пуціна выйдзе яму бокам

10
Foreign Policy: Стратэгія Пуціна выйдзе яму бокам
Фота: AP

Галоўная праблема Крамля палягае ў тым, што Пуцін-апартуніст жыве сённяшнім днём.

«У расейскага прэзідэнта ёсць тактычная інтуіцыя, ён умее атрымаць выгаду з моманту, але ў стратэгічным плане вынікі амаль нязменна катастрафічныя», - піша ў артыкуле для Foreign Policy (пераклад - inopressa.ru) экспэрт Марк Галеоці, тлумачачы, што пераказвае словы аднаго расейца, «які раней працаваў у Крамлі», з якім ён гутарыў у сакавіку ў Маскве.

Расеец назваў гэтую рысу «парадоксам Пуціна». Галеоці заўважае: «Праз сем месяцаў сага аб расейскім умяшанні ў ход прэзідэнцкіх выбараў у ЗША стала ідэальным наглядным прыкладам «парадоксу Пуціна».

Выведслужбы ЗША абвінавацілі Расею ва ўзломе электроннай перапіскі выбарчага штаба Хілары Клінтан і кампутараў Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі. «Расейскія іншамоўныя дзяржаўныя СМІ, асабліва тэлекампанія RT і інфармагенцтва Sputnik, няўхільна праводзяць вузкапартыйную лінію супраць Клінтан і распаўсюджваюць запэўніванні ў фальсіфікацыях на выбарах і іншых махінацыях», - гаворыцца ў артыкуле. «Ёсць таксама асцярогі, пакуль не пацверджаныя довадамі, што расейскі бок можа ў дзень выбараў узламаць электронныя сістэмы для галасавання», - дадае аўтар.

На думку Галеоці, гэтыя намаганні прынеслі пэўныя поспехі, але за іх, магчыма, давядзецца вельмі дорага расплачвацца.

Галеоці мяркуе, што расейскае ўмяшанне ў выбары ў ЗША пераследавала дзве мэты. 1) Аслабіць Хілары Клінтан, каб, зрабіўшыся прэзідэнтам, тая не магла «выдаткоўваць энэргію на канфрантацыю з Пуціным і ягонае звяржэнне». 2) Падрываючы легітымнасць амерыканскай дэмакратыі, аслабіць легітымнасць ЗША за мяжой, пасеяць недавер у сяброў Амерыкі і падагрэць кампанію глабальнай прапаганды.

«Аднак, зусім як анэксія Крыму (якая пацягнула за сабой санкцыі і велізарныя страты для дзяржаўнай казны), авантура на Данбасе (якая вылілася ў новыя санкцыі і ўцягнула Расею ў дарагую неабвешчаную вайну) і ўмяшальніцтва ў Сірыі (дзе Пуцін спачатку вывеў войскі, а потым перадумаў і ў выніку трапіў у становішча яшчэ адной вайны нявызначанай працягласці), сённяшнія дасягненні Расеі, відавочна, ператворацца ў заўтрашні паралізуючы разгром», - мяркуе экспэрт. Паводле ягоных слоў, расейцы ўжо асцерагаюцца захадаў на адказ ЗША і наступстваў для расейска-амерыканскіх дачыненняў.

Хілары Клінтан - прагматычны палітык, прадаўжае аўтар. «Калі б Пуцін дачакаўся яе інаўгурацыі і прапанаваў нейкую дамоўленасць аб Сірыі, а магчыма, нават аб Украіне, імаверна, яна б яе як мінімум разгледзела. Але сваімі выхадкамі з выцекам і ачарненнем Пуцін, як уяўляецца, здолеў пераканаць Клінтан і яе асяроддзе ў тым, што Крэмль - відавочная і актуальная пагроза амерыканскай дэмакратыі і заходняму адзінству. Як сказаў мне адзін вашынгтонскі інсайдар, «цяпер трэба чакаць, што кашмары Пуціна» (магчыма, нават тайная падтрымка змены рэжыму ў Расеі, пра што даўно ходзяць чуткі, заўважае Галеоці) «увасобяцца ў рэальнасць, як толькі Хілары ўвойдзе ў Авальную залу», - піша аўтар.

На думку Галеоці, у Маскве ўсё больш усведамляюць, што некалькі месяцаў злараднасці не апраўдваюць негатыўных наступстваў. «Адзін высокапастаўлены чалавек з апарата парламента нядаўна выказаў у гутарцы са мной асцярогі, што «Расея ператвараецца ў новую ПАР», - паведамляе аўтар. Ён меў на ўвазе байкот рэжыму апартэіду.

«Нават супрацоўнікі спецслужбаў, якія ўсё гэта зрэжысавалі, адчуваюць сумненні», - мяркуе Галеоці. Так, аналітык, блізкі да расейскай выведвальнай супольнасці, шчыра занепакоены тым, што патэнцыял кібершпіянажу, «які мог быць сапраўдным скарбам, дарма растрачаны на электронныя лісты з суцэльнымі плёткамі», паведамляе аўтар.

На думку Галеоці, авантура вылілася Пуціну бокам таму, што на сусветнай арэне ён імправізатар.

Угледзеўшы слабыя месцы палітычнай сістэмы ЗША на выбарах, Пуцін скарыстаўся момантам. «Амерыканская дэмакратыя сапраўды пацярпела. Але Пуцін таксама прымудрыўся стварыць сітуацыю, у якой роля Расеі відавочная і патрабуюцца нейкія захады на адказ з боку ЗША», - гаворыцца ў артыкуле.

«Адна з праблем Крамля палягае ў тым, што Пуцін-апартуніст жыве сённяшнім днём. Ён засяроджаны на тым, чаго можа дамагчыся заўтра, але не заўсёды задумваецца пра наступствы, якія чакаюць яго паслязаўтра. Ён таксама занадта ўпэўнены ў тым, што захавае кантроль над сваёй задумай», - піша экспэрт.

Аднак «запэўніванні Пуціна, што ягныя рукі чыстыя, выглядаюць усё больш недарэчна, хаос пачынае жыць уласным жыццём і нават пагражаць свайму стваральніку».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках